горы на Пд Індыі, у складзе Зах. Гатаў. Даўж. каля 200 км. Выш. да 2019 м (г. Катаймалай). Рэзка акрэслены грэбень, стромкія схілы, глыбокія цясніны. Складзены пераважна з гнейсаў, крышт. сланцаў, чарнакітаў. Вільготныя трапічныя лясы. Чайныя і каўчукавыя плантацыі. Рэзерват Перыяр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІРЫ́ЛА Сцёпка, бел. пісьменнік пач. 20 ст. У 1915 у газ. «Наша ніва» апублікаваў апавяданні «Пятрусь» і «Стражнік» (апошняе выд. асобна, Вільня, 1915), у якіх паказаў характэрныя з’явы бел. вясковага побыту. Апавяданні напісаны жывой нар. моваю, персанажы выразна акрэслены (браты Амільян і Міхалка з-за маёмасных адносін становяцца ворагамі).
Тв.:
У кн.: Беларуская дакастрычніцкая проза. Мн., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЦЭ́ЛЕ (ад гідра... + грэч. kēlē пухліна),
збіранне серознай вадкасці ў абалонках яечка з прычыны цяжкага адтоку яе па лімфатычных вузлах. Бывае прыроджаным (пры парушэннях эмбрыягенезу) і набытым (пры траўмах, запаленчых працэсах, пухлінах яечка і яго прыдатка, сардэчнай дэкампенсацыі). Пры вострым гідрацэле — раптоўны боль, прыпухласць, пачырваненне скуры; хранічнае гідрацэле развіваецца павольна, гадамі. Машонка пры гідрацэле грушападобнай формы, межы вадзянкі акрэслены пахвінным каналам, скура расцягнутая, без складак, бліскучая, яечка можа не вызначацца. Лячэнне: пры вострым гідрацэле — устараненне асн. захворвання, пры хранічным — хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДАНЕЗІ́ЙСКАЯ МО́ВА,
адна з аўстранезійскіх моў (малайска-палінезійская галіна). З 1945 афіц. мова Інданезіі. Дыялектаў не мае. І.м. — працяг і развіццё ў Інданезіі малайскай мовы, фаналагічны і грамат. строй якой, а таксама лексіка складаюць яе аснову.
У фанет. складзе 6 галосных, 4 дыфтонгі і 18 зычных, што ўтвараюць апазіцыю па глухасці — звонкасці. Большасць карэнных марфем двухсастаўныя. У лексіцы шмат запазычанняў з яванскай, суданскай, нідэрландскай, англ., араб. моў. Грамат. і лексічныя формы склаліся да канца 1960-х г., арфаэпічныя — выразна не акрэслены. Пісьменства з пач. 20 ст. на аснове лац. алфавіта.
Літ.:
Грамматика индонезийского языка. М., 1972;
Кондрашкина Е.А. Индонезия: Языковая ситуация и языковая политика. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАМЕРА́ТА»,
вакальная група Бел. філармоніі. Створана ў 1986. Кіраўнікі А.Шыкуноў (з 1986), І.Мельнікаў (з 1995). У складзе групы (1998): В.Вараб’ёва, Т.Дробышава, Ю.Караткевіч, Г.Гардынец, А.Доўнар, А.Бурдзялёў. Першапачаткова рэпертуар уключаў харавыя акапэльныя творы 14—20 ст., з 1988 — джазавыя стандарты. У 1989 канцэртнай праграмай «Музыка падсвядомасці» акрэсленыасн. кірунак групы: уласныя кампазіцыі (у т. л. В.Вараб’ёвай), якія спалучаюць спевы а капэла з тэхнікай мікрафонных спеваў і адначасовай апрацоўкай галасоў электронікай. Творчая вяршыня калектыву — пастаноўка містэрыі «Бог сярод нас» Шыкунова (1995). З 1996 «К.» супрацоўнічае з Дзярж. канцэртным аркестрам Беларусі пад кіраўніцтвам М.Фінберга, выконвае апрацоўкі эстр. песень. У рэпертуары некалькі разнапланавых праграм: ад старадаўняй духоўнай музыкі да авангарда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЯШО́Ў (Леў Уладзіміравіч) (13.1.1899, г. Тамбоў, Расія — 29.3.1970),
расійскі кінарэжысёр, тэарэтык кіно, педагог; адзін з пачынальнікаў рас. кінамастацтва. Нар.арт. Расіі (1969). Д-р мастацтвазнаўства (1946). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства. З 1939 праф. Усесаюзнага дзярж. ін-та кінематаграфіі. У кіно пачынаў як мастак (1916). Рэжысёрскі дэбют — фільм «Праект інжынера Прайта» (1918). Стварыў тэорыю мантажу («эфект К.»). Фармальныя і жанравыя пошукі ў фільмах «Незвычайныя прыгоды містэра Веста ў краіне бальшавікоў» (1924), «Прамень смерці» (1925), «Гарызонт», «Вялікі суцяшальнік» (абодва 1933) і інш. Стужкам К. ўласцівы напружанасць сюжэтаў, востра акрэслены малюнак роляў, высокая выяўл. культура. Аўтар кніг «Мастацтва кіно» (1929), «Асновы кінарэжысуры» (1941) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПУЛЕ́ЦЫЯ (ад лац. populus народ, насельніцтва),
сукупнасць жывых арганізмаў аднаго віду, якія маюць агульны генафонд, свабодна скрыжоўваюцца ці патэнцыяльна здольны скрыжоўвацца паміж сабой (панміксія), займаюць агульную тэр. і маюць пэўныя прасторава-часавыя ўзаемаадносіны. Тэрмін «П.» ўвёў В.Іагансен (1903).
