АЖЭ́ШКІ, Арэшкі,

шляхецкі род герба «Побуг» у ВКЛ. Найб. вядомыя:

Людвік, падкаморы пінскі, удзельнік Барскай канфедэрацыі. Антоні (1743—71), сын Людвіка. Маршалак пінскі, удзельнік Барскай канфедэрацыі. Леапольд (каля 1720—79), стольнік (1748), пісар гродскі (1750) і суддзя земскі пінскі, падпалкоўнік войска літ. (1754).

Верагодна, да гэтай лініі Ажэшак адносіліся:

Антоні (1800—77), удзельнік паўстання 1830—31, адзін з арганізатараў паўстанцкіх атрадаў у Пінскім пав. У 1831 арыштаваны, жыў пад наглядам паліцыі. У 1838 арыштаваны за сувязь з Ш.Канарскім і Саюзам польскага народа. Сасланы ў Томск на 20 гадоў. Пётр, уладальнік маёнтка Людвінова Кобрынскага пав. У 1858 ажаніўся з будучай польскай пісьменніцай Паўлоўскай (гл. Ажэшка Эліза). Фларыян, гл. Ажэшка Ф.Ф.

т. 1, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КО́РАБ»,

прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся каля 180 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т. л. Ажэшкі, Дамброўскія, Дзяконскія, Ласкія, Русоцкія, Эйсманты. Мае ў чырв. полі выяву залатога карабля з ільвінымі галовамі спераду і ззаду і мураванай вежай з зубцамі. Клейнод — на прылбіцы з каронай такі ж карабель з вежай. У Польшчы вядомы з канца 13 ст., спачатку меў выяву карабля з мачтай і ветразем.

Герб «Кораб».

т. 8, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МІНЧУ́К»,

кніжнае таварыства. Існавала ў снежні 1906—07 у Мінску. Мела на мэце выданне і распаўсюджванне бел. кніг і газет. Заснавальнікі Б.​У.​Куштэлян, У.​І.​Самойла, С.​В.​Скандракоў, А.​А.​Шабуня, К.​Б.​Шпакоўскі. Разам з газ. «Наша ніва» выдала кірыліцай і лацінкай апавяданне Э.​Ажэшкі «Гедалі» (1907). Рыхтавала да друку «Жалейку» Я.​Купалы. Спыніла дзейнасць з-за адсутнасці сродкаў.

Літ.:

Александровіч С. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971. С. 133—134, 142—143.

т. 10, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКРУЖНА́Я (Святлана Арцёмаўна) (н. 26.1.1947, г. Чарнаўцы, Украіна),

бел. актрыса. Нар. арт. Беларусі (1991). Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1969). Працуе ў Бел. т-ры імя Я.​Коласа. Выконвае ролі лірыка-драматычныя, востракамедыйныя, характарныя: Дачка («Зацюканы апостал» А.​Макаёнка), Люська («Радавыя» А.​Дударава), Анютка («Улада цемры» Л.​Талстога), Галя Чацвяртак («А зоры тут ціхія» паводле Б.​Васільева), Катрын («Матухна Кураж і яе дзеці» Б.​Брэхта), Люсі Мерыкур («Будзьце здаровы!» П.​Шэно), Франка («Хам» паводле Э.​Ажэшкі) і інш.

С.А.Акружная.

т. 1, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ДРАМАТЫ́ЧНАЯ ДРУЖЫ́НА,

тэатральны калектыў пры Беларускім клубе ў Вільні. Існавала ў 1916—18. Кіраўнік Ф.Аляхновіч. Наладжвала муз.-вак. вечары, паказы тыпу кабарэ, дзе выконвалі куплеты, песні, эстрадны жарт «Пятрук і Петрунэла». Пастаўлены драм. спектаклі: «На Антокалі», «На вёсцы», «Дзед і баба» (з муз. С.​Манюшкі) Аляхновіча, «Міхалка» Далецкіх, «У зімовы вечар» і «Хам» паводле Э.​Ажэшкі, сцэнічная фантазія «У купальскую ноч» і інш. Спектаклі адбываліся 1—2 разы на тыдзень. Калектыў садзейнічаў станаўленню і развіццю бел. тэатр. мастацтва.

А.​В.​Сабалеўскі.

т. 2, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРАМО́ВІЧ (Зігмунт Іосіфавіч) (па сцэне Антон Забель; 25.6.1892, Масква — 20.3.1988),

бел. акцёр. У 1909—10 удзельнік Гродзенскага гуртка бел. моладзі. У 1911 адзін з вядучых акцёраў Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага. Выконваў камедыйныя і характарныя ролі: Пранцішак («Модны шляхцюк» К.​Каганца), Бондар («У зімовы вечар» паводле Э.​Ажэшкі), Скакунец («Пашыліся ў дурні» М.​Крапіўніцкага) і інш. З 1919 жыў у Польшчы. Аўтар успамінаў пра Буйніцкага і бел. тэатр «Няходжанымі сцежкамі» (1971).

