Адгон 1/97, 132; 5/401, 446

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АДГО́Н,

абястлушчанае малако пасля аддзялення вяршкоў ад цэльнага малака. Састаў адгону залежыць ад зыходнага саставу цэльнага малака і ступені яго абястлушчвання. Мае ў сярэднім каля 3,2% бялкоў, 4,8% малочнага цукру, 0,05% тлушчу, 0,7% мінер. рэчываў. Выкарыстоўваецца як харч. дыетычны прадукт, на прыгатаванне сухога і згушчанага малака, сыраквашы, кефіру, кумысу, сыру і інш., выраб казеіну, як корм для маладняку жывёлы і птушак.

т. 1, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫВЁЛЬНЫЯ КАРМЫ́,

прадукты жывёльнага паходжання і адходы іх перапрацоўкі, якія выкарыстоўваюцца на корм с.-г. жывёлам. Найб. пашыраныя Ж.к.: малако і прадукты яго перапрацоўкі (адгон, сыроватка, маслёнка і інш.), адходы мясакамбінатаў (мука мясная, мяса-касцявая. крывяная, субпрадукты і інш.), рыбакамбінатаў (мука рыбная і інш.), птушкафабрык і інкубатарных станцый (мука з гідралізатаў пер’я, тумакі, заморкі), зверабойнага промыслу (мяса цюленяў і інш. жывёл і мука з іх туш), а таксама мясцовыя Ж.к. (кукалкі тутавага шаўкапрада, малюскі, азёрныя рачкі і інш.) Ж.к. маюць шмат біялагічна паўнацэннага пратэіну, багатыя вітамінамі, макра- і мікраэлементамі.

т. 6, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛО́ЧНЫЯ ПРАДУ́КТЫ,

харчовыя прадукты з малака пераважна с.-г. жывёл. Падзяляюцца на натуральнамалочныя прадукты (пітное малако рознай тлустасці, абястлушчанае — адгон, бялковае, вітамінізаванае, адтопленае і інш.; вяршкі, кісламалочныя прадукты), масла (салодка- і кісласметанковае, топленае і інш.), сыры (сычужныя і кісламалочныя), малочныя кансервы (згушчаныя і сухія малако і вяршкі, сухія кісламалочныя прадукты, прэпараты для дзіцячага харчавання і інш.), марожанае, пабочныя прадукты вытв-сці сыру, тварагу (сыроватка) і масла (маслёнка). Атрымліваюць шляхам пастэрызацыі, сепарацыі, стэрылізацыі, збівання, кіпячэння, ператоплівання, згушчэння, сушкі, аднаўлення з малочных кансерваў, зброджвання з дапамогай дражджавых грыбкоў і малочнакіслых бактэрый, уздзеяння сычужным ферментам, унясення напаўняльнікаў (напр., цукру, вітамінаў, садавіны, спецый, араматызатараў) і інш. Маюць лёгказасваяльныя і каштоўныя для арганізма пажыўныя і біялагічна актыўныя рэчывы: бялкі (у т.л. казеін), тлушчы, вугляводы, мінер. солі (асабліва кальцый і фосфар), арган. к-ты, фасфатыды (у т.л. лецыцін), ферменты, вітаміны і інш. Больш стойкія пры захоўванні, чым малако. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці кандытарскіх вырабаў, хлебапячэнні, для выкормлівання маладняку с.-г. жывёл. Многія М.п. — дыетычныя прадукты.

т. 10, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)