АЛЬФ’Е́РЫ ((Alfieri) Віторыо) (16.1.1749, г. Асты, Італія — 8.10.1803),

італьянскі драматург і паэт; стваральнік нац. трагедыі класіцызму. Скончыў Турынскую ваен. акадэмію (1766). Аўтар трагедый: «любоўных» («Антоній і Клеапатра», 1774—75; «Піліп», 1776; «Актавія», 1779, і інш.), «свабоды» («Віргінія», 1777; «Змова Пацы», 1777—81; «Брут I», «Брут II», абедзве 1786, і інш.), «пра барацьбу за трон» («Дон Гарсія», 1774—78; «Марыя Сцюарт», 1777—86, і інш.), «сямейных пачуццяў» («Антыгона», 1775—76; «Альцэста», 1797, і інш.), «унутранай барацьбы» («Саул», 1782); «Міра», 1784); камедый у вершах (1800—03): «Адзіны», «Нямногія», «Проціяддзе», «Развод» і інш.; эпіграм, сатыр, празаічных памфлетаў (зб. «Ненавіснік Галаў», 1799); трактатаў «Пра тыранію», «Пра ўладара і літаратуру» (абодва 1789); аўтабіяграфіі «Жыццё Віторыо Альф’еры з Асты, расказанае ім самім» (1806). Яму належаць каля 200 санетаў і пераклады з антычных класікаў.

В.Альф’еры.

т. 1, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕРВА́ЛЬ (Nerval; сапр. Лабруні; Labrunie) Жэрар дэ

(22.5.1808, Парыж — 26.1.1855),

французскі пісьменнік; прадстаўнік рамантызму. Аўтар лірычнага цыкла «Маленькія оды» (1830—35), адметнага рамант. тэматыкай, вытанчанасцю мовы. Для зб. навел «Дочкі агню» (1854), у які ўключаны і цыкл санетаў «Хімеры», характэрна сімвалічная шматзначнасць вобразаў. У лепшых яго навелах «Актавія» (1842), «Ізіда» (1845), «Сільвія» (1853), «Аўрэлія, ці Мара і жыццё» (1855) спалучэнне матываў ант. і ўсх. міфаў, сярэдневяковых легенд, фрагментаў сапр. падзей, а таксама акультных сімвалаў, містыкі. Аўтар п’ес (з А.​Дзюма), у т. л. «Лео Бюркар» (1839), кн. «Падарожжа на Усход» (1851), кн. нарысаў «Празорцы» (1852), артыкулаў пра тэатр і паэзію. Пераклаў асобныя творы І.​В.​Гётэ, Г.​Гейнэ, Г.​А.​Бюргера. На бел. мову паасобныя яго вершы пераклаў А.​Хадановіч.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное: Стихи. О театре и литературе. Театральная хроника. М., 1984;

Дочери огня: Новеллы. Стихотворения. Л., 1985;

Путешествие на Восток. М., 1986;

История о царице Утра и Сулаймане, повелителе духов. М., 1996.

С.​Дз.​Малюковіч.

т. 11, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАРЛ́АЦІ (Scarlatti),

сям’я італьян. кампазітараў; бацька і сын.

Алесандра (2.5.1660, г. Палерма, Італія — 22.10.1725), кампазітар, пачынальнік і буйны прадстаўнік неапалітанскай опернай школы. Вучыўся ў свайго бацькі і ў М.-А.​Спартоніо, А.​В.​Амата. У 1672—1722 капельмайстар у т-рах Рыма, каралеўскай капэле (1684—1702), у кансерваторыі Неапаля (1708—17 і выкладаў у ёй). У яго творчасці рэалізаваны гал. тэндэнцыі італьян. муз. барока і опернага мастацтва 17—18 ст. Аўтар опер-серыя (больш як 125, каля 80 страчана), у т. л. «Нявінная памылка» (паст. 1679), «Дзівацтвы кахання, ці Разаўра» (паст. 1690), «Карынфскі пастух» (паст. 1701), «Вялікі Тамерлан», «Мітрыдат Еўпатар» (абедзве паст. 1706), «Трыумф свабоды» (паст. 1707), «Сцыпіён у Іспаніі» (паст. 1714), «Тыгран» (паст. 1715), «Тэлемак» (паст. 1718); камедыі «Трыумф гонару» (паст. 1718); каля 660 кантат, 20 араторый, 20 серэнад, каля 200 мес для 4—10 галасоў, псалмаў, камерна-інстр. музыкі і інш. Оперныя уверцюры С. падрыхтавалі паяўленне жанру сімфоніі. Сярод вучняў Ф.​Гелініяні, Ф.​Дурантэ. Джузепе Даменіка (25.10.1685, г. Неапаль, Італія — 23.7.1757), кампазітар, арганіст, клавесініст-віртуоз. Сын Алесандра. Вучыўся ў свайго бацькі, у Ф.​Гаспарыні і Б.​Паскуіні. Працаваў у Лісабоне і Мадрыдзе як арганіст, капельмайстар, кампазітар капэл: з 1701 каралеўскай у Неапалі, з 1705 у Венецыі, 1708 у Рыме, у т. л. з 1713 у папскай. З 1720 прыдворны музыкант партуг. караля ў Лісабоне. З 1729 на службе ў іспанскай каралевы. Гал. месца ў яго творчасці належыць клавірным творам. У яго санатах для клавесіна («экзерсісы») фарміравалася санатнае алегра. Для твораў характэрны апора на танц. жанры, «барочнае» наватарства ў выяўленні магчымасцей клавесіна і ва ўвядзенні тэхн. навін у ігры на ім, якія развіліся ў фп. музыцы кампазітараў-рамантыкаў 19 ст. Сярод твораў: 20 опер, у т. л. «Актавія» (паст. 1703), «Іфігенія ў Аўлідзе» (паст. 1713), 20 кантат, 6 араторый, серэнады, 12 канцэртаў для скр., альта і віяланчэлі, духоўная музыка, 555 твораў для клавіра і інш.

Літ.:

Алексеев А.Д. История фортепианного искусства. Ч. 1. М., 1962;

Окраинец И.А. Доменико Скарлатти: Через инструментализм к стилю. М., 1994;

Луцкер П В., Сусидко И.П. Итальянская опера XVIII в. Ч. 1. М., 1998.

Н.​В.​Сазановіч.

т. 14, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)