князь уладзіміра-валынскі [1073—76], тмутараканскі [1083—94], чарнігаўскі [1094—96], ноўгарад-северскі [1097—1115]. Сын Святаслава Яраславіча. У 1076 разам з Уладзімірам Манамахам здзейсніў паход у Чэхію. У 1078, пасля няўдалай спробы замацавацца ў Чарнігаве, уцёк у Тмутаракань. Трапіў у палон да хазараў (1079), 4 гады прабыў у Канстанцінопалі і на в-ве Родас. У 1094 заняў Чарнігаў, але вымушаны быў аддаць яго брату Давыду (1096). Паводле рашэння Любецкага з’езда 1097 атрымаў ва ўдзел Ноўгарад-Северскі. Удзельнічаў у Віцячоўскім 1100 і Залотчаўскім 1101 княжацкіх з’ездах, у паходах на полаўцаў (1107 і 1113).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯ́ДЗЯ,
старажытная адзінка (мера) даўжыні ў Беларусі і Расіі, роўная макс. адлегласці па прамой лініі паміж канцамі выцягнутых вялікага і ўказальнага пальцаў рукі чалавека. Слова «П.» абазначае «кісць рукі» і паходзіць ад агульнага кораня са словам «пяць». Лікавае значэнне П. вагалася ад 18 да 27 см. У 16 ст. мерную П. прыраўнавалі да 1/4аршына (17,78 см), пасля чаго найменне «П.» паступова выйшла з карыстання. Захавалася ў прымаўках: «Ні пядзі зямлі» (не аддаць, не саступіць). У англамоўных краінах выкарыстоўваюць падобную адзінку даўжыні спэн (англ. span — пядзя), роўную 9 цалям, або 22,86 см.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАШТА́ЦКІ МІР 1714,
мірны дагавор, які разам з Утрэхцкім мірам 1713 завяршыў вайну за іспанскую спадчыну. Заключаны 6.3.1714 у г. Раштат (Германія) паміж імператарам «Свяшчэннай Рым. імперыі» (ён жа эрцгерцаг Аўстрыі) Карлам VI Габсбургам і Францыяй. Пацвердзіў умовы Утрэхцкага міру; Аўстрыя захавала пад сваёй уладай Сардзінію, атрымала значную ч.ісп. спадчыны (Неапалітанскае каралеўства, ч. Тасканы, Міланскае герцагства ў Італіі і Ісп. Нідэрланды), прызнала захаванне за Бурбонамі ісп. кароны. Францыя пагадзілася аддаць захопленыя ёю гарады і крэпасці на правым беразе Рэйна (Брайзах, Кель, Фрайбург) і разбурыць свае прырэйнскія ўмацаванні. Абвешчана свабода суднаходства па Рэйне. 7.9.1714 да дагавора далучыліся ням. дзяржавы «Свяшчэннай Рым. імперыі», што ўдзельнічалі ў вайне за ісп. спадчыну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПО́ВІЧ (Пётр Уладзіміравіч) (15.10.1874, г. Гомель ? — 13.4.1917),
удзельнік бел. і рас.рэв. руху. Вучыўся ў Гомельскай і Слуцкай гімназіях, Маскоўскім (1895—96), Тартускім (1898—99), Берлінскім (1899—1901) ун-тах. У 1896—98 вёў рэв. агітацыю ў Гомелі і Нясвіжы. Адзін з арганізатараў Гомельскага к-таРСДРП. У лют. 1901, калі даведаўся пра рашэнне рас. улад аддаць у салдаты студэнтаў Кіеўскага і Пецярбургскага ун-таў, якія ўдзельнічалі ў студэнцкіх хваляваннях, смяротна параніў міністра асветы М.П.Багалепава; асуджаны на 20 гадоў катаргі. У 1907 уцёк, уступіў у Пецярбургу ў Баявую арг-цыю партыі эсэраў, стаў пам. Е.Ф.Азефа. Пасля выкрыцця Азефа (1908) адышоў ад парт. спраў, эмігрыраваў у Вялікабрытанію. Загінуў пры вяртанні ў Расію на судне, патопленым герм. падводнай лодкай у Паўн. моры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЗЕ́Л ЦЭ́РКВАЎ,
падзел хрысціянскай царквы на каталіцкую і праваслаўную. Асн. прычынай падзелу з’явілася саперніцтва паміж папамі Рыма і патрыярхамі Канстанцінопаля ў выніку Taro, што пасля падзелу Рымскай імперыі ў гэтых гарадах склаліся 2 рэліг. цэнтры, паміж якімі да 7 ст. выявіліся пэўныя адрозненні ў дагматыцы, арганізацыі і абрадах. Традыцыйна падзел датуецца 1054, калі паглыбленыя рознагалоссі прывялі да таго, што папа Леў IX і патрыярх Кіруларый абвясцілі адзін аднаму анафему. Завяршыўся П.д. пасля заваёвы ў 1204 Канстанцінопаля крыжакамі. Прыхільнікі П.ц. пасля расколу пачалі называць сваіх праціўнікаў з другой канфесіі хрысц. царквы схізматыкамі. У 1965 на 2-м Ватыканскім саборы папа Павел VI і канстанцінопальскі патрыярх Афінагор I вырашылі «аддаць забыццю» анафему 1054. Гэта рашэнне з’явілася вынікам сучаснага экуменічнага руху да аб’яднання хрысц. канфесій. Гл. таксама Каталіцызм, Праваслаўе, Хрысціянства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ПАЛЬСКІ РАССТРЭ́Л 1905,