Мае складаную структуру, якая падтрымліваецца механізмамі самарэгуляцыі і характарызуецца колькасцю асобін, шчыльнасцю засялення, характарам прасторавага размеркавання, палавым, узроставым і генет. складам. Унутры П. вылучаюць больш дробныя групы (сем’і, дэмы, парцэлы, мікрапапуляцыі і інш.). П. розных відаў, якія пражываюць у адным месцы, ствараюць біяцэноз. У прыродзе налічваецца шмат тыпаў П. (напр., насельніцтва Беларусі можна разглядаць як П. людзей; статак зуброў у Белавежскай пушчы — прыродная П. і інш.). Аддзяляецца ад суседніх П. рознымі формамі ізаляцыі, аднак межы паміж імі дакладна не акрэслены. П. разглядаецца як элементарная адзінка эвалюц. працэсу, здольная рэагаваць на змену асяроддзя перабудовай генет. структуры, з’яўляецца формай існавання віду, якая забяспечвае яго эвалюц. ўстойлівасць у сувязі з генет. разнастайнасцю асобных П. Вывучэнне П. мае важнае значэнне для распрацоўкі навук. асноў рацыянальнага выкарыстання і захавання біял. рэсурсаў. Гл. таксама Папуляцыйная генетыка, Экалогія папуляцыйная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫВІЛЕ́Й 1492, Аляксандраў прывілей,
агульнадзяржаўны заканадаўчы акт ВКЛ, выдадзены вял.кн.Аляксандрам у Вільні 6.8.1492 пасля абрання яго на велікакняжацкі пасад. Меў характар феад. канстытуцыі ВКЛ, якая замацоўвала асновы дзярж. і грамадскага ладу, пануючае становішча баяр і іх вярхоў — паноў. Складаецца з 33 артыкулаў. П. пацвердзіў з частковымі зменамі ўсе прывілеі баярству, выдадзеныя папярэднімі вял. князямі. Важнай уступкай буйным феадалам было юрыд. афармленне вял. паўнамоцтваў Рады Вялікага княства Літоўскага, куды ўваходзілі вышэйшыя саноўнікі дзяржавы і радавітая знаць, сваякі вял. князя. П. устанавіў, што вял. князь не мае права адмяняць або змяняць законы, пастановы і судовыя рашэнні, прынятыя разам з Радай. Яе пастановы, прынятыя большасцю галасоў, павінны былі выконвацца вял. князем. Рада дзейнічала пад кіраўніцтвам вял. князя, а ў выпадку яго адсутнасці самастойна вырашала пытанні агульнадзярж. значэння. Прывілей вызначыў асновы адм., цывільнага і крымінальнага права. Службовым асобам было забаронена вымагаць у падначаленых падачкі звыш устаноўленых плацяжоў. Былі акрэслены прынцыпы прызначэння і пазбаўлення дзярж. пасад. П. пацвердзіў абавязковы характар мясц. прававых звычаяў. Дзярж. пасады і зямельныя ўладанні мелі права атрымліваць толькі ўраджэнцы ВКЛ (польскай шляхце гэта забаранялася). У П. абвяшчалася неабходнасць вынясення справядлівых судовых рашэнняў, забараняліся хабары і судзейская неаб’ектыўнасць, устанаўліваліся пэўныя тэрміны разгляду спраў. Напісаны на лац. мове.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТАМІНА́ЦЫЯ (лац. contaminatio сутыкненне, змяшэнне),
1) у мовазнаўстве — аб’яднанне ў моўным патоку элементаў дзвюх моўных адзінак на аснове іх структурнага падабенства або тоеснасці, функцыян. або семантычнай блізкасці. У выніку адбываецца «абмен» кампанентамі такіх адзінак (напр., слова «сёлета» ўтварылася пры ўзаемадзеянні слоў «сяго» і «лета»). Кампаненты ў новым слове іншы раз акрэслены вельмі выразна, іншы раз зменены непазнавальна, зберагаючы толькі адзін гук.
