ГРА́НДЫ (Grandes),
у сярэдневяковай Іспаніі вышэйшае духоўнае і свецкае дваранства. Займалі высокія дзярж. пасады, карысталіся вял. прывілеямі і былі вызвалены ад падаткаў. З 16 ст. гранды — спадчынны дваранскі тытул (адменены ў 1931).
т. 5, с. 406
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАФІ́Н (франц. dauphin),
з 12 ст. тытул феад. уладальнікаў графстваў Аверні і В’енуа (пазней Дафінэ). Пасля далучэння тэр. Дафінэ да ўладанняў франц. караля (сярэдзіна 14 ст.) Д. — тытул наследніка франц. прастола. Адменены ў 1830.
т. 6, с. 68
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАХАНГІ́Р (Салім) (1569, г. Агра, Індыя — 1627),
правіцель Магольскай імперыі [1605—27]. З дынастыі Вялікіх Маголаў, сын Акбара. Пры ім адменены рэформы Акбара, узмацнілася ўлада феадалаў-джагірдараў (гл. Джагір). У 1613 дазволіў англ. Ост-Індскай кампаніі заснаваць гандл. факторыю ў г. Сурат. Пашырыў межы дзяржавы на Пн Індыі. Знаўца мастацтва і л-ры, мецэнат архітэктуры і мініяцюрнага жывапісу. Аўтар успамінаў.
т. 6, с. 88
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУХАРЭ́СЦКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1918.
Падпісаны паміж Германіяй, Аўстра-Венгрыяй, Балгарыяй і Турцыяй з аднаго боку і Румыніяй з другога 7.5.1918 у г. Бухарэст (Румынія). Паводле яго Румынія ўступала Аўстра-Венгрыі пагран. ўчасткі (каля 6 тыс. км²), вяртала Балгарыі Паўд. Дабруджу, над Паўн. Дабруджай усталёўвалася сумеснае кіраванне краін герм. блока. Пасля паражэння у 1-й сусв. вайне краін герм. блока Румынія адмовілася ратыфікаваць дагавор і ён быў адменены Версальскім мірным дагаворам 1919.
т. 3, с. 364
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІДАЎДА́НСКАЯ КАНСТЫТУ́ЦЫЯ 1921, канстытуцыя Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў. Прынята 28 чэрв. ў дзень св. Віда (Vidovdan). Абвясціла каралеўства парламентарнай і спадчыннай манархіяй на чале з сербскім каралём з дынастыі Карагеоргіевічаў. Паводле Відаўданскай канстытуцыі каралю належала выканаўчая і заканадаўчая (разам з 1-палатным парламентам — нар. скупшчынай) улада. Паліт. правы і свабоды (слова, друку, сходаў і інш.) маглі быць адменены каралём. Замацоўвала пануючае становішча ў грамадстве сербскай паліт. эліты. Адменена 6.1.1929 у выніку ўстанаўлення ў краіне ваенна-манархічнага рэжыму.
т. 4, с. 141
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮ́ТНЫ ПАРЫТЭ́Т,
заканадаўча ўстаноўленыя адносіны паміж валютамі дзвюх краін. З’яўляецца асновай валютнага курсу. Пры монаметалізме і біметалізме валютны парытэт — суадносіны грашовых адзінак па іх метал. вартасці. Залаты парытэт — суадносіны грашовых адзінак розных краін па іх афіцыйнай залатой вартасці (адменены ў 1976—78). Ва ўмовах абарачэння не размененых на золата крэдытных і папяровых грошай валютны парытэт устанаўліваецца ў залежнасці ад узроўню цэн унутры краіны і пакупной здольнасці замежных валют, а таксама (як і валютны курс) на базе валютнага кошыка і СДР.
т. 3, с. 497
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПІГО́ЛЬД (англ. copyhold трыманне па копіі ад сору копія + hold трыманне),
асноўная форма феадальна-залежнага дробнага сял. землеўладання ў Англіі 15—17 ст. На права валодання зямельным надзелам селяніну выдавалі копію (адсюль назва) — выпіску з пратакола суда манара. Сяляне-капігольдэры не мелі прававой абароны ў судах, неслі шмат павіннасцей на карысць лорда. У большасці выпадкаў К. быў пажыццёвым, а не спадчынным. У пач. 16 ст. адбылося масавае абеззямельванне капігольдэраў. У выніку парламенцкіх агароджванняў К. фактычна ліквідаваны (юрыдычна адменены толькі ў 1925).
т. 8, с. 23
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРЛЯ́НДСКІЯ СТАТУ́ТЫ (лац. Statuta Curlandica),
збор законаў Курляндскага герцагства, складзены ў 1617 з улікам патрабаванняў дваран Курляндыі. Мелі 9 раздзелаў (1-ы і 2-і аб суд. ладзе, 3-і — 8-ы аб прывілеях дваран, 9-ы аб крымін. праве). К.с. абмяжоўвалі на карысць дваран (пераважна немцаў па паходжанні) уладу герцага (мог чаканіць манету, прызначаць чыноўнікаў толькі па ўзгадненні з дваранамі, знешнюю палітыку ўзгадняў з уладамі Рэчы Паспалітай), узаконьвалі прыгонную залежнасць сялян. Пасля далучэння да Расіі і ліквідацыі Курляндскага герцагства (1795) статуты паступова касаваліся, канчаткова адменены ў 1865.
т. 9, с. 50
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНСЭ́ЙСКІЯ ДАГАВО́РЫ,
заключаны ў 1854—58 ЗША, Вялікабрытаніяй, Расіяй, Францыяй, Нідэрландамі з Японіяй у гады Ансэй [афіц. назва гадоў царавання (1854—60) імператара Камэй). Ансэйскія дагаворы паклалі канец больш як двухвяковай ізаляцыі Японіі ад знешняга свету; устанавілі свабоду гандлю замежных купцоў з Японіяй і ўключылі яе ў міжнар. рынак, далі іншаземцам права экстэрытарыяльнасці і консульскай юрысдыкцыі, пазбавілі Японію мытнай аўтаноміі, навязалі нізкія ўвазныя пошліны. Спробы ўрада Японіі скасаваць нераўнапраўныя для яе Ансэйскія дагаворы не мелі поспеху да 1894, калі былі заключаны новыя дагаворы з Вялікабрытаніяй і інш. дзяржавамі. У гандл. пагадненнях 1911 адменены апошнія абмежаванні мытнай аўтаноміі Японіі.
т. 1, с. 377
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЛЬФУС ((Dollfuß) Энгельберт) (4.10.1892, Тэксінг, Аўстрыя — 25.7.1934),
аўстрыйскі паліт. і дзярж. дзеяч. Член Хрысц.-сац. партыі. У 1932—34 федэральны канцлер і міністр замежных спраў Аўстрыі. Урад Д. ва ўмовах паліт. і эканам. нестабільнасці ў краіне ўстанавіў аўтарытарнае праўленне (у 1933 распушчаны парламент і с.-д. «Шуцбунд», адменены свабода друку і сходаў, забаронена камуніст. партыя; у 1934 ліквідавана паўстанне сацыял-дэмакратаў, забаронены ўсе партыі), у знешняй палітыцы арыентаваўся на фаш. Італію, перад пагрозай аншлюсу з боку нацысцкай Германіі ў 1934 заключыў саюз з Італіяй і Венгрыяй. Забіты ў час путчу аўстр. нацыстаў.
т. 6, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)