АКТА́НАВЫ ЛІК,
умоўная колькасная характарыстыка ўстойлівасці да дэтанацыі маторнага паліва для карбюратарных рухавікоў. Актанавы лік роўны колькасці (аб’ёмных %) ізаактану (актанавы лік прыняты за 100) у яго сумесі з н-гептанам (актанавы лік прыняты за 0). Для кожнага паліва падбіраецца эталонны эквівалент гэтай сумесі. Актанавы лік бензінаў можна павысіць на 4—15 адзінак дабаўкай да 0,1% прысадак, напр. тэтраэтылсвінцу. Звычайна бензіны маюць актанавы лік 76—98.
т. 1, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Актанавы лік 3/286, 431; 5/50; 8/52; 10/404
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АКТА́Н,
насычаны вуглевадарод нармальнай будовы, CH3(-CH2)6-CH3. Бясколерная вадкасць, мае спецыфічны пах, tкіп 125,6 °C, шчыльн. 0,702∙10 кг/м³, не раствараецца ў вадзе, раствараецца ў спіртах, ацэтоне, эфіры. Актанавы лік 17—19. У пэўных умовах ператвараецца ў араматычныя вуглевадароды (о-ксілол, этылбензол і інш.), што выкарыстоўваюцца ў працэсах каталітычнага рыформінгу.
Атрымліваюць рэктыфікацыяй бензінавых фракцый нафты і сінт. бензінаў. Мае 17 ізамераў, 2 з іх (трыметылпентан і тэтраметылбутан) з высокім актанавым лікам (97—105) — кампаненты маторнага паліва.
т. 1, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕПТА́Н,
насычаны вуглевадарод, C7H16. Гептан нармальнай будовы (н-гептан) і яго 8 ізамераў — бясколерныя вадкасці, добра раствараюцца ў спірце, эфіры, хлараформе, не раствараюцца ў вадзе. н-гептан. CH3—(CH2)5—CH3 вадкасць са слабым пахам бензіну, tкіп 98,4 °C, шчыльн. 683,8 кг/м³. Сумесь з паветрам (1,1—6% гептана) выбухованебяспечная. Атрымліваюць з бензінавых фракцый нафты адсорбцыяй на цэалітах. Пры каталітычным рыформінгу дэгідрацыклізуецца ў талуол і ізамерызуецца ў ізагептаны — высокаактанавыя кампаненты маторнага паліва (напр., трыптан — 2,2,3-трыметыленбутан мае актанавы лік 130). Выкарыстоўваюць як растваральнік і эталон пры вызначэнні актанавага ліку.
т. 5, с. 165
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)