АДЛУЧЭ́ННЕ ад царквы,

выключэнне з рэлігійнай абшчыны асоб за тое, што адмаўляюць Бога, не шануюць Маці Божую, святыя абразы. Выкарыстоўваецца як мера царк. пакарання ў праваслаўі, каталіцызме, іудаізме і некаторых інш. рэлігіях. Кананічнае права адрознівала вялікае адлучэнне, урачыстае (анафема) і малое (часовае, якое «вылечвае»). У сучасных умовах назіраюцца тэндэнцыі да адмаўлення ад такога пакарання.

т. 1, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУК’Я́НЧЫКАЎ (Сяргей Пятровіч) (н. 9.11.1945, г. Смаленск, Расія),

бел. кінарэжысёр дакумент. кіно, сцэнарыст. Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі (1974). З 1963 на кінастудыі «Беларусьфільм». Рэжысёрскую манеру вылучаюць экспрэсіўнасць, музыкальнасць, арыгінальнасць маст. вырашэння. Сярод спарт. фільмаў «Паляванне на золата» (1974; Гран пры Міжнар. фестывалю спарт. фільмаў у Корціна-д’Ампеца, Італія, 1975), «Шчаслівыя берагі Алімпіі» (1978), «Тэхніка водналыжнага спорту» (1981), «Гарадкі — народная гульня» (1998, Гран пры Міжнар. фестывалю спарт. фільмаў у Палерма, Італія, 1998). Стварыў цыкл маст.-публіцыст. фільмаў «Наш Афганістан» («Боль», 1986; «Я з падпарадкавання выйшаў», 1989; «Сорам», 1990). Дакумент. фільмы «Адлучэнне» (1993), «Смутак» (1994), «Чарнобыль. Фантомы», «Асколкі аўтабіяграфіі», «Чарнобыль. Попел» (усе 1996) пра чарнобыльскую трагедыю. Сярод інш. фільмаў — «Трамвай NON-STOP» (1993), «Другі» (1996, 1-ы прыз Міжнар. фестывалю «Тыдзень сусв. эксперым. кіно», Мадрыд, 1997). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1980.

т. 9, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́БЕРТ ГВІСКА́Р (Robert Guiscard; каля 1015—17.7.1085),

адзін з правадыроў нарманаў, якія ўварваліся ў Італію. Удзельнічаў у войнах з візантыйцамі за тэр. ў Паўд. Італіі, разбіў войскі папы Льва IX пры Чывітатэ (1053). З 1057 граф Апуліі. Папа Мікалай II узаконіў заваяванні Р.Г. і абвясціў яго ў 1059 герцагам Апуліі, Калабрыі і Сіцыліі, а Р.Г. прынёс папу васальную прысягу. Да 1072 валодаў Паўд. Італіяй і Сіцыліяй, залажыў асновы Сіцылійскага каралеўства. Папа Грыгорый VII, імкнучыся прыпыніць далейшыя заваяванні Р.Г., адлучыў яго ў 1074 ад царквы, але ў 1080 зняў адлучэнне і перадаў Р.Г. ў лен усе занятыя ім тэрыторыі. Р.Г. перамог візантыйскія войскі Аляксея I Камніна каля Дырахія (1081). У 1084 прыйшоў на дапамогу папе Грыгорыю VII, якога ў Рыме трымаў у аблозе імп. Генрых IV. Выцесніў войскі імператара з Рыма, зруйнаваў і разрабаваў горад.

т. 13, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕНАНІ́ТЫ,

прыхільнікі адной са старэйшых пратэстанцкіх цэркваў. Рух М. пачаў фарміравацца ў 1530-я г. ў Нідэрландах пад уплывам памяркоўных анабаптыстаў. Яго ўзначаліў каталіцкі святар Мена Сіманс (назва ад яго імя), аўтар асноватворнага для М. трактата «Асновы хрысціянскага вучэння» (1539). Каноны веравызнання М., канчаткова кадыфікаванага на Дарцкай канферэнцыі 1632, уключаюць (акрамя агульнапратэстанцкіх прынцыпаў выратавання і ўсеагульнага свяшчэнства): пакаянне ў грахах, свядомае хрышчэнне дарослых, прычашчэнне, царк. адлучэнне, адмову ад вайск. і дзярж. службы і інш., што прыводзіць іх да самаізаляцыі ад грамадства і дзяржавы; іх паводзіны характарызуюцца маралістычным рыгарызмам. Узмацненне ў Нідэрландах рэпрэсій супраць ератыкоў у 1540—50-я г. прымусіла многіх М. да эміграцыі. З 1683 цэнтрам дзейнасці М. стаў г. Джэрмантаўн (ЗША). Многія з іх эмігрыравалі ў Рэч Паспалітую, адкуль у 1789 пачалі перасяляцца ў Расію. У 1898 у ЗША створана Ген. канферэнцыя М., якіх цяпер у свеце каля 500 тыс. чалавек.

Літ.:

Крестьянинов В.Ф. Меннониты. М., 1967.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 10, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛІ́Ш (Панцеляймон Аляксандравіч) (7.8.1819, г.п. Варонеж Сумскай вобл., Украіна — 14.2.1897),

украінскі пісьменнік, гісторык, этнограф. Вучыўся ў Кіеўскім ун-це (1839—40). У 1846—47 чл. Кірыла-Мяфодзіеўскага таварыства.

Пісаў на ўкр. і рус. мовах. Вывучаў гісторыю Украіны, этнаграфію, нар. творчасць: зб-кі «Украінскія народныя паданні» (1847), «Запіскі пра Паўднёвую Русь» (т. 1—2, 1856—57), гіст. працы «Гісторыя ўз’яднання Русі» (т. 1—3, 1874—77), «Адлучэнне Маларосіі ад Польшчы» (т. 1—3, 1888—89) і інш. Асэнсаванне гіст. падзей на Украіне ў паэме «Украіна» (1843), аповесці «Міхайла Чарнышэнка, або Маларосія восемдзесят гадоў назад» (ч. 1—3, 1843), гіст. рамане «Чорная Рада, хроніка 1663 г.» (1845—57). У маст. творах паказаў барацьбу казацтва за незалежнасць з пэўнай ідэалізацыяй гетманскіх вярхоў, даў рэаліст. карціны побыту. Аўтар зб-каў вершаў «Світанне» (1862), «Хутарская паэзія» (1882), «Звон» (1893). Заснаваў у Пецярбургу друкарню, дзе выдаў творы М.​Гогаля, Т.​Шаўчэнкі, І.​Катлярэўскага, М.​Ваўчок і інш. Удзельнічаў у рэформе нац. правапісу, склаў укр. буквар «Граматка» (1857). Перакладаў на ўкр. мову Біблію, творы У.​Шэкспіра, Дж.​Байрана, І.​В.​Гётэ, Ф.​Шылера, А.​Пушкіна, А.​Міцкевіча і інш.

Тв.:

Твори. Т. 1—2. Київ, 1989;

Рус. пер.Соч. и письма. Т. 1—5. Киев, 1908—10.

В.​Л.​Чабаненка.

т. 9, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)