ПАЛІТУ́РА (ням. Politur ад лац. politura паліроўка, аздоба),
спіртавы раствор прыроднай смалы (звычайна шэлаку). Выкарыстоўваюць для канчатковай апрацоўкі вырабаў з дрэва; утварае празрыстае пакрыццё з люстраным бляскам. Гл. таксама Лакафарбавыя пакрыцці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ ЗА́ЛА СЕ́ЙМАЎ.
Існавала ў Гродне ў 18—19 ст. Пабудавана ў 1726 у двары Гродзенскага Новага замка, злучалася з ім 2-павярховымі П-падобнымі ў плане драўлянымі карпусамі, якія абкружалі вял. двор. Пабудова ўключала вял. базілікальную залу, уваходны вестыбюль з лесвіцай і памяшканне для кур’ераў. У глыбіні залы на ўзвышэнні знаходзілася крэсла караля. Унутраная аздоба залы характэрная для архітэктуры стылю ракако — сцены чляніліся высокімі пілястрамі, філёнгамі, былі ўпрыгожаны размалёўкай і скульптурнымі рэльефамі ў мудрагеліста выгнутых рамах, вокны аформлены ліштвамі складанай формы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСВІ́РСКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР КАРМЕЛІ́ТАЎ,
помнік архітэктуры пач. 18 ст. Пабудаваны ў 1713—14 у в. Засвір (Мядзельскі р-н Мінскай вобл.) у стылі барока. Касцёл — мураваны 1-нефавы храм з 2-вежавым гал. фасадам і паўкруглай алтарнай апсідай, накрыты высокім 2-схільным дахам. Дэкар.аздоба сканцэнтравана на гал. фасадзе: плоскія прамавугольныя і паўцыркульныя нішы, трохвугольны атыкавы франтон і фігурныя завяршэнні вежаў. З Пн да касцёла прылягае мураваны П-падобны ў плане 1-павярховы будынак кляштара, які ўтварае замкнёны ўнутраны двор. У баку ад касцёла стаіць невял. мураваная брама і вежа-званіца. У 1865—1920 касцёл быў перабудаваны пад царкву. У 1994 касцёл і частка кляштара адноўлены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБКЛА́Д,
дэкаратыўная аздобаабраза ці кніжнага пераплёту. Найчасцей абклад рабілі з пазалочанай медзі або серабра, арнаментавалі чаканкай, філігранню, чарненнем, эмалямі, упрыгожвалі каштоўнымі камянямі. Існавалі абклады таксама з дрэва, маст. тканін, якія закрывалі адзенне, галаўныя ўборы (такія абклады наз. «шата»), радзей — фон на абразах. Узнікненне кніжных абкладаў са слановай косці адносяць да 7—8 ст., металічных — да 9—10 ст. На Беларусі вядомы сярэбраны абклад Лаўрышаўскага евангелля (14 ст.). Найб. пашырэнне тут атрымаў у 17—19 ст. У 17 ст. найчасцей абкладамі аздаблялі шанаваныя ці цудатворныя абразы (Брэст, Гродна, Мінск, Жыровічы, Лагішын і інш.). Значнымі маст. цэнтрамі, дзе ствараліся абклады, былі Вільня, Магілёў, Мінск, Пінск, Слуцк і інш. Іх рабілі бел. майстры Максім Сямёнаў (Куцень), Фёдар Мікулаеў і інш., якія працавалі ў Залатой і Сярэбранай палатах Маскоўскага Крамля (гл. ў арт.Аружэйная палата). Найб. вядомыя сярэбраныя пазалочаныя абклады да абразоў: «Маці Божая Бялыніцкая» (Нясвіжскі р-н, 18 ст.), «Маці Божая з езуіцкімі святымі» (Ляхавіцкі р-н, 18 ст.), «Маці Божая Адзігітрыя Смаленская» (Міёрскі р-н, 1774), медныя пасярэбраныя да абразоў «Пакланенне вешчуноў» (Браслаўскі р-н, 18 ст.), «Маці Божая Апека» (Пінскі р-н, 18 ст.), «Маці Божая Замілаванне» (Пінскі р-н, 1803), разны драўляны да абраза «Маці Божая Адзігітрыя» (Драгічынскі р-н, 2-я пал. 17 ст.) і інш.
