ФІКСА́ЦЫЯ (позналац. fixatio, ад лац. fixus цвёрды, нерухомы, моцны),
1) замацаванне чаго-н. у пэўным становішчы.
2) Устанаўленне, вызначэнне тэрмінаў выканання пэўнай справы, узроўню развіцця чаго-н. (напр., Ф. ўзроўню зарплаты і цэн).
3) Адзначэнне, вылучэнне звестак, думак у свядомасці, памяці, таксама іх замацаванне ў пісьмовай, фатагр., камп’ютэрнай формах.
4) Засяроджванне на чым-н. увагі.
5) Апрацоўка фіксажам фатаграфічным праяўленых адбіткаў на негатыве або пазітыве.
6) Спосаб захавання прыжыццёвай структуры і хім. саставу клетак, тканак і органаў жывых арганізмаў. Адбываецца шляхам іх апрацоўкі рознымі рэактывамі (фармалінам, спіртам, ацэтонам, чатырохвокісам осмію) і кансервацыяй, таксама высушваннем і замарожваннем ва ўмовах вакууму.
т. 16, с. 382
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)