«МЫ́ШКА»,
бел. нар. гульня. У гульні могуць удзельнічаць ад 5 да 15 чалавек, якія па дамоўленасці выбіраюць «маці» і «ката». «Кот» адыходзіць убок, а дзеці садзяцца і на калені кладуць рукі далонямі адна да адной. «Маці», заціснуўшы «М.» (манету, гузік, каменьчык) таксама паміж далонямі, абходзіць гуляючых і праводзіць сваімі рукамі паміж далонямі кожнага гульца, пакідаючы «М.» ў аднаго з іх, а потым кліча «ката», які павінен адгадаць, у каго «М.». Калі адгадае, той становіцца «катом», калі не, тады «кот» вяртаецца на сваё месца і пасля 3 спроб выбывае з гульні, а яго месца займае той, у каго апошняга была «М.».
Я.Р.Вількін.
т. 11, с. 54
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАГА́ДКА,
іншасказальнае, вобразнае апісанне якога-небудзь прадмета або з’явы, якія трэба адгадаць; жанр фальклору. Узніклі ў старажытнасці. Змест іх складае ўся шматгранная рэчаіснасць: чалавек, яго дзейнасць, матэрыяльнае, сац. і духоўнае жыццё, прырода і яе з’явы, жывёльны і раслінны свет. З. вызначаецца прадметнасцю, канкрэтнасцю і рэалізмам, афарыстычнасцю і сцісласцю формы, трапнасцю, вобразнай мовай. Метафарычныя і алегарычныя З. аб прыродзе і яе з’явах найб. старадаўнія. З. можа заключаць у сабе метафару або мець формы кароткага апісання ці сціслага апавядання. Пашыраны ў народзе загадкі-пытанні і загадкі-задачы. Захаваўшы свае ранейшыя функцыі (выпрабаванне мудрасці, развіццё паэт. мыслення, кемлівасці, як забава і сродак пазнання свету ў вобразнай форме), З. бытуе і ў наш час, пераважна ў дзіцячым асяроддзі. Паэтычныя З. для дзяцей стварылі Р.Барадулін, В.Вітка, Н.Гілевіч, А.Клышка і інш. бел. пісьменнікі.
Публ.:
Загадкі. /Скл. М.Я.Грынблат, А.І.Гурскі. Мн., 1972.;
Беларускія загадкі/Укл. Я.Саламевіч. Мн., 1989.
Літ.:
Карский Е.Ф. Белорусы. М., 1916. Т. 3,ч. 1. С. 406—417;
Гілевіч Н.С. Паэтыка беларускіх загадак. Мн., 1976.
А.І.Гурскі.
т. 6, с. 495
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)