АЗА...,

састаўная частка назвы рада хім. злучэнняў, у склад якіх уваходзіць азот, напр., азазлучэнні, азафарбавальнікі.

т. 1, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАНЬКАВЕ́ЦКАЯ (сапр. Адасоўская) Марыя Канстанцінаўна

(4.8.1854, в. Занькі Чарнігаўскай вобл., Украіна — 4.10.1934),

украінская актрыса і тэатр. дзеяч. Нар. артыстка Украіны (1923). З 1882 вядучая актрыса ўкр. труп М.​Крапіўніцкага, М.​Старыцкага, М.​Садоўскага, П.​Саксаганскага, І.​Карпенкі-Карага і інш. У 1907 разам з Садоўскім арганізавала першы ўкр. т-р у Кіеве. Узначальвала Нар. т-р у Нежыне (1918), удзельнічала (разам з Саксаганскім) у стварэнні Нар. т-ра ў Кіеве (1918, цяпер Львоўскі ўкр. драм. т-р імя М.​Занькавецкай). Сцэнічная творчасць адметная шчырасцю перажыванняў, майстэрствам унутранага і знешняга пераўвасаблення. Сярод лепшых роляў: Наталка, Цярпіліха («Наталка-Палтаўка» І.​Катлярэўскага), Галя («Назар Стадоля» Т.​Шаўчэнкі), Харыціна, Сафія («Наймічка», «Бесталанная» Карпенкі-Карага), Аза («Цыганка Аза» Старыцкага), Аксюша («Лес» А.​Астроўскага) і інш.

Літ.:

Дурилін С.М. Марія Заньковецька. Київ, 1955.

М.К.Занькавецкая.

т. 6, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЦВЯРДЖА́ЛЬНІКІ,

хімічныя рэчывы, якія садзейнічаюць ацвярдзенню рэакцыйназдольных алігамераў. Да іх належаць: поліфункцыянальныя злучэнні (ды- і поліаміны, гліколі, ангідрыды арган. кіслот) — рэагуюць з алігамерамі і ўваходзяць у структуру сеткаватага палімеру; ініцыятары (арган. пераксіды, аза- і дыазазлучэнні) — ацвярджаюць алігамеры з ненасычанымі групамі (напр., алігаэфіракрылаты); каталізатары (трацічныя аміны, сульфакіслоты, асновы і інш.) — паскараюць узаемадзеянне функцыянальных груп алігамераў ці поліфункцыянальных ацвярджальнікаў; комплексныя злучэнні — актыўнае рэчыва ўтвараецца пры т-рах, блізкіх да т-р ацвярдзення.

т. 2, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІПАНІ́ЧНЫ Віталь Мікалаевіч (н. 2.3.1937, г.п. Ніжнія Серагозы Херсонскай вобл., Украіна),

бел. хімік-арганік. Д-р хім. н. (1994). Скончыў БДУ (1959). З 1959 у Ін-це фізіка-арган. хіміі, з 1974 у Ін-це біяарган. хіміі АН Беларусі. З 1995 у Бел. пед. ун-це. Навук. працы па хіміі кортыкастэроідаў і сінт. аналагаў стэроідаў. Адкрыў новую групу гетэрацыклічных аналагаў стэроідаў і сінтэзаваў шэраг біялагічна актыўных злучэнняў гэтай групы.

Тв.:

Синтез и биологическая активность производных 8,16-диазастероидов (у сааўт.) // Докл. АН СССР. 1978. Т. 240, № 3;

Полный синтез 8-аза-16-оксастероидов (у сааўт.) // Докл. АН БССР. 1978. Т. 22, № 5.

т. 13, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛІЧЭ́НКА Мікалай Аляксеевіч (н. 27.12.1934, г. Белгарад, Расія),

спявак (барытанальны тэнар), акцёр, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1981). Скончыў Вышэйшыя рэжысёрскія курсы пры Мін-ве культуры Расіі (1972). З 1951 акцёр, з 1970 адначасова рэжысёр, з 1977 гал. рэжысёр Маскоўскага цыганскага т-ра «Рамэн». Сярод роляў: Васіль («Цыганка Аза» М.​Старыцкага), Іван Кале («Рамбора» Шведава). Паставіў спектаклі: «Грушанька» М.​Штока паводле М.​Ляскова (1973; сыграў ролю маладога цыгана, Князя, Галавана), «Мы — цыгане» І.​Ром-Лебедзева і С. (1976), «Непаклонаў» М.​Мірашнічэнкі (1977; сыграў гал. ролю), «Вогненныя коні» Ром-Лебедзева (1979; роля чытальніка), «Браты» З.​Таболкіна (1980), «Жывы труп» Л.​Талстога (1984; сыграў ролю Федзі Пратасава) і інш. Выканаўца цыганскіх рамансаў, эстр. песень. Аўтар кн. «Нарадзіўся я ў табары» (2-е выд., 1987). Дзярж. прэмія СССР 1987.

М.А.Слічэнка.

т. 15, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)