ГО́РЫН (Уладзімір Вячаслававіч) (22.10.1952, г. Арол, Расія — 30.7.1996),

бел. вучоны ў галіне заатэхніі. Чл.-кар. Акадэміі агр. навук Рэспублікі Беларусь (1994), д-р с.-г. н., праф. (1992). Скончыў БДУ (1974) і Усесаюзны с.-г. ін-т (1984). У 1976—80 і з 1985 у Бел. НДІ жывёлагадоўлі (з 1987 нам. дырэктара, з 1990 дырэктар ін-та і адначасова навук.-вытв. аб’яднання «Племэліта»). Навук. працы па праблемах павышэння эфектыўнасці селекцыі ў свінагадоўлі на аснове генетыка-папуляцыйных метадаў, спецыялізацыі розных тыпаў, ліній і парод свіней. Адзін са стваральнікаў беларускай мясной пароды і заводскіх тыпаў «Мінскі» адкормачны і «Віцебскі» мясны буйной белай пароды свіней.

Тв.:

Биотехнология свиноводства. Мн., 1993 (разам з В.​С.​Смірновым, І.​П.​Шайко).

У.В.Горын.

т. 5, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЙНА́Я БЕ́ЛАЯ ПАРО́ДА свіней.

Выведзена ў сярэдзіне 19 ст. ў Вялікабрытаніі складаным узнаўленчым скрыжаваннем мясц. познаспелых даўгавухіх свіней са скараспелымі кітайскімі і мнагаплоднымі неапалітанскімі. У канцы 19 — пач. 20 ст. завезена ў Расію, дзе на яе аснове выведзены буйныя белыя свінні трох тыпаў прадукцыйнасці: мясны, мяса-сальны і сальны. Пашыраны ў краінах Еўропы, ЗША Канадзе, Кітаі, Карэі, Японіі, Новай Зеландыі. На Беларусі выведзены бел. тып буйной белай пароды — БКБ-1 (1975) і заводскія тыпы — «Мінскі» адкормачны і «Віцебскі» мясны (1990). Буйная белая парода — асн. планавая парода універсальнага кірунку прадукцыйнасці на Беларусі (больш за 70% ад агульнага пагалоўя пародных свіней). Гадуецца амаль паўсюдна, выкарыстоўваецца для прамысл. скрыжавання з інш. пародамі, для мяснога і беконнага адкорму маладняку і для сальнага — дарослых жывёл.

Свінні моцнай канстытуцыі, з тулавам сярэдняй даўжыні, сярэднім кумпяком, з моцнымі правільна пастаўленымі нагамі, маюць невял. галаву, прамастаячыя вушы. Маса дарослых кныроў 310—350 кг, матак 230—250 кг і больш, даўж. тулава адпаведна 183 і 167 см, пладавітасць 11—12 парасят за апарос.

М.​А.​Лобан.

Свінаматка беларускага тыпу буйной белай пароды.

т. 3, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ЎЕЎСКІ РАЁН,

на У Гродзенскай вобл. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 1960). Пл. 1,9 тыс. км². Нас. 37,8 тыс. чал. (1997), гарадскога 27,8%. Сярэдняя шчыльнасць 20 чал. на 1 км².

Цэнтр раёна — г.п. Іўе, г.п. Юрацішкі, 372 сельскія населеныя пункты. Надзяляецца на Юрацішкаўскі пассавет, 10 сельсаветаў: Бакштаўскі, Геранёнскі, Іўеўскі, Лаздунскі, Лелюкінскі, Ліпнішкаўскі, Морынскі, Суботніцкі, Трабскі, Эйгердаўскі. Раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Раён размяшчаецца ў межах Лідскай раўніны на Пн і Нёманскай нізіны на Пд. Паверхня раўнінная, 50% тэрыторыі на выш. 150—200 м. каля 50% — ніжэй 150 м. Найвыш. пункт 243,4 м (за 6 км на ПдЗ ад в. Трабы). Карысныя выкапні: пясчана-жвіровы матэрыял, мел;.буд. пяскі, гліны, торф. Сярэдняя т-ра студз. -6,2 °C, ліп. 17,6 °C. Ападкаў 610 мм за год. Вегетац. перыяд 191 сут. Найб р Нёман з прытокамі Бярэзінай (з Іслаччу, Волкай, Чапунькай) і Гаўяй (з Клявай, Жыжмай і Апітай). На ПнУ ад г.п. Іўе Лаздунскае вадасховішча. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя (40%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (29,4%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (12,3%), тарфяна-балотныя (11,6%). Пад лесам 44.7% тэрыторыі, з іх 22,3% — штучныя насаджэнні. Найб. лясістасць на ПдУ і ПнЗ, на У частка лясоў (20 тыс. га) Налібоцкай пушчы. Пераважаюць хваёвыя лясы. Балоты займаюць 4,7% тэрыторыі Найб. балотныя масівы: Сіма, Жыжма, Краснае балота. Нац. парк Налібоцкі. заказнікі мясц. значэння: біялагічны — Урочышча Краснае і ландшафтны — Раздоры.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 79,2 тыс. га, з іх асушаных 25,7 тыс. га. На 1.1.1997 у раёне 20 калгасаў, адкормачны пункт. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёла-, свіна- і конегадоўлі. Вырошчваюць збожжавыя, лён, цукр. буракі, алейныя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы харч. (садавіна-агароднінныя кансервы, хлеб, каўбасы, макарону, спірт, агародніна-сушыльныя вырабы і інш.), дрэваапр. і буд. матэрыялаў прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка Ліда—Маладзечна, аўтадарога Гродна—Мінск. Раённы цэнтр звязаны аўтадарогамі з г. Ашмяны і Навагрудак. У раёне 16 сярэдніх, 16 базавых, 5 пач. школ, школа-інтэрнат, муз. школа, прафес.-тэхн. вучылішча, 17 дашкольных устаноў, 13 дамоў культуры, 38 клубаў, 5 клубаў-бібліятэк, 44 б-кі, 9 бальніц, амбулаторыя, 27 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: Мікалаеўскі касцёл (1519, рэканструяваны ў 1883) і руіны замка (15—16 ст.) у в. Геранёны, касцёл Марыі (1772) у в. Дуды, сядзіба (1870-я г.) у в. Жамыслаўль, Сямёнаўскі касцёл (1904) у в. Лаздуны, Казіміраўскі касцёл (пач. 20 ст.) і капліца (19 — пач. 20 ст.) у в. Ліпнішкі, Мікалеўская царква (пач. 20 ст) у в. Морына, касцёл (1907) у в. Суботнікі, Троіцкі касцёл (18 ст.) у в. Сурвілішкі, касцёл Раства Багародзіцы (пач. 20 ст.) і Петрапаўлаўская царква (19 — пач. 20 ст.) у в. Трабы. Выдаецца газ. «Іўеўскі край».

Г.​С.​Смалякоў.

т. 7, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)