КАРЫ́Н (сапр. Агата Карын; 1653 або 1658, г. Кіёта, Японія — 1743 або 2.6.1716),

японскі жывапісец, каліграф, майстар маст. лаку, кераміст. Вучыўся жывапісу ў свайго бацькі Агата Сакэн, у Кано Ясунобу і Кано Цунэнобу. Заснавальнік яп. дэкар. школы жывапісу, т. зв. школа Сатацу-Карын. Працаваў у жанрах «кветкі-птушкі», «людзі». Жывапісным творам уласцівы тонкае адчуванне прыгажосці свету, буйныя маштабы выяў, насычанасць каларыту, лёгкасць і раскаванасць манеры пісьма: скруткі «Партрэт Накамура Куранасукэ» (1704), «Азалія каля ручая», «Восеньскія кветкі», «Любаванне касачамі»; парныя шырмы «Квітненне белай і чырвонай слівы» (каля 1710), «36 праслаўленых паэтаў», «Касачы», «Паўліны і мальвы». Размалёўваў вееры, блюды, шкатулкі для пісьмовых прылад і інш.

Карын. Дэталь размалёўкі шырмы «Паўліны і мальвы». Пач. 18 ст.

т. 8, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВЕ́ТКАВА-ДЭКАРАТЫ́ЎНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

зборная група культ. і дзікарослых, пераважна травяністых раслін, якія выкарыстоўваюцца ў кветкаводстве для азелянення, упрыгожвання інтэр’ера памяшканняў і будынкаў, ідуць на зрэзку. Вырошчваюцца ў адкрытым і закрытым грунтах. К.-д. р. адкрытага грунту падзяляюць на адна-, двух- і шматгадовыя. Іх выкарыстоўваюць для букетаў і афармлення клумбаў, рабатак, міксбордэраў, партэраў (напр., аднагадовыя агератум, аксамітка, астра, ільвіны зеў, цынія; двухгадовыя званочак, наперстаўка, незабудка, фіялка; шматгадовыя гіяцынт, касач, ландыш, півоня, прымула, нарцыс, цюльпан, вяргіня, канна, шпажнік), павойныя і лазячыя расліны на ўпрыгожванне сцен будынкаў, агароджаў, балконаў, тэрас (напр., аднагадовыя пахучы гарошак, іпамея, настурка; шматгадовыя клематыс, плюшч, капрыфоль). К.-д.р. закрытага грунту пераважна субтрапічныя і трапічныя. Сярод іх вылучаюць сезоннаквітучыя (вазонныя пеларгонія, цыкламен; грунтавыя гваздзік рэмантантны, ружа), выганачныя (гіяцынт, нарцыс, цюльпан), вечназялёныя (травяністыя — аспідыстра, спаржа, папараць; павойныя і ампельныя — плюшч, традэсканцыя; сукуленты — агава, алоэ, кактусы, эйфорбія; дрэвы і кусты — азалія, пальма, цытрусавыя).

Кветкава-дэкаратыўныя расліны: 1 — астыльба; 2 — ільвіны зеў; 3 — аксаміткі; 4 — званочкі.

т. 8, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫ́ТКАВІЦКІ РАЁН,

на З Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924 (у сучасных межах з 1962). Пл. 2,9 тыс. км². Нас. 51,2 тыс. чал. (1997), гарадскога 41,5%. Сярэдняя шчыльнасць нас. 17,7 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г. Жыткавічы; г.п. Тураў, 108 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 13 сельсаветаў: Азяранскі, Браніслаўскі, Верасніцкі, Дзякавіцкі, Ленінскі, Людзяневіцкі, Марохараўскі, Мілевіцкі, Перароўскі, Руднянскі, Рычоўскі, Чырвоненскі, Юркевіцкі.

Тэр. раёна ў межах Прыпяцкага Палесся. Паверхня нізінная, плоская, забалочаная, мае нахіл з Пн на Пд да даліны р. Прыпяць. Амаль уся тэр. на выш. 120—145 м. Найвыш. пункт 184,1 м (на У, ва ўрочышчы Бялёва каля в. Бялёў). Карысныя выкапні: буры вугаль, сапрапель, торф, пяскі, гліны, каалін, пясчана-жвіровыя сумесі, гаручыя сланцы, граніт, гнейсы акварцаваныя. Сярэдняя т-ра студз. -5,9, ліп. 18,4 °C. Ападкаў 584 мм за год. Вегетац. перыяд 197 сут. Гал. рэкі: Прыпяць з прытокамі Случ, Скрыпіца з Навуццю, Сцвіга, Свінавод. Азёры Чырвонае і Белае. Пераважаюць глебы поймавыя (26,7%), тарфянабалотныя (26%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (20,3%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (16,7%). Пад лесам 56,3% тэр. Найб. лясістасць на Пн, 3 і У; лясы хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя і дубовыя. Балоты займаюць 2,5% тэр. Найб. балотныя масівы Булеў Мох, Межч, Смалярня і інш. Пд раёна заняты Прыпяцкім нацыянальным паркам. Заказнікі: біялагічныя Жыткавіцкі, «Нізоўе Случы», Ленінскі паляўнічы. Помнік прыроды — Вятчынскае насаджэнне рададэндрану жоўтага (пантыйская азалія).

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 69,6 тыс. га, з іх асушана 33,5 тыс. га. На 1.1.1997 у раёне 11 калгасаў, 6 саўгасаў, рыбныя гаспадаркі «Белае» і «Чырвоная зорка». Асн. галіна сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля.

Вырошчваюць збожжа і бульбу. Прадпрыемствы лясной (лясгас, Тураўскі леспрамгас), тарфяной (Жыткавіцкі торфабрыкетны завод), металаапр. (маторабуд. з-д, «Пратон»), харч. (цэх малочнай прадукцыі і кансервавы з-д у Тураве, масларобчы з-д, рыбазавод «Чырвонапалескі» ў в. Пухавічы), буд. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка Брэст—Гомель і аўтадарогі Брэст—Гомель, Мінск—Мікашэвічы, Жыткавічы—Столін. Суднаходства па р. Прыпяць. У раёне 20 сярэдніх, 16 базавых, 13 пачатковых школ, прафес.-тэхн. вучылішча, 31 дашкольная ўстанова, 67 клубаў, 61 б-ка, 4 бальніцы, 5 паліклінік, 35 фельч.-ак. пунктаў. Тураўскі краязнаўчы музей. Помнікі архітэктуры: Усясвяцкая царква (1810) і помнік Кірылу Тураўскаму (1993) у г.п. Тураў.

С.І.Сідор.

т. 6, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)