КІКЛО́ПЫ, цыклопы,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі аднавокія волаты, сыны Урана і Геі. Былі скінуты бацькам у тартар (бездань), але вызвалены Зеўсам, для якога вырабілі маланкі-стрэлы, што дапамаглі яму адолець тытанаў. Лічыліся памагатымі Гефеста ў яго кузні, будаўнікамі магутных «кіклапічных» пабудоў у Мікенах і Тырынфе. Паводле «Адысеі», К. — дзікае племя, што жыве ў пячорах на аддаленым востраве і не прызнае ўлады багоў.
т. 8, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛЬТЭР’Е́Р,
парода свойскіх сабак. Выведзена ў Вялікабрытаніі скрыжаваннем англ. бульдога з тэр’ерам пры наступным чыстапародным развядзенні. Гадуюць сабакаводы-аматары. Пашыраны на Беларусі.
Сабака магутны, мускулісты, гарманічнага целаскладу, масай да 32 кг. Масць белая або плямістая. Адважны, можа адолець і больш моцнага праціўніка, першы не нападае, надзейны вартавы. Мае добрыя ахоўныя і паляўнічыя якасці. Гадуюць таксама карлікавага бультэр’ера (выш. ў карку да 35,5 см і маса да 9 кг) і стафардшырскага бультэр’ера (рост 35,5—40,5 см, маса ад 11—12 да 15—17 кг), які ў старажытнасці выкарыстоўваўся для цкавання быкоў і мядзведзяў, пазней — для сабачых баёў.
т. 3, с. 336
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)