ІВА́НАЎ (Георгій Уладзіміравіч) (10.11.1894, г. Каўнас, Літва — 27.8.1958),

рускі паэт. Прыхільнік акмеізму (зб-кі вершаў «Адплыццё на востраў Цытэру», 1912; «Святліца», 1914; «Верас», 1916; «Сады», 1921; «Лампада», кн. 1—2, 1922). Ў 1923 эмігрыраваў у Францыю. Асн. тэма зб-каў вершаў «Ружы» (1931), «Партрэт без падабенства» (1950) — трагічная адзінота выгнанніка. Вершы поўныя тугі, стомленасці, рамантызацыі мінулага. Аўтар суб’ектыўных мемуараў пра «сярэбранае стагоддзе» «Пецярбургскія зімы» (1928), раманаў «Трэці Рым» (1929—31), «Распад атама» (1938) і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1994.

Літ.:

Берберова Н. Курсив мой. М., 1996.

С.​Ф.​Кузьміна.

т. 7, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАРЭ́Н (Lorrain; сапр. Жэле, Gellée) Клод (1600, Шамань, каля г. Эпіналь, Францыя — 23.11.1682), французскі жывапісец і графік. Вучыўся ў А.​Тасі ў Рыме (з 1613?). Зазнаў уплывы П.​Брыля, А.Эльсхаймера, Анібале Карачы. Працаваў пераважна ў Рыме. Стварыў уласны варыянт класіцыстычнага «ідэальнага» пейзажа, у якім адзінства прасторы дасягалася праз найтанчэйшую прапрацоўку святлопаветр. асяроддзя. Творы вызначаюцца майстэрскай перадачай эфектаў рассеянага ранішняга або вечаровага святла, якое растае ў залацістай смузе («Адплыццё св. Урсулы», 1646; «Выгнанне Агары», 1668; «Кампа Вачына»), элегічным ладам кампазіцый, падпарадкаваннем сюжэта і фігур ідэалізаванаму пейзажнаму матыву (цыкл «Раніца», «Поўдзень», «Вечар», «Ноч», 1651—72). Малюнкам і афортам уласціва віртуозная святлоценявая нюансіроўка.

Літ.:

Ларионова Э.И. Клод Лоррен: [Альбом]. М., 1979.

К.Ларэн. Кампа Вачына.

т. 9, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЛО́Ў (Іван Іванавіч) (22.4.1779, Масква — 11.2.1840),

рускі паэт, перакладчык. Друкаваўся з 1821. Аўтар зб-каў «Вершы» (1828), «Збор вершаў» (ч. 1—2, 1833, 3-е выд. 1840). Сябраваў з А.​Пушкіным, В.​Жукоўскім, П.​Вяземскім, дзекабрыстамі. Поспех К. прынесла рамант.-сентыментальная паэма «Чарнец» (1825), напісаная ў форме лірычнай споведзі маладога манаха. У гіст. паэме «Княгіня Наталля Барысаўна Далгарукая» (1824—27) асн. ўвагу перанёс з грамадз. ідэй на рэліг. і інтымныя перажыванні гераіні. Змрочны рамант.-містычны каларыт у яго баладах («Тайна», «Вар’ятка», «Адплыццё віцязя»). Звяртаўся да раманса («Венецыянская ноч», «Вячэрні звон», пер. з Т.​Мура), песні. На тэксты К. пісалі музыку М.​Глінка, А.​Даргамыжскі, А.​Аляб’еў і інш. На рус. мову пераклаў асобныя творы Дж.​Байрана, А.​Міцкевіча, Дантэ, Ф.​Петраркі, Т.​Таса, Л.​Арыёста, А.​Шэнье, П.​Мерымэ, Р.​Бёрнса і інш.

Тв.:

Полн. собр. стихотворений. Л., 1960.

Літ.:

Афанасьев В.В. Жизнь и лира. М., 1977.

І.​У.​Саламевіч.

т. 7, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)