АЛА́Х
(ад араб. ілах бажаство),
адзіны бог у ісламе. Паводле мусульманскага веравучэння Алах — творца ўсяго існага: неба, зямлі і чалавека, усемагутны валадар свету, гаспадар суднага дня; чалавек павінен яму пакарацца. Алаху прыпісваюць найлепшыя якасці, якія выказаны ў 99 эпітэтах (міласцівы, міласэрны, вялікі, мудры і інш.).
т. 1, с. 228
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАХАІ́ЗМ,
бехаізм, рэлігійна-палітычнае вучэнне. Узнікла ў сярэдзіне 19 ст. ў Іраку як форма бурж. рэфармацыі ісламу. Яго заснавальнік Мірза Хусейн Алі (1817—92) называў сябе Баха Алах і атаясамліваўся з богам, намагаўся стварыць універсальную рэліг. сістэму. У канцы 19 — пач. 20 ст. бахаізм распаўсюдзіўся па ўсім свеце, у тым ліку ў Расіі. Існуе больш як у 160 краінах, на Беларусі зарэгістраваны ў 1992. Сучасныя бахаісты прапаведуюць ідэі касмапалітызму, грамадскай дыферэнцыяцыі, эканам. прагматызму. Цэнтр. кіруючы орган бахаізму — «Сусветны дом справядлівасці» знаходзіцца ў Хайфе (Ізраіль).
І.В.Базіленка, А.В.Гурко.
т. 2, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛДА́Н,
рака ў Рэспубліцы Саха (Якуція), правы прыток Лены. Даўж. 2273 км, пл. бас. 729 тыс. км². Пачынаецца на паўн. схіле Станавога хрыбта, цячэ па Алданскім нагор’і, уздоўж паўд. падножжа Верхаянскага хрыбта, упадае за 160 км ніжэй Якуцка. Даліна ў межах Алданскага нагор’я складаецца з шырокіх і вузкіх каньёнападобных участкаў з перакатамі і шыверамі; у сярэднім цячэнні шырокая, з тэрасаванымі схіламі. Асн. прытокі: Тымптон, Учур, Мая, Алах-Юнь (справа), Амга (злева). Разводдзе з мая да ліп., у жн.—вер. паводкі. Ледастаў з кастр. да мая. Сярэдні гадавы расход вады ў ніжнім цячэнні 5150 м³/с. У бас. Алдана больш за 51 тыс. азёр. Рыбалоўства (асетр, сцерлядзь, харыус). Суднаходны на 1753 км ад вусця. Гал. прыстані: Тамот, Усць-Мая, Хандыга. У бас. Алдана радовішчы жал. руды, каменнага вугалю, золата, слюды-флагапіту.
т. 1, с. 235
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)