Літ.:
Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стагоддзяў / Скл. Н.Ф.Высоцкая. Мн., 1984. А.А.Ярашэвіч.
Абклад абраза Антонія Падуанскага. Астравецкі раён Гродзенскай вобласці. 18 ст.Абклад Евангелля з г.Ляхавічы. 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ КЛЯ́ШТАР ФРАНЦЫСКА́НЦАЎ,
помнік архітэктуры барока. Пабудаваны ў 1635 у Гродне на левым беразе Нёмана па фундацыі Сузанны і Яўстахі Курч. Асіметрычная кампазіцыя комплексу вызначана складаным рэльефам мясцовасці. Уключае касцёл, вежу-званіцу, кляштарны корпус, браму з агароджай. Мураваныя касцёл і 2-павярховы кляштарны корпус утвараюць замкнёны ўнутр. двор. Касцёл — 3-нефавая базіліка, цэнтр. неф і апсіда якой вырашаны адзіным аб’ёмам і накрыты агульным 2-схільным чарапічным дахам, больш нізкія бакавыя нефы — аднасхільнымі. Пасля пажару ў 18 ст. касцёл адноўлены, яго дэкар.аздоба значна зменена. Інтэр’ер вызначаецца багаццем арх. пластыкі і маст.-дэкар. аздаблення (разьба па дрэве, лепка, скульптура). Двух’ярусны гал. алтар у стылі барока ўпрыгожаны скульптурай і накладной разьбой. Амбон у стылі ракако дэкарыраваны гарэльефнымі выявамі 4 евангелістаў. З паўн. боку да гал. фасада прылягае 3-ярусная вежа-званіца з самаст. уваходам. Першы ярус, які прымыкае да сцяны бакавога нефа касцёла, захаваў агульную з 1-м ярусам гал. фасада пластыку 17 ст., 2-і і 3-і ярусы, перабудаваныя ў 18 ст., вырашаны ў насычанай рэльефнай пластыцы сталага барока. Званіцу ўвенчвае высокі фігурны шлем. П-падобны няправільны ў плане кляштарны корпус прыбудаваны да касцёла з паўд. боку. У паўд.-зах. вугле корпуса знаходзіцца вялікі ў выглядзе рызаліту аб’ём, дзе былі трапезная і б-ка. У паўн.-зах. частцы захаваліся фрагменты агароджы і барочная брама.
У.А.Чантурыя, С.Г.Багласаў, Г.М.Ярмоленка.
Касцёл Гродзенскага кляштара францысканцаў.Гродзенскі кляштар францысканцаў. Інтэр’ер касцёла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБМУНДЗІРАВА́ННЕ ВАЙСКО́ВАЕ,
форменнае адзенне ваеннаслужачага, адметнае колерам, канструкцыяй (кроем), знакамі адрознення і інш.
Элементы абмундзіравання вайсковага вядомыя са стараж. часоў (Егіпет, Асірыя, Персія, Грэцыя), больш выразнымі сталі ў арміі Стараж. Рыма. Упершыню аднолькавае абмундзіраванне вайсковае па відах і родах войскаў уведзена ў Францыі ў 17 ст. На Беларусі абмундзіраванне вайсковае пачало набываць адметнасць з часоў сярэднявечча і пазней. Напр., у 2-й пал. 18 ст. шараговы першай гвардыі ВКЛ насіў чырв. мундзір з сінімі вылогамі (адваротамі) і суконнымі пагонамі. Бікорн (галаўны ўбор) упрыгожваў пампон жоўтага колеру. На штанах сіняга колеру — адмысловая аздоба, характэрная толькі для палка пешай гвардыі. Бамбардзір (камандзір гарматнага разліку) у корпусе артылерыі ВКЛ, напр., меў мундзір з чорным каўняром, адваротамі і манжэтамі, зялёныя суконныя штаны з чорнымі лампасамі, на касцы змяшчалася латунная эмблема ў выглядзе палаючай гранаты, выява якой была таксама на торбе для нашэння набояў (боезапасаў). Шараговы коннай гвардыі ВКЛ меў чырв. мундзір без лацканаў і белыя ласіны (штаны са скуры лася, якія шчыльна аблягалі ногі) з батфортамі, насіў парык. Верхні край бікорна быў абшыты галуном. Абмундзіраванне вайсковае з цягам часу мянялася.
Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь нац. форма абмундзіравання вайсковага распрацавана і зацверджана ў 1993. У яго ўваходзяць: верхняе адзенне (паліто і куртка зімовыя, плашч-паліто, кіцель, куртка, штаны, кашуля і інш.), галаўныя ўборы (шапка-вушанка, фуражка, пілотка), бялізна, абутак, амуніцыя. Парадак выкарыстання абмундзіравання вайсковага вызначаецца правіламі нашэння вайск. формы адзення, якая падзяляецца на парадную, парадна-выхадную, паўсядзённую, палявую і рабочую, а кожная з іх — на летнюю і зімовую. Права нашэння абмундзіравання вайсковага маюць ваеннаслужачыя ўзбр. сіл, ваен.-навуч. устаноў, а таксама тыя катэгорыі ваеннаслужачых, за якімі пасля звальнення ў запас ці адстаўку захавана такое права.
У.П.Рудэнка, В.А.Юшкевіч.
Да арт.Абмундзіраванне вайсковае. I. Адзенне воінаў 11—14 ст.: 1—2 — воіны Старажытнай Русі (11—12 ст.); 3 — літоўскі воін 14 ст.; 4—7 — военачальнікі Вялікага княства Літоўскага. II. Ваяводскія і павятовыя мундзіры беларускай шляхты (1780): 1 — Смаленскае ваяв.; 2 — Гарадзенскі пав.; 3 — Ашмянскі пав.; 4 — Віленскае ваяв.; 5 — Наваградскае ваяв.; 6 — Аршанскі пав.; 7 — Полацкае ваяв.; 8 — Берасцейскае ваяв. III. Адзенне войска Вялікага княства Літоўскага (1776—94): 1 — генерал-маёр; 2 — афіцэр 3-га палка пярэдняй стражы; 3 — ротмістр янычарскай харугвы Булавы вялікай; 4 — шараговы пешай гвардыі; 5 — шараговы коннай гвардыі; б — бамбардзір корпуса артылерыі; 7 — інжынер ваеннага корпуса інжынераў.Да арт.Абмундзіраванне вайсковае. Форма адзення ваеннаслужачых Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Для генералаў: 1 — летняя парадна-выхадная, 2 — летняя штодзённая (акрамя авіяцыі), 3 — летняя штодзённая (авіяцыі), 4 — зімовая штодзённая, 5 — летняя штодзённая (з кашуляй), 6 — летняя палявая; для афіцэраў і прапаршчыкаў: 7 — летняя парадна-выхадная, 8 — летняя штодзённая (акрамя авіяцыі), 9 — летняя штодзённая (авіяцыі), 10 — летняя штодзённая (з курткай і пілоткай), 11 — зімовая штодзённая (з фуражкай), 12 — летняя штодзённая (з плашч-паліто), 13 — летняя штодзённая (з кашуляй), 14 — летняя палявая, 15 — зімовая палявая; для салдат, сяржантаў і курсантаў ваенных вучылішчаў: 16 — летняя парадна-выхадная, 17 — летняя палявая, 18 — зімовая палявая; для салдат і сяржантаў паветрана-дэсантных войскаў: 19 — летняя палявая; для ваеннаслужачых жанчын: 20 — летняя штодзённая (з курткай і пілоткай), 21 — летняя палявая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУКАПІ́СНАЯ КНІ́ГА,
кніга, тэкст і мастацкае афармленне якой выкананы ад рукі. Асн. формай Р.к. (як і друкаванай) быў кодэкс — блок змацаваных аркушаў (сшыткаў) пісчага матэрыялу (пергамент ці папера), звычайна заключаны ў пераплёт, які часам упрыгожваўся па-мастацку выкананым абкладам. Напачатку Р.к. перапісвалі ўставам, пазней паўуставам і скорапісам. Паводле прызначэння Р.к. падзяляюць на богаслужэбныя і чэцці (для чытання) рэліг. і свецкага зместу.
