БІЯПА́ЛІВА, біялагічнае паліва,
1) біямаса, здольная пры згаранні даваць энергію (драўніна, торф, водарасці і інш.).
2) Арганічныя адкіды (гной, смецце, памёт, драўнянае пілавінне і інш.), якія выдзяляюць у працэсе распаду цяпло. Біяпаліва шырока выкарыстоўваюць для абагравання цяпліц, парнікоў і ахаванага грунту. Пры распаданні біяпаліва вылучаюцца вуглякіслы газ, аміяк і вада, якія спрыяюць росту і развіццю раслін.
т. 3, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАПАКІ́ВІ (фін. rapakivi ад гара адкіды, гразь + kivi камень; гнілы камень),
парфірападобны двухпалявашпатавы граніт павышанай шчолачнасці. Яго авоідная структура ўтворана буйнымі акруглымі ўкрапаннікамі артаклазу, акаймаванымі алігаклазам, абумоўлівае адносна хуткае разбурэнне пароды. Складаецца з артаклазу (каля 40%), алігаклазу (каля 20%), кварцу (каля 30%), цёмнай слюды (каля 8%) і другарадных мінералаў (каля 2%). Колер буравата-ружовы, чырванаваты, радзей зеленаваты, чорны. Шчыльнасць каля 2,65 г/см³, порыстасць 0,3%, супраціўленне сцісканню 100—200 МПа. З’яўляецца субплатформавым утварэннем, якое ўзнікла ў асацыяцыі з постарагенным магматызмам; буйныя масівы Р. акаймоўваюць стараж. платформы. Выкарыстоўваецца як абліцовачны і бутавы камень, сыравіна для мікраклінавага канцэнтрату.
т. 13, с. 307
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАРН (ад швед. skarn гразь, адкіды),
высокатэмпературная кантактава-метасаматычная, поўнакрышт., масіўная, светлаафарбаваная горная парода, складзеная з вапнавых, магнезіяльна-жалезістых і марганцавых сілікатаў і алюмасілікатаў. Утвараецца шляхам хім. ўзаемадзеяння кантактуючых алюмасілікатных і карбанатных парод з высокатэмпературнымі растворамі. Паводле механізму пераносу рэчыва адрозніваюць С. дыфузійны (біметасаматычны) і С. інфільтрацыйны; паводле саставу вылучаюць С.: вапнавы, магнезіяльны, марганцавы. Пры класіфікацыі С. ўлічваюць таксама глыбіні і час утварэння адносна кансалідаваных інтрузіўных сілікатных парод, характар працэсаў пры скарнаўтварэнні і інш. фактары. Са С. звязаны радовішчы многіх карысных выкапняў: жалезныя, вальфрамавыя, медныя, свінцова-цынкавыя, малібдэнавыя руды, каштоўныя камяні (гранаты, у т. л. грасуляр, шпінэлі і інш.).
т. 14, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЛЬЧЫ́РАВАННЕ (ад англ. mulch абкладваць карані раслін саломай, гноем і інш),
пакрыццё глебы ахоўным слоем з розных матэрыялаў (мульчы); агратэхн. прыём. У якасці мульчы выкарыстоўваюць кампосты, тарфяную крошку, перагной, адкіды, адходы дрэваапрацоўкі (апілкі, папера і інш.), іржышча збожжавых, лісце, салому, палімерныя матэрыялы і інш. Адрозніваюць М. суцэльнае, міжрадковае, у прыствольных кругах дрэў і кустоў і вертыкальнае (з запаўненнем мульчой верт. шчылін для перахоплівання паверхневага сцёку). Затрымлівае вільгаць, рэгулюе паветр. і тэмпературны рэжымы глебы, угнойвае яе, узмацняе карысныя біяхім. глебавыя працэсы, перашкаджае ўтварэнню глебавай скарынкі, ветравой і воднай эрозіі, прыгнечвае прарастанне пустазелля. Выкарыстоўваецца пры вырошчванні с.-г. культур, лясных парод. Найб. эфектыўна ў раёнах з недастатковым увільгатненнем.
Л.В.Круглоў.
т. 11, с. 24
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)