АДО́РНА ((Adorno) Тэадор) (11.9.1903, г. Франкфурт-на-Майне — 6.8.1969),
нямецкі філосаф, сацыёлаг, музыказнавец. Прадстаўнік франкфурцкай школы. Пасля 1933 у эміграцыі (Англія, ЗША). З 1949 у Франкфурце-на-Майне: праф. ун-та, з 1953 кіраўнік Ін-та сац. даследаванняў. Погляды Адорна склаліся на перакрыжаванні ням. неагегельянства і авангардысцкай крытыкі культуры. Паводле яго філасофіі эвалюцыя чалавецтва — гэта гісторыя «няўдалай цывілізацыі», гісторыя «індывідуалізацыі» чалавека, тоеснай пастаяннаму паглыбленню яго «адчужэння». У духу гэтых ідэй Адорна рабіў сац.-філас. аналіз музыкі. Асн. працы: «Дыялектыка асветы» (1947, з М.Хоркхаймерам), «Філасофія новай музыкі» (1949), «Аўтарытарная асоба» (1950, у сааўт.), «Прызмы. Крытыка культуры і грамадства» (1955), «Негатыўная дыялектыка» (1966) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНАМЕ́РНАГА ЧАЛАВЕ́КА КАНЦЭ́ПЦЫЯ,
найбольш поўнае выражэнне «крытычнай тэорыі грамадства», звязанай з даследаваннямі сац.канфармізму і сац.-псіхал. тыпаў асобы. Назва ад кнігі заснавальніка гэтай канцэпцыі Г.Маркузе «Аднамерны чалавек. Нарысы ідэалогіі высокаразвітога індустрыяльнага грамадства». Істотную ролю ў станаўленні канцэпцыі адыгралі ідэі З.Фрэйда, В.Райха, Т.Адорна, Э.Фрома і інш. даследчыкаў механізмаў адчужэння чалавека.
Аднамернасць як разбурэнне чалавечай суб’ектыўнасці Маркузе звязваў з развітой індустрыяльнай цывілізацыяй, рэпрэсіўным уздзеяннем тэхнікі на духоўны свет асобы. «Аднамерны чалавек» — канфарміст, які поўнасцю інтэграваны ў «сістэму», лёгка паддаецца маніпуліраванню, яго адносіны да свету павярхоўныя, некрытычныя, схільнасці і патрэбы скажоны прынцыпам прадукцыйнасці, што выклікае спажывецкую арыентацыю. Аднамернасці проціпастаўляецца двухмернасць чалавека, якая дапускае наяўнасць унутранага свету асобы, здольнасць яе крытычна ставіцца да ўмоў свайго існавання і самаўдасканальвацца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАРЫТА́РНАЙ АСО́БЫ КАНЦЭ́ПЦЫЯ,
сукупнасць тэарэтычных уяўленняў пра тып асобы, уласцівы таталітарным рэжымам. Яму характэрныя агрэсіўнасць і прага ўлады, нянавісць да інтэлігенцыі і прадстаўнікоў інш. этнічных груп, кансерватыўнасць і стэрэатыпнасць мыслення, канфармізм; сляпое падпарадкаванне аўтарытэту групы, дзяржавы, харызматычнага лідэра, асабліва заснаванаму на сіле і насіллі, спалучаецца ў ім з нянавісцю да ўсіх апанентаў і аўтсайдэраў. Паняцце ўведзена Э.Фромам, які даследаваў псіхал. падставы для распаўсюджвання нацысцкай ідэалогіі. Паглыбленне чалавека ў аўтарытарызм Фром разглядаў як адзін з асн. механізмаў «уцёкаў ад свабоды». Імкнучыся пераадолець пачуццё бяссілля, аўтарытарная асоба адмаўляецца ад незалежнасці, імкнецца зліцца з чым-небудзь больш моцным, здольным кампенсаваць недахоп упэўненасці ў сабе. Такі чалавек захапляецца ўладай і хоча падпарадкоўвацца, і ў той жа час сам імкнецца быць уладай, каб іншыя падпарадкоўваліся яму. Гэтая супярэчлівасць вядзе яго да супраціўлення ўладзе, нават той, якая дзейнічае ў яго інтарэсах, але ўяўляецца яму недастаткова моцнай. Барацьбу аўтарытарнай асобы супраць улады Фром лічыў бравадай бунтаўшчыка. У калект. працы Т.Адорна, Э.Фрэнкель-Бруксвік, Д.Левінсана і Р.Санфарда «Аўтарытарная асоба» (1950) зроблена спроба эмпірычнага абгрунтавання аўтарытарнай асобы канцэпцыі, распрацавана ф-шкала (шкала фашызму) для вымярэння аўтарытарнай асобы. Ідэі гэтай канцэпцыі далей развіты ў працах тэарэтыкаў франкфурцкай школы М.Хоркхаймера, Г.Маркузе, у аднамернага чалавека канцэпцыі.