Р.к. былі вядомы ў стараж. Егіпце, краінах Пярэдняй Азіі. Яны мелі форму скрутка, пісаліся на папірусе, скуры, гліняных плітках. У 2—3 ст. пачалі ўжываць пергамент, пазней паперу. На працягу 3—15 ст. у Еўропе склаліся традыцыі візант., лац. і слав. Р.к. Перапісаныя ў італьян., франц., ням. майстэрнях (скрыпторыях), яны былі на Беларусі ў бібліятэках Радзівілаў, Сапегаў, Полацкай езуіцкай акадэміі. Візант. Р.к. паўплывала на знешні выгляд, тэхніку вытворчасці і аздобу слав. кнігі. Менавіта з грэч. рукапісаў браты Кірыла і Мяфодзій пераклалі на слав. мову хрысц. богаслужэбныя кнігі. Для напісання слав. Р.к. ўжываліся кірыліца і глаголіца. Самая стараж. датаваная слав. Р.к. — Астрамірава евангелле, перапісанае дыяканам Грыгорыем у 1056—57. Найб. раннімі помнікамі стараж.-рус. пісьменнасці, што дайшлі да нас, з’яўляюцца Ізборнікі Святаслава 1073 і 1076. Р.к. стараж. Русі спалучае тэкст і маст. аздобу, часта гэта помнік муз. культуры (з нотнымі запісамі). У аздобе стараж.-рус. Р.к. вылучаюць стылі стараж.-візант., тэраталагічны (звярыны), балканскі новавізант. і старадрукарскі.
На Беларусі Р.к. з’явілася ў 11 ст. і бытавала да 19 ст. Розныя веравызнанні і шматэтнічнасць абумовілі тое, што яна пісалася рознымі алфавітамі, на слав., лац., яўр. мовах. На развіццё кірылаўскай Р.к. паўплывалі культ. сувязі з Маскоўскай Руссю і Украінай. Бел. Р.к. ствараліся ў Полацку, Тураве, Друцку, Слуцку, Супраслі, Мінску, Навагрудку, Куцейне, Віцебску. Перапісчыкі былі рознага сац. паходжання — ад князёўны (Ефрасіння Полацкая) да простага гараджаніна (пісец Марцін з Гальшан). Р.к. — часта адзіная крыніца вывучэння бел. мовы і л-ры, гісторыі і права (зб-кі папулярных сярэдневяковых аповесцей «Александрыя», «Троя», Статуты ВКЛ, летапісы беларуска-літоўскія). Многія Р.к. маюць укладныя запісы і прыпіскі — важную крыніцу гісторыі культуры. Маст.аздоба Р.к. залежала ад яе прызначэння. Раскошна ўпрыгожваліся богаслужэбныя кнігі. Вядомы багата аздобленыя кнігі і свецкага зместу. Упрыгожванні складаюцца з заставак, ініцыялаў, мініяцюр і ілюстрацый. Найб. важныя помнікі маст. аздобы бел. Р.к. — Тураўскае евангелле, Лаўрышаўскае евангелле, Радзівілаўскі летапіс, Мсціжскае евангелле, Супрасльскі рукапіс, Ваўкавыскае евангелле, Евангелле Дабрахотава 16 ст., Пінскі зборнік 17 ст. Цэнтрамі збірання і вывучэння бел. Р.к. ў 19—пач. 20 ст. былі Віленская публічная б-ка (цяпер Цэнтр.б-каАН Літвы) і Беларускі музей у Вільні. Бел. Р.к. зберагаюцца ў Рас.Нац. (С.-Пецярбург) і дзярж. (Масква) б-ках, б-ках Расійскай АН (С.-Пецярбург), Маскоўскага ун-та, АН Украіны (Кіеў), Ягелонскага ун-та (Кракаў), у Рас.дзярж. архіве стараж. актаў. Нязначную колькасць Р.к. зберагаюць Цэнтр.навук.б-ка імя Я.Коласа Нац.АН Беларусі, Нац.б-ка Беларусі, Нац.маст. музей Беларусі.
Літ.:
Добрянский Ф. Описание рукописей Виленской публичной библиотеки, церковнославянских и русских. Вильна, 1882;
Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі: Спроба паясьніцельнай кнігопісі ад канца X да пачатку XIX ст. Коўна, 1926;
Рукописная и печатная книга. М., 1975;
Розов Н.Н. Книга Древней Руси XI—XIV вв. Мн., 1977, Шматаў В.Ф. Мастацтва заходнерускіх рукапісаў (XI—XIII стст.) // Книговедение в Белоруссии. Мн., 1977;
Нікалаеў М. Палата кнігапісная: Рукапісная кніга на Беларусі ў X—XVIII стст. Мн., 1993;
Карскі Я. Беларусы. Мн., 2001.
