аднамесны аўтамабіль, прызначаны для скорасных спаборніцтваў на кальцавых закрытых (для інш. транспарту) трасах. Адрозніваецца малой масай, магутным рухавіком, размяшчэннем колаў па-за межамі кузава, адсутнасцю крылаў у колаў і інш. Паводле Міжнар. класіфікацыі адносяць да груп 7 і 8. У групу 7 уваходзяць гоначныя аўтамабілі формул — 1 (аб’ём рухавіка да 3000 см³ без наддуву ці да 1500 см³ з наддувам), 2 (да 2000 см³), 3 (да 2000 см³ з абмежаваннем магутнасці); у групу 8 — гоначны аўтамабіль «свабоднай» формулы (параметры ўстанаўлівае спарт. федэрацыя краіны). Гл. таксама Карт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭДЫКА́Т (ад лац. praedicatum сказанае),
тое, што ўласцівасць; у вузкім сэнсе — уласцівасць асобнага прадмета, у шырокім — адносіны, г.зн. уласцівасць некалькіх прадметаў. У арыстоцелеўскай і традыц. логіцы разумеўся толькі як адзін з двух тэрмінаў суджэння — той, у якім нешта гаворыцца аб суб’екце. Больш агульная трактоўка П. звязана з разглядам прэдыкацыі як прыватнага выпадку функцыянальнай залежнасці. У сучаснай логіцы П. — лагічная (або прапазіцыянальная) функцыя — выраз з нявызначанымі тэрмінамі (пераменнымі), які пры выбары канкрэтных значэнняў для гэтых тэрмінаў пераўтвараецца ў асэнсаванае (ісціннае або памылковае) выказванне. У лагічнай структуры суджэння традыц. паняцці П. і суб’екта замяняюцца адпаведна на дакладныя матэм. паняцці функцыі і яе аргумента.
У адпаведнасці з гэтым П. вызначаюцца на мноствах (абласцях прадметаў); элементы якіх служаць аргументамі, або значэннямі адпаведных пераменных. Пры функцыянальнай форме запісу П. ад η пераменных выражаюць формулай P(x1, ... xn), дзе η ≥ 0. Пры η = 0 П. супадае з выказваннем, пры η = 1 П. з’яўляецца ўласцівасцю ў вузкім сэнсе (аднамесны П.), пры η = 2 — уласцівасцю «пары» (двухмесны П.), пры η = 3 — уласцівасцю «тройкі» (трохмесны П.) і г.д.Гл. таксама Логіка прэдыкатаў, Функцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНІШЧА́ЛЬНІК,
высокаманеўраны баявы самалёт для перахвату і знішчэння паветраных сродкаў нападу, паражэння малапамерных і рухомых наземных і надводных аб’ектаў. Можа выкарыстоўвацца для паветранай разведкі і мініравання з паветра. Радыус дзеяння больш за 700 км, скорасць да 3000 км/гадз, вышыня палёту да 30 км.
З. пачалі выкарыстоўваць у 1-ю сусв. вайну; першы паветраны бой і таран на З. ажыццявіў заснавальнік вышэйшага пілатажу П.М.Несцераў. У 2-ю сусв. вайну асн. відам З. быў аднамесны самалёт з поршневым рухавіком. Лепшымі З. былі: Як-3, Ла-7 (СССР), Me-109E (Германія), P-51 (ЗША). У 1940-я г. створаны рэактыўныя З., упершыню перавышана скорасць гуку. Лепшым З. быў МіГ-15. Сучасныя З. — рэактыўныя звышгукавыя усепагодныя, аснашчаныя ЭВМ, разнастайным прыцэльна-навігацыйным абсталяваннем, маюць высокадакладную зброю з радыёлакацыйнай, інфрачырвонай, тэлевізійнай, лазернай сістэмамі навядзення, а таксама бомбы, некіроўныя ракеты, пушкі. У краінах СНД З. падзяляюцца на франтавыя (уласна З.), З.-перахватчыкі і З.-бамбардзіроўшчыкі (у ВПСНАТО З.-перахватчыкі і З.-бамбардзіроўшчыкі аб’яднаны паняццем «тактычны З.»). Лепшыя З. 1990-х г.: МіГ-29, Су-27 (Расія), «Міраж-2000» (Францыя), F-15, F-16, F-18 (ЗША), «Тарнада» (ФРГ, Вялікабрытанія, Італія). Узбр. сілы Беларусі аснашчаны З. МіГ-29 і Су-27. Гл. таксама Авіяцыя.