АДШЧЭ́П,

асколак, адбіты адбойнікам ад кавалка крэменю або нуклеуса першабытным чалавекам каменнага і бронзавага вякоў. Выкарыстоўваліся на выраб прылад працы — нажоў, сярпоў і інш.

т. 1, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЫ́БАЎ,

археалагічныя помнікі (гарадзішча мілаградскай культуры, 2 курганныя могільнікі дрыгавічоў) каля в. Глыбаў Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. На гарадзішчы выяўлены рэшткі 2 жытлаў і 2 гасп. ямы, фрагменты ляпной керамікі, прасліцы, каменная сякера, крамянёвы адшчэп, верхні камень ад зерняцёркі і інш. На могільніках 12 — пач. 13 ст. пахавальны абрад — трупапалажэнне ў яме пад насыпам. Знойдзены фрагменты ганчарнага посуду, бронзавыя ўпрыгожанні, шкляныя пацеркі, бронзавы крыжык з выемчатай эмаллю.

т. 5, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗЕ́Ц,

востраканцовая прылада працы стараж. чалавека ў эпоху палеаліту; пласціна або адшчэп крэменю для разьбы, гравіроўкі, выразання пазоў, расчлянення косці, рогу, дрэва. Асн. тыпы Р.: на вугле зламанай загатоўкі, рэтушныя ці бакавыя, 2-гранныя ці сярэдзінныя. На тэр. Беларусі існавалі на працягу каменнага веку.

В.​Я.​Кудрашоў.

Такарныя разцы: 1 — расточны ўпорны (у борштанзе); 2 — расточны (у борштанзе); 3 — прахадны прамы правы; 4 — прахадны ўпорны правы; 5 — падразны левы; 6 — праразны; 7 — прахадны адагнуты правы; 8 — адразны; 9 — фасонны; 10 — падразны правы; 11 — разьбовы для вонкавай разьбы; 12 — разьбовы для ўнутранай разьбы; 13 — расточны.

т. 13, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)