АДЭН..., АДЭНА...

[ад грэч. adēn (adenos) залоза],

састаўная частка складаных слоў, якая абазначае: «які адносіцца да залоз, залозістай тканкі», «які адносіцца да лімфатычных вузлоў», «які адносіцца да адэноідаў», напр., адэнавірусы, адэноіды.

т. 1, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЭНАВІ́РУСЫ

(ад адэна... + вірусы),

сямейства ДНК-змяшчальных вірусаў, якія выклікаюць у чалавека і жывёл адэнавірусныя хваробы. Маюць адзінкавую лінейную двухланцужковую малекулу ДНК. У заражаных клетках прыгнятаюць сінтэзы ДНК, РНК і бялкоў. Размнажаюцца ў клетачных ядрах пазваночных. Распаўсюджваюцца без пераносчыкаў. Пашкоджваюць розныя органы млекакормячых (у т. л. чалавека), птушак; могуць выклікаць утварэнне пухлін.

т. 1, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЭНАКАРЦЫНО́МА

(ад адэна... + грэч. karkiōma пухліна),

залозісты рак, злаякасная пухліна, якая можа развівацца з залозістага эпітэлію. Гісталагічна выяўляюцца ўнутрыклетачныя парушэнні ядзерна-плазматычных суадносін (павелічэнне ядра), полімарфізм клетак і інш. Характарызуецца інвазіўным ростам — за межы базальнай мембраны, без пэўнай мяжы. Найб. частыя адэнакарцынома малочнай залозы, страўніка, кішэчніка. Лячэнне камбінаванае: хіміка-прамянёвая тэрапія і хурургічнае.

т. 1, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЭНО́ІДЫ

(ад адэна... + грэч. eidos падобны),

пухлінападобныя разрастанні насаглотачнай міндаліны. Бываюць пераважна ў дзяцей, часцей у 3—10 гадоў, іншы раз у грудных. Узнікненню адэноідаў спрыяюць інфекц. хваробы. Асн. прыкмета захворвання — цяжкае дыханне праз нос; часта праяўляецца захворваннямі сярэдняга вуха, «адэноідным габітусам» (вузкі нос, адкрыты рот, згладжаная носагубная складка, высокае паднябенне, няправільнае размяшчэнне зубоў на верхняй сківіцы), паслабленнем увагі і памяці, парушэннем сну, іншы раз начным нетрыманнем мачы. Лячэнне хірургічнае (выдаленне міндалін, часцей амбулаторна).

т. 1, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)