расстрэл царскімі войскамі сялян в. Опаль і Лядавічы Кобрынскага пав. 5, 6 і 22 снеж. сяляне в. Опаль і Лядавічы спынілі ўсе работы і ў пісьмовай форме выставілі аканому маёнтка патрабаванні: аддаць ім 600 дзес. зямлі, адмяніць адработкі за пашу, вадапой і за праезд да надзелаў, павысіць аплату працы ў маёнтку з 20 кап. да 1 руб. ў дзень, выплаціць ім 120 тыс.руб. за несправядлівае карыстанне памешчыкам спрэчных зямель. 10 снеж. забаставалі 50 батракоў. Памешчык не згадзіўся з патрабаваннямі і выклікаў роту салдат для аховы. На сходзе сяляне вырашылі захапіць маёнтак. 30 снеж. каля 700 чал. з абедзвюх вёсак пайшлі да сядзібы Салдаты адкрылі агонь: забілі 5 і цяжка паранілі 7 чал., 31 снеж. сяляне абяззброілі патруль і праніклі ў маёнтак. Быў забіты яшчэ 1 селянін. У маёнтак прыбыў эскадрон драгун, павет аб’яўлены на становішчы ўзмоцненай аховы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДО́ЎЖАНЫЯ ЗЫ́ЧНЫЯ, гемінаты,
зычныя, якія вымаўляюцца працяжна ў параўнанні з іх звычайным вымаўленнем у адным і тым жа моўным тэмпе. У бел. мове падаўжэнне ўзнікае ў выніку спалучэння аднолькавых зычных на стыку марфем («з + зываць = ззываць», «ад + даць = аддаць», «камен + ны = каменны», «ран + ні = ранні», падаўжаюцца і цвёрдыя, і мяккія зычныя), а таксама ў выніку асіміляцыі гука «й» папярэднім мяккім зычным «с’», «з’», «ц’», «дз’», «н’», «л’» і цвёрдых «ч», «ж», «ш» (якія раней былі мяккімі) у становішчы паміж галоснымі («кассё», «палоззе», «вецце», «моладдзю», «насенне», «ралля», «сучча», «збожжа», «цішшу»). Артыкуляцыйна і акустычна падаўжэнне выбухных і афрыкат выражаецца ў значным павелічэнні часу змычкі, фрыкатыўных — часу фрыкацыі. П.з. ўвасабляюць 2 фанемы. У адзінкавых словах («ззяць», «сёння») П.з. належаць адной марфеме.
Літ.:
Крывіцкі А.А., Падлужны А.І. Фанетыка беларускай мовы. Мн., 1984;
Беларуская мова: Цяжкія пытанні фанетыкі, арфаграфіі, граматыкі. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯАЯ́НСКАЯ БІ́ТВА 1904,
баявыя дзеянні 24.8—3.9.1904 у раёне г. Ляаян (Паўн.-Усх. Кітай) паміж рус. Маньчжурскай арміяй і трыма (1, 2, 4-я) яп. арміямі ў час руска-японскай вайны 1904—05. Паводле плана яп. камандавання (маршал І.Аяма) прадугледжвалася рашучае наступленне з абходам флангаў рус. арміі. Але сілы яп. войск (каля 130 тыс.чал., 508 гармат) не дазвалялі ажыццявіць гэты план. Рус. армія (152 тыс.чал., 606 гармат) падрыхтавала для абароны тры рубяжы. План рус. камандавання (ген. А.М.Курапаткін) насіў пасіўна-чакальны характар і аддаваў ініцыятыву праціўніку. Таму нават нязначны поспех яп. войск (24—26 жн.) на адным з участкаў іх наступлення (раён Анпіліна) і адсутнасць у Курапаткіна дакладных звестак аб сілах праціўніка прымусілі яго аддаць загад пра адыход на 2-і рубеж абароны (за 8 км на Пд і ПдУ ад Ляаяна). Актыўнасць наступаючых, іх намаганні акружыць рус. армію зноў прымусілі (3 вер.) ген. Курапаткіна адступіць. Рус. войскі пакінулі Ляаян і адышлі за р. Шахэ. Страты яп. склалі 24 тыс.чал., рускіх — 16 тыс.чал. У выніку памылак рус. камандавання, яп. войскі дасягнулі ў гэтай аперацыі аператыўнага поспеху.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРЛО́ЎСКІ РАССТРЭ́Л 1905,