М.В.Нікалаеў.
Да арт.Рукапісная кніга. Старонка грэчаскай рукапіснай кнігі «Хлудаўскі псалтыр». 8 ст.Да арт.Рукапісная кніга. Старонка старажытнарускай рукапіснай кнігі «Кіеўскі псалтыр». 1397.Рукапісная кніга. Старонка Мсціжскага евангелля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ КО́МПЛЕКС,
помнік архітэктуры 16—18 ст. у г. Нясвіж Мінскай вобл. Закладзены ў 1583 кн. М.К.Радзівілам Сіроткам на ПдЗ ад горада на месцы драўлянага замка 1533. У пачатку буд-ва (да 1599) удзельнічаў італьян.арх. Дж.Бернардоні. У першапач. выглядзе адлюстраваны на гравюры Т.Макоўскага пач. 17 ст. Замак меў у плане форму чатырохвугольніка памерамі 170 × 120 м, быў абкружаны высокім земляным валам з бастыёнамі па вуглах, вадзяным ровам (унутр. кальцо), шырокай дарогай з невысокім земляным насыпам (гласісам) з вонкавага боку і штучнымі вадаёмамі на р. Уша (вонкавае кальцо). Вал (выш. да 20 м) абмураваны каменем, уверсе пераходзіў у мураваны бруствер з дадатковымі ўмацаваннямі, унутры вала былі мураваныя стайні і 4 патаемныя ўваходы. У 17 ст. па вуглах бастыёнаў пабудаваны 4 абарончыя вежы (вядомыя па інвентарах). Падыход да замка з З быў умацаваны трохвугольным шанцам, да якога вялі 2 пад’язныя дарогі. Уздоўж гал. восі знаходзіліся мураваная брама з рассоўным мостам і 3-павярховы палац з 8-граннымі вуглавымі вежачкамі. Злева ад брамы стаяў 2-павярховы гасп. корпус, справа — 3-павярховая казарма з вял. дазорнай вежай. У 1706 замак разбураны шведамі. Адноўлены і перабудаваны ў стылі барока пасля 1726 арх. К.Ждановічам (у 1740 пабудаваў таксама палацавую капліцу). У 18 ст. ў буд-ве палаца ўдзельнічалі арх. М.Педэці (у 1748—52), М.Фларыяновіч (1775—78), К.Спампані (1778—79), А.Лоцы (1783, праект галерэі). Мураваныя бастыёны заменены землянымі ўмацаваннямі. Паводле інвентара 1767, замак складаўся з палаца і дапаможных карпусоў абапал уязной брамы. Палац — 3-павярховы прамавугольны ў плане будынак, накрыты дахоўкай і завершаны круглай у плане купальнай ратондай, у якой знаходзіўся гадзіннікавы звон. На гал. фасадзе меў галерэю, аздобленую балюстрадай з меднымі пазалочанымі парэнчамі. У ніжнім паверсе палаца размяшчаліся службовыя памяшканні, 2 лазні і інш. Верхнія паверхі займалі княжацкія апартаменты з вял. колькасцю парадных і жылых памяшканняў. У інтэр’ерах былі кафляныя і фаянсавыя печы, упрыгожаныя лепкай са стука, каміны з метал. геральдычнымі выявамі. Сцены аздаблялі дубовыя разныя панэлі, палатняныя і скураныя шпалеры ў ляпных пазалочаных рамах. Ляпная столь была пакрыта пазалотай і размалёўкай. Мэбля інкруставаная і размаляваная, упрыгожаная маст. тканінамі. Падлога з дубовага наборнага паркету. Вял. значэнне ў ансамблі інтэр’ера мелі творы жывапісу (партрэты, абразы, карціны на гіст. сюжэты), дэкар.-прыкладнога мастацтва (калекцыя саксонскага фарфору, размаляваны золатам шкляны посуд, крышталь, вырабы радзівілаўскіх мануфактур і інш.). Асабліва багатай аздобай вызначаліся парадныя залы і галерэі (збройная, партрэтная, мармуровая, залатая, гетманская, бібліятэчная). У браме (наверсе быў гадзіннік) размяшчаліся кардэгарда (у ніжнім ярусе), памяшканні архіва (у верхнім ярусе). Дапаможныя карпусы абапал брамы ўключалі шэраг жылых і гасп. памяшканняў, майстэрні, кухні, скляпы, скарбніцы і інш., а таксама замкавую капліцу з асн. памяшканнем, сакрысціяй, званіцай і кругавой галерэяй для літургічных працэсій. У капліцы былі фаянсавыя і разныя драўляныя алтары, амбон са штучнага мармуру. Скляпенні былі аздоблены размалёўкай на біблейскія сюжэты. Злева і справа ад замкавай брамы па-за межамі ўмацаванняў каля ставоў існавалі 2 комплексы жылых, гасп. і вытв. пабудоў (жыллё прыслугі, свірны, стайні, вазоўні, парахавая і карэтная майстэрні, кузня і інш.). Каля аднаго з іх стаяў Нясвіжскі тэатр Радзівілаў. У замкавых бастыёнах былі арсеналы, алькежы і каморы.
