ПАНДО́РА (грэч. Pandōra усім адораная),

у старажытнагрэчаскай міфалогіі жанчына, створаная Гефестам па волі Зеўса з зямлі і вады ў якасці пакарання людзям за ўчынак Праметэя, які ўкраў для іх агонь з неба. Паводле міфаў, Афрадыта адарыла П. незвычайнай прыгажосцю, Гермес — спрытным розумам, хітрасцю і каварствам, Афіна — прыгожым адзеннем. Зеўс аддаў П. замуж за брата Праметэя, якому падараваў скрыню з чалавечымі заганамі. Нягледзячы на забарону, цікаўная П. адчыніла скрыню і выпусціла на волю ўсе заганы, ад якіх з таго часу пакутуе чалавецтва. Адсюль выраз «адчыніць скрыню Пандоры» — неабачлівым учынкам выклікаць шматлікія бедствы.

т. 12, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЮЛІЯ́Н АДСТУ́ПНІК, Флавій Клаўдзій (Flavius Claudius Julianus Apostata; 332, г. Канстанцінопаль, цяпер Стамбул — 26.6.363),

рымскі імператар [361—363]. Сын Юлія Канстанцыя, пляменнік Канстанціна Вялікага. Атрымаў хрысціянскае выхаванне, але з юнацтва займаўся язычніцкай л-рай і філасофіяй. У 335 імператар Канстанцый II зрабіў Ю.А. цэзарам і намеснікам Галіі. У 357 ён паспяхова ваяваў супраць франкаў і алеманаў. У 360 паўстаўшыя гальскія легіёны абвясцілі Ю.А. імператарам-аўгустам. Пасля смерці Канстанцыя (361) Ю.А. стаў адзінаўладным правіцелем Рым. імперыі. Ён рэфармаваў фін. і падатковую сістэмы, удасканаліў армію і пошту, пашырыў правы муніцыпальных курый, адмовіўся ад вял. выдаткаў на ўтрыманне двара. Абвясціў сябе прыхільнікам дахрысц. вераванняў. Выдаў 2 эдыкты супраць хрысціян, дазволіў адчыніць храмы і аднаўляць культы багоў. Хрысціян не праследаваў, а дазволіў свабоду веравызнання. Аўтар шэрагу твораў, скіраваных супраць хрысц. царквы. Яго дзейнасць асуджала хрысціянскае духавенства (адсюль яго мянушка «Адступнік»). Ю.А. загінуў у час паходу супраць персаў.

Літ.:

Видал Г. Юлиан: Пер. с англ. СПб., 1994.

А.​Г.​Зельскі.

т. 18, кн. 1, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)