Літ.:
Адорно Т. Типы и синдромы: Методол. подход: Пер. с англ. // Социол. исслед. 1993. № 3;
Фромм Э. Бегство от свободы: Пер. с англ.М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ТЫКА САЦЫЯ́ЛЬНАЯ, крытыцызм,
кірунак у філасофіі і сацыялогіі, прадстаўнікі якога гал. задачай лічаць крытычны аналіз грамадскіх адносін. Некаторыя ідэі К.с. разглядаліся ў рамках эмпірыякрытыцызму (Э.Мах, Р.Авенарыус), крытычнага рэалізму (М.Мандэльбаўм, А.Венцль, К.Котэн), франкфурцкай школы (Т.Адорна, М.Хоркхаймер, Г.Маркузе, Дж.Уоткінс, І.Лакатас, Дж.Агасі, Г.Альберт) і блізкай да яго канцэпцыі П.Феерабенда. Паступова сфарміраваўся адносна самаст. кірунак крытыцызму (Ч.Мілс, Д.Рысмэн, Э.Фром, А.Гоўлднер і інш.).
Як філас. кірунак К.с. ўзнікла ў сярэдзіне 20 ст. ў ходзе крытыкі неапазітывізму і сфарміравалася ў выніку дыскусій з прадстаўнікамі гіст. кірунку ў філасофіі навукі (М.Полані, Т.Кун, С.Тулмін). Гал.тэарэт. функцыя яе — мэтанакіраваная крытыка асн. тэорый грамадства, перш за ўсё «акадэмічнай» сацыялогіі і сац. інжынерыі, а таксама спроб стварэння сац. навукі («рэфлексіўнай сацыялогіі», «сацыялогіі сацыялогіі» і інш.), у якой сацыёлагу адводзіцца паліт. і сацыяльна актыўная роля, роля суб’екта, які мэтанакіравана ўплывае на развіццё грамадскіх працэсаў. К.с. асаблівае значэнне надае праблемам асобы, адмоўнаму ўплыву на фарміраванне і развіццё розных сац. працэсаў і з’яў (адчужэнне вытворцы ад сродкаў вытв-сці, дэгуманізацыя працы, наркаманія і прастытуцыя, беднасць, сац. няроўнасць, бюракратызацыя сац. ін-таў і г.д.), якія прыводзяць да негатыўных наступстваў. У галіне метадалогіі крытыцызм упэўнены, што не існуе метадаў, якія забяспечваюць строга лагічны прырост навук. ведаў і што неабходна з дапамогай фармальна-лагічных спосабаў выключаць з ужытку ненавук. тэорыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЙК ((Dyck) Антоніс ван) (22.3.1599, г. Антверпен, Бельгія — 9.12.1641),
фламандскі мастак. Вучыўся ў Амстэрдаме (1609—10). Сярод ранніх твораў (да 1618) партрэты і карціны на рэліг. і міфалагічныя сюжэты («Я.Вермёлен», «Распяцце св. Пятра», «Юпітэр і Антыёпа»). Працуючы памочнікам П.П.Рубенса, зазнаў яго ўплыў («Іаан Хрысціцель і Іаан Евангеліст», 1618). У канцы 1620 — пач. 1621 мастак англ. караля Якава I. Творы гэтага часу («Сямейны партрэт», «Ф.Снейдэрс з жонкай», «Св. Марцін») вызначаліся імкненнем да стварэння адухоўленага вобраза, цікавасцю да эмацыянальнага і інтэлектуальнага жыцця чалавека. З канца 1621 жыў у Італіі, дзе выпрацаваў і давёў да дасканаласці тып барочнага параднага партрэта («Кардынал Г.Бентывольё»), У партрэтах генуэзскай знаці («Маркіз А.Дж.Брыньё-ле-Сале і яго жонка Пааліна Адорна», «Дама з дзяўчынкай») адчуваецца ўплыў венецыянскай школы жывапісу. У 1627—32 жыў у Антверпене; з 1630 прыдворны мастак эрцгерцагіні Ізабелы. У гэты перыяд стварыў лепшыя працы: партрэты Марыі Луізы дэ Тасіс, жывапісца П.