АЛЕРГЕ́НЫ,

рэчывы, здольныя выклікаць алергію. Да іх адносяцца бялковыя і небялковыя (поліцукрыды) злучэнні, неарган. рэчывы, у т. л. асобныя элементы (бром, ёд і інш.). Небялковыя рэчывы становяцца алергенамі толькі пасля злучэння з бялкамі тканак арганізма Адрозніваюць эндаалергены (утвараюцца ў арганізме) і экзаалергены інфекц. і неінфекц. паходжання. Сярод алергенаў інфекц. паходжання вылучаюць бактэрыяльныя, вірусныя і грыбковыя. Да неінфекц. адносяцца бытавыя (бытавы, бібліятэчны пыл і інш.), эпідэрмальныя (воўна, пер’е птушак, валасы, перхаць), інсектныя (яд, сліна кусачых, пыл з часцінак насякомых), лекавыя, пылковыя (раслінны пылок), прамысл.-хім. (бензол, шкіпінар, фарбавальнікі і інш.), харч. рэчывы. Алерген выклікае імуналагічна апасродкаваную адчувальнасць арганізма да яго (сенсібілізацыю). Ад першай дозы ў арганізме ўтвараюцца антыцелы, здольныя ўзаемадзейнічаць толькі з пэўным алергенам. Паўторна трапляючы ў арганізм, алерген злучаецца з раней утворанымі антыцеламі і выклікае алергічную рэакцыю.

А.Ф.Сарока.

т. 1, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕРГІ́Я

(ад ала... + грэч. ergon дзеянне),

імунная рэакцыя арганізма да паўторнага ўздзеяння алергенаў з пашкоджаннем уласнай тканкі. Клінічныя праяўленні алергічных рэакцый бываюць неадкладныя і запаволеныя. Рэакцыі неадкладнага тыпу (скурныя і сістэмныя) узнікаюць праз 15—20 мін пасля ўздзеяння спецыфічнага А. пры анафілактычным шоку, крапіўніцы, сываратачнай хваробе, бранхіяльнай астме, сеннай ліхаманцы, ацёку Квінке. Рэакцыі запаволенага тыпу развіваюцца гадзінамі, іншы раз суткамі пры лекавым дэрматыце, вакцынацыях, інфекцыях (туберкулёз, дыфтэрыя і інш.). Адрозніваюць 3 стадыі развіцця алергіі: імуналагічную (алерген — цела), патахім. (вызваленне біял. актыўных рэчываў — медыятараў), патафізіял. (патагеннае ўздзеянне медыятараў на клеткі, органы і тканкі). Значная роля пры гэтым належыць спадчыннасці, стану эндакрыннай і нерв. сістэм. Адсутнасць алергічнай рэакцыі на паўторна ўведзены алерген наз. энергіяй.

Літ.:

Адо В. Аллергия. М., 1984;

Аллергия: сто вопросов и ответов. М., 1988.

М.Ф.Сарока.

т. 1, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)