2) У фальклоры — спалучэнне ў адным творы сюжэтаў 2 і больш твораў, варыянты якіх існуюць у вуснай перадачы і самастойна. Часцей трапляецца ў казках і баладах. У большасці выпадкаў К. — вынік творчага працэсу, калі 2 ці больш сюжэтаў складаюць адно непаўторнае маст. цэлае.
Ёсць пастаянныя К., якія сталі традыцыйнымі. У казачным эпасе ўсх. славян да іх адносяцца К. сюжэтных твораў АТ 1 «Ліса крадзе рыбу з воза» + АТ 2 «Воўк каля палонкі» + АТ 3 «Ліса абмазвае галаву цестам». Балады часцей кантамінуюцца з лірычнымі песнямі. Напр., уступам для многіх бел. і ўкр. варыянтаў балады «Дачка-птушка» з’яўляецца лірычная песня «Чаму ж не прыйшоў» і інш.
Літ.:
Ведерникова Н.М. Контаминация как творческий прием в волшебной сказке // Русский фольклор. Л., 1972. Т. 13;
Бараг Л.Р. Сюжэты і матывы беларускіх народных казак. Мн.. 1978;
Матвеева Р.П. Контаминация как творческий процесс в сибирском сказительстве (на материале волшебных сказок) // Русский фольклор Сибири: Элементы архитектоники. Новосибирск, 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́Т,
1) адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ. Тэрмін «П.» ужываецца на Беларусі з 15 ст., напачатку як сінонім стараж.-рус. тэрміна воласць; з 1-й пал. 16 ст. пад. П. звычайна разумелі буйную воласць, цэнтрам якой быў горад або замак, што належаў дзяржаве, у т. л. скасаванае ўдзельнае княства. Часам пад П. разумелі толькі тэрыторыю, падкантрольную намесніку; у гэтым сэнсе П. быў сінонімам намесніцтва. Афіцыйна статус П. акрэслены ў выніку адм.-тэр. рэформы 1565—66 (гл.Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел). П. ўваходзілі ў склад ваяводстваў. Усе намесніцтвы і воласці, якія не атрымалі статус П., увайшлі ў іх склад як звычайныя маёнткі. З таго часу ўсе землеўладальнікі на тэр. П. падлягалі юрысдыкцыі пав. органаў улады. Структура пав. кіравання замацавана Статутамі ВКЛ 1566 і 1588. Зрэдку тэрмін «П.» ўжываўся для вызначэння гіст. воласці з цэнтрам у горадзе, які неабавязкова меў пав. ўстановы (у такім сэнсе ў крыніцах сустракаюцца назвы «Магілёўскі павет», «Крычаўскі павет» і інш.).
2) Адм.-тэр. адзінка Расійскай імперыі як эквівалент рус. тэрміна «уезд». Пасля далучэння да Расіі П. ўваходзілі ў склад губерняў. Пасля рэформы 1861 падзяляліся на воласці. Падзел на П. ў БССР скасаваны 20.6.1924.
3) Адм.-тэр. адзінка ў Зах. Беларусі ў 1919—39. Пасля заняцця часткі тэр. Беларусі ў 1919 польск. ўлады захавалі падзел на П., якія былі ўключаны ў склад акруг. П. падзяляліся на гміны. На працягу 1919—20 утвораны шэраг новых П., 4.2.1921 яны ўвайшлі ў склад новаўтвораных Навагрудскага і Палескага ваяв. Пазней межы і колькасць П. у Польшчы мянялася. Падзел на П. ў Зах. Беларусі скасаваны 15.1.1940.