Снаерса, серыя афортаў «Іканаграфія». Рэліг. кампазіцыям 1620-х г. уласціва пэўная аднастайнасць («Адпачынак на шляху ў Егіпет», «Мадонна дэль Разарыо», «Аплакванне Хрыста»), З 1632 у Лондане, прыдворны мастак Карла I. У творах таго часу («Карл I на паляванні», «Конны партрэт Карла I», «Дзеці Карла I», «Дж.Сцюарт, герцаг Рычмандскі», «Ф.Уортан») акцэнтаваў увагу на вытанчаным арыстакратызме вобразаў. Апошнім працам характэрна сухасць каларыту, стандартнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́САВАЯ КУЛЬТУ́РА,
паняцце, якое характарызуе найб. тыповыя спосабы бытавання культуры ў сучасным грамадстве; у шырокім сэнсе — вытв-сцькульт. каштоўнасцей, разлічаная на масавы і падпарадкаваны масам ужытак. Узнікла ў 2-й пал. 20 ст.; з’яўляецца прадуктам трансфармацыі сучаснага грамадства, яго пераходу ад індустр. да постіндустр. (інфармацыйнага) тыпу тэхнал. развіцця і звязана з развіццём сродкаў масавай камунікацыі, павышэннем узроўню адукаванасці мас і дэмакратызацыяй культуры, павелічэннем вольнага часу і інш.
Ахоплівае ўсе віды культуры і субкультуры («субкультуру дзяцінства», сродкі масавай інфармацыі, сістэму дзярж. ідэалогіі і прапаганды, індустрыю вольнага часу і інш.). Вытв-сць, распаўсюджанне і выкарыстанне прадуктаў М.к. маюць індустрыяльна-камерцыйны характар. Сэнсавы дыяпазон М.к. шырокі — ад прымітыўнага кіча да больш складаных і змястоўна насычаных форм (некаторыя віды рок-музыкі, «інтэлектуальны» дэтэктыў і інш.). Яна адпавядае патрэбам масавай аўдыторыі ў эмацыянальнай кампенсацыі і разрадцы, адпачынку, гульнях; адначасова садзейнічае ўкараненню ў свядомасць людзей стандартызаваных норм асабістай культуры, ідэалагічна арыентаванага светаўяўлення, нівеліроўцы поглядаў і густаў. Пашырэнне М.к. адбываецца праз «мас-медыя» — паліграфію, радыё, тэлебачанне, аўдыё- і відэатэхніку і інш., якія забяспечваюць шырокае развіццё і моцнае псіхал. ўздзеянне на масавага спажыўца. Праяўленне М.к. характэрна для ўсіх краін незалежна ад форм дзярж. ладу. Супрацьстаіць М.к. элітарная культура. Адны філосафы і сацыёлагі разглядалі М.к. ў сувязі з канцэпцыяй масавага грамадства і прадказвалі крах «вышэйшай» культуры ў яе сутыкненні з масай, «натоўпам» (Х.Артэга-і-Гасет, Іспанія; Т.Адорна, Германія), другія — як гранічнае выяўленне духоўнай несвабоды і сродак адчужэння і прыгнёту асобы (Э.Фром, Д.Рысмен, Г.Маркузе, Я.Марэна, ЗША), як страшыдла, што пажырае ў чалавеку ўсё чалавечае (Дж.Оруэл, О.Хакслі, Вялікабрытанія), як сродак задавальнення запатрабаванняў масавага спажыўца (Т.Парсанс, ЗША).
Літ.:
Ортега-и-Гассет Х. Эстетика. Философия культуры: Пер. с исп. М., 1991;
Дар или проклятие?: Мозаика массовой культуры. М., 1994.