Літ.:

Няфёд У.І. Беларускі тэатр: Нарыс гісторыі. Мн., 1959. С. 98—101;

Сабалеўскі А.В. [Уступ да артыкула «Няходжанымі сцежкамі»] // Полымя. 1971. № 4.

У.​І.​Няфёд.

З.І.Абрамовіч.

т. 1, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ КЛУБ у Вільні.

Існаваў у 1916—20 пад старшынствам І.​Луцкевіча. У клубе наладжваліся бел. вечарынкі (1-я 17.9.1916) са спектаклямі, дэкламацыяй, музыкай, танцамі. Спектаклі ставіла Беларуская драматычная дружына пад кіраўніцтвам Ф.​Аляхновіча. Паказаны п’есы Аляхновіча «Калісь», «Бутрым Няміра», «Чорт і баба», «На вёсцы», «На Антокалі», «Базілішак», а таксама «Антось Лата» Я.​Коласа, «Хам» паводле Э.​Ажэшкі, «Міхалка» Далецкіх, «Мядзведзь» А.​Чэхава. Ладзілі ў клубе і вечары для дзяцей. Драм. гурток т-ва «Золак» бел. дзіцячага прытулку паставіў невял. п’есу са спевамі «Перахітрылі» С.​Корф, 25.12.1917 паказаў батлейку. Месціўся клуб у розных памяшканнях горада.

т. 2, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫДАВЕ́ЦТВА «НА́ШАЙ НІ́ВЫ» Існавала ў Вільні ў 1907—13 пры газ. «Наша ніва». Выдавала маст., навук.-папулярную і с.-г. л-ру, календары. Выпусціла 2 зб-кі маст. твораў, надрукаваных у газ. «Наша ніва», перакладзеныя на бел. мову апавяданні «Гэдалі» Э.​Ажэшкі і «Казку аб вадзе» Э.​Беламі, брашуры «Як багацеюць чэшскія сяляне» Маліноўскага (пер. Зязюля), «Зямельная справа ў Новай Зеландыі» (пад крыптанімам «А.Б.»), «Цукер» В.​Тройцы, 4 «Беларускія календары-кнігі» за 1910, 1911, 1912 і 1913. З 1912 выдавала час. «Саха». Спыніла дзейнасць у сувязі з заснаваннем на яго базе Беларускага выдавецкага таварыства.

А.​С.​Ліс.

т. 4, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КРАЙ»

(«Kraj»),

польскі штотыднёвы грамадска-паліт. часопіс. Выдаваўся ў Пецярбургу ў 1882—1909. Меў дадаткі «Przegląd literacki» («Літаратурны агляд») і «Dział artystyczno-literacki» («Літаратурна-мастацкі аддзел»). У 1898—1902 кожны нумар «К.» меў дадатак — альбомную старонку. Змяшчаў матэрыялы з гісторыі, культуры, навукі, л-ры і мастацтва слав. народаў, у т. л. маст. творы Э.​Ажэшкі, Я.​Лучыны, карэспандэнцыі Ф.​Багушэвіча з Вільні, артыкулы і допісы А.​Ельскага «Пра беларускую гаворку» і «Адам Міцкевіч на Беларусі» (абодва 1885), некралогі В.​Дуніну-Марцінкевічу («Беларускі пясняр», 1885), Я.​Лучыну (1897), Багушэвічу (1900).

У.​І.​Мархель.

т. 8, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУШКО́Ў (Іван Васілевіч) (16.2.1918, в. Трэскіна Інжавінскага р-на Тамбоўскай вобл., Расія — 21.7.1986),

бел. жывапісец. Засл. работнік культ. Беларусі (1979). Скончыў Пензенскае маст. вучылішча (1938). Аўтар пейзажаў «На берагах сівога Нёмана» (1968), «Сімфонія палёў» (1970), «Зялёны май» (1971), «Вясна на Нёмане» (1972), «Маладое жыта» (1973), «Возера Свіцязь» (1977), «Залатая восень» (1979), «Край прынёманскі» (1981); сюжэтна-тэматычных карцін «Партызанскі налёт» (1946), «Праследаванне ворага» (1948), «А.​Міцкевіч і Тамаш Зан на Свіцязі» (1955), «А.​Пашкевіч (Цётка) у Э.​Ажэшкі» (1965), «Э.​Ажэшка і А.​Пашкевіч» (1976). Творы вызначаюцца глыбокай змястоўнасцю, лірызмам.

Л.​Ф.​Салавей.

І.Пушкоў. Вясна на Нёмане. 1972.

т. 13, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)