расстрэл царскімі войскамі і паліцыяй мітынгу ў Мінску 31.10.1905. У гэты дзень да гараджан дайшлі звесткі пра Маніфест 17 кастрычніка 1905, які абвясціў у краіне дэмакр. свабоды, надаваў заканад. паўнамоцтвы Дзярж. думе, але захаваў у Расіі манархію. Жыхары выходзілі на вуліцы. Натоўпы людзей ператвараліся ў мітынгі і дэманстрацыі, удзельнікі якіх з чырв. сцягамі і рэв. песнямі накіроўваліся да Віленскага вакзала Лібава-Роменскай чыгункі (зараз вакзал Мінск-Пасажырскі). Па патрабаванні ўдзельнікаў мітынгу губернатар П.Р.Курлоў вызваліў палітвязняў. Пад вечар на плошчы перад вакзалам сабралася каля 20 тыс.чал. Каб разагнаць мітынг, жандарскі палкоўнік Вільдэман-Клопман са згоды Курлова распарадзіўся адкрыць стральбу па яго ўдзельніках. Ахвярамі сталі каля 100 чал., каля 300 чал. былі паранены. У адказ на гэта злачынства Мінская арг-цыяРСДРП звярнулася да жыхароў горада з адозвай, у якой патрабавала: неадкладна аддаць пад суд Курлова і інш. асоб, вінаватых у расстрэле, распусціць паліцыю, выдаліць з горада казакоў, забяспечыць сем’і ахвяр за кошт дзяржавы, адміністрацыі горада і ўзбр. сілам не ўмешвацца ў сходы грамадзян. Мінскі кааліцыйны савет у знак пратэсту аднавіў усеагульную стачку, якая працягвалася да 6.11.1905. Пачалося афіцыйнае расследаванне. Аднак злачынцаў да адказнасці не прыцягнулі. Курлоў не прызнаў сваёй віны і пераклаў яе на вайск. камандаванне.
У.Г.Філякоў.
Курлоўскі расстрэл. З карціны І.А.Давідовіча. 1939 Нац. мастацкі музей Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭ́ЎСКАЯ У́НІЯ 1385,
дзярж. саюз паміж Вялікім княствам Літоўскім і Польшчай, заключаны 14.8.1385 у Крэўскім замку. Акт К.у. — дакументальнае зацвярджэнне вял. князем ВКЛЯгайлам папярэдне прынятых абавязацельстваў перайсці ў каталіцтва і ахрысціць паводле лацінскага абраду ўсіх язычнікаў-літоўцаў, а таксама стварыць дзярж. саюз (унію) ВКЛ і Кароны Польскай. У акце зафіксавана таксама абяцанне польскіх паслоў ад імя сваёй дзяржавы аддацькн. Ягайлу ў жонкі малалетнюю каралеву Ядвігу, а з ёю і польскую карону. Акт падпісалі Ягайла, князі Скіргайла, Лугвен, Карыбут, Вітаўт. Агульным гал. фактарам саюзу была барацьба абедзвюх дзяржаў з Тэўтонскім ордэнам, небяспека з боку якога ўзмацнілася і пагражала стратай зямель Польшчы і ВКЛ. Польская шляхта хацела спыніць ваенныя канфлікты з ВКЛ з-за Валыні, а каталіцкая царква — мірным шляхам ахрысціць апошні язычніцкі народ у Еўропе. 2.2.1386 на з’ездзе польскай шляхты ў Любліне Ягайлу абралі каралём Польшчы. Ён прыбыў у Кракаў, прыняў са сваімі братамі каталіцтва і атрымаў імя Уладзіслаў. 18.2.1386 Ягайла ажаніўся з Ядвігай, а 4.3.1386 быў каранаваны. Абедзве дзяржавы аб’ядноўваў адзін манарх (праўда, ненадоўга), але кожная з іх захоўвала сваю сістэму кіравання, праводзіла самаст. палітыку. Працягам К.у. была Віленска-Радамская унія 1401. Аддаленыя вынікі К.у. — даволі трывалы дзярж. саюз (трымаўся на персанальнай уніі) ВКЛ і Польшчы на працягу 14—16 ст., да заключэння Люблінскай уніі 1569, паступовае збліжэнне дзярж. інстытутаў ВКЛ і Польшчы, а таксама культ. збліжэнне вярхоў грамадства. Дзякуючы саюзу ўдалося ліквідаваць пагрозу з боку Тэўтонскага ордэна, перамагчы яго ў Грунвальдскай бітве 1410, адкрыць гандл. шляхі ў Зах. Еўропу. На ўсходзе ВКЛ з дапамогай Польшчы ўдалося стрымліваць націск з боку Маскоўскай дзяржавы. Адным з вынікаў уніі быў шырокі дыпламатычны выхад ВКЛ у Еўропу, а таксама культ. збліжэнне з інш. краінамі Еўропы.