вялікі князь ВКЛ [1432—40]. Малодшы сын Кейстута, брат Вітаўта. У час барацьбы за ўладу паміж Вітаўтам і вял.кн.Ягайлам апошнім быў зняволены (1382—84). Удзельнік бітвы на Ворскле 1399, перагавораў і заключэння мірных дагавораў з Тэўтонскім ордэнам 1398, 1411, 1422 і 1431, уній Польшчы з ВКЛ, пачынаючы з 1401, Грунвальдскай бітвы 1410. Пасля смерці Вітаўта і абрання на трон ВКЛСвідрыгайлы ў 1432 удзельнічаў у змове супраць вял. князя. Пасля ўцёкаў Свідрыгайлы ў Полацк Ж. К. абвешчаны вял. князем ВКЛ. Яго ўладу прызналі Літва, Жамойць, Падляшша, Берасцейска-Драгічынская і Менская землі, прынёманскія воласці. Астатнія бел., укр. і рускія землі падтрымалі Свідрыгайлу, які замацаваўся ў Віцебску (гл.Свідрыгайлы паўстанне 1432—39). Каб залучыць на свой бок бел. і ўкр. феадалаў, Ж.К. выдаў прывілей 1434, пачаў вылучаць на дзярж. пасады літ. і бел. баяр, што выклікала незадавальненне буйных феадалаў і князёў. У апошнія гады панавання Ж.К. пачаў аддаляцца ад Польшчы і страціў яе падтрымку. Забіты ў Трокскім замку ў выніку змовы феадалаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВО́ЯДЖЭР»
(англ. Voyager),
назва амерыканскіх аўтам. міжпланетных станцый для даследавання планет-гігантаў Сонечнай сістэмы і іх спадарожнікаў з пралётнай траекторыі.
«Вояджэр-2» і «Вояджэр-1» (маса кожнага 798 кг), запушчаныя 20.8 і 5.9.1977, праляцелі адпаведна 9.7 і 5.3.1979 на адлегласцях 648 тыс.км і 280 тыс.км ад Юпітэра; адкрыты кальцо і 3 спадарожнікі. Станцыі зрабілі гравітацыйны манеўр у полі прыцягнення Юпітэра і ў 1980—81 праляцелі каля Сатурна; выяўлена 6 спадарожнікаў, мноства кольцаў Сатурна, даследавана іх тонкая структура. Пасля гэтага «Вояджэр-1» выйшаў за межы экліптыкі. «Вояджэр-2» пасля карэкцыі траекторыі праляцеў 24.1.1986 каля Урана, была пацверджана наяўнасць кольцаў вакол планеты, выяўлены 10 спадарожнікаў, 20.4.1989 праляцеў каля Нептуна, адкрыты 4 кальцы, 6 спадарожнікаў, праведзены даследаванні спадарожніка Трытон. Апошняя інфармацыя з «Вояджэра-2» атрымана на пач. 1990 (панарама з 6 планет Сонечнай сістэмы). У выніку палётаў «Вояджэра» вызначаны састаў і дынаміка атмасфер планет, удакладнены мадэлі іх унутр. будовы і паходжання Сонечнай сістэмы. На борце «Вояджэра-1» і «Вояджэра-2» знаходзяцца пасланні пазаземным цывілізацыям. Станцыі працягваюць аддаляцца ад Сонца; сувязь з імі плануецца падтрымліваць да 2000.
Н.А.Ушакова.
Аўтаматычная міжпланетная станцыя «Вояджэр»: 1 — тэлевізійныя камеры; 2 — дэтэктары плазмы, касмічных прамянёў і зараджаных часціц; 3 — востранакіраваная і маланакіраваная антэны; 4 — штанга з магнітометрамі; 5 — радыеізатопныя энергетычныя ўстаноўкі; 6 — мікрарухавікі; 7 — антэны для рэгістрацыі радыёвыпрамянення планет і хваль у плазме; 8 — радыятар; 9 — ультрафіялетавы і інфрачырвоны спектрометры.Да арт.«Вояджэр». Траекторыя палёту аўтаматычнай міжпланетнай станцыі «Вояджэр-2».