Пры перабудове гал. палацавага корпуса надбудаваны 4-ы паверх, завершаны трохвугольным франтонам з рэльефным стукавым дэкорам. Перабудаваныя бакавыя карпусы злучаны з гал. корпусам 3-павярховымі жылымі будынкамі, а з уязной брамай (у 2-й пал. 18 ст. завершана вежай) — галерэямі. У выніку палац набыў замкнёную па перыметры поліганальную форму, блізкую да пяцівугольніка. Фасады, арыентаваныя на ўнутр. двор, аздоблены пілястрамі вял. ордэра і вырашаны ў 2 колеры. 8-гранныя вежы (дазорная і над брамай) накрыты шлемападобнымі купалкамі з галоўкамі. У 1809 комплекс рэстаўрыраваны арх. М.Цэйзікам. Часткова захаваліся багатыя калекцыі твораў мастацтва, зброі, сямейныя партрэты, б-ка, архіў, а таксама аздоба інтэр’ераў. З 1945 у замку размешчаны санаторый «Нясвіж». Паркі пейзажнага тыпу закладзены ў 1879 у пойме р. Уша. Пл. з вадаёмамі каля 100 га. Складаюцца з 5 аўтаномных ландшафтных зон, кожная з якіх мае завершаную кампазіцыю. Ставамі Замкавым і Дзікім паркі падзяляюцца на права- і левабярэжную часткі. На правабярэжнай знаходзяцца палац і замак з фрагментам парку (Замкавы парк) і Стары («англійскі») парк з «японскім» садам. У замкава-палацавы фрагмент уключаны рэшткі бастыёнаў, напоўненыя вадой равы, валы, азялененыя дворыкі, на бастыёнах — альтанкі. З дэкар. упрыгожанняў — стары ’калодзеж у стылі барока з дэталямі маст. коўкі і скульптура «Амур з чашай». Да Замкавага парку прылягае Стары парк з маляўнічымі палянамі, дэкар. групамі дрэў, памятнымі камянямі і архітэктурай малых форм. У пач. 20 ст. за Старым паркам створаны «японскі» сад з паплавамі. У левабярэжнай ч. — Новы (Марысін) парк з т.зв. іпадромам. Афармляў паркі садавод-дэкаратар А.Пастарэмчак. У 1913—14 праведзены работы па паляпшэнні паркавых ландшафтаў. У парках растуць елкі звычайная і Энгельмана, лістоўніцы даурская і сібірская, хвоі веймутава і чорная і інш. У 1985—91 паводле праекта, распрацаванага ін-там «Мінскпраект» (гал.арх. І.Жлоба), праведзены чысткі вадаёмаў, адваднога канала, асушэнне вільготных тэрыторый, адноўлены асобныя планіровачныя вузлы і ўчасткі, малыя арх. формы, асн. ландшафтныя кампазіцыі. У 1990-я г. ў парку ўстаноўлены бюсты кн. Ю.Нясвіжскага, У.Сыракомлі, Дж.М.Бернардоні (усе скульпт. С.Гумілеўскі), кн. М.К.Радзівіла Сіроткі, Т.Макоўскага, Я.Коласа (усе скульпт. М.Канцавы), скульптуры «Дама ў чорным» (скульпт. Л.Давідзенка) і інш., 3 вазы з сімваламі: «1794. За нашу і вашу волю. 1863», «1410. Грунвальд», «Gloria victoria».