АДБІ́ТАК,

адлюстраванне тэксту, графічнай інфармацыі на паперы, кардоне і інш. матэрыяле, атрыманае з друкарскай формы. Адрозніваюць адбіткі пробныя (для кантролю якасці) і тыражныя (прадукцыя, якая атрымліваецца з друкарскай машыны). Параўн. копія.

т. 1, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГАТЫ́П (ад логас + typos адбітак),

1) спецыяльна распрацаваны арыгінальны абрыс, выява поўнай або скарочанай назвы фірмы (тавараў фірмы).

2) У паліграфіі — літара з адным з найб. ужывальных слоў ці складоў; выкарыстоўваўся пры ручным наборы.

т. 9, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЁРСТКА,

1) адзін з працэсаў вырабу друкарскай формы — састаўленне старонак (палос) кніг, часопісаў, газет з гранак тэксту, табліц, ілюстрацый, элементаў унутр. афармлення ў адпаведнасці з разметкай або спецыяльна вырабленым макетам. 2). Адбітак (карэктура) са звярстанага набору, прызначаны для выпраўлення памылак.

т. 4, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́НКА,

1) слупок (калонка) адвольнай колькасці тэкставых радкоў, зроблены паліграф. спосабам. Вярстаюцца ў старонкі пэўнага фармату (гл. Вёрстка).

2) Пробны адбітак друкарскага набору для чытання карэктуры.

3) Метал. пласцінка з трыма бартамі для захоўвання, пераноскі і ўстаноўкі набору пры яго апрацоўцы (напр., пры выпраўленні памылак).

т. 5, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАРАДЫЯГРА́ФІЯ (ад аўта... + радыяграфія),

метад рэгістрацыі і вывучэння размеркавання радыеактыўных рэчываў у аб’ектах, якія даследуюцца; разнавіднасць радыяграфіі. Выяўляецца пры накладанні на аб’ект адчувальнага да радыеактыўнага выпрамянення фотаматэрыялу. Выкарыстоўваецца ў эксперым. фізіцы, тэхніцы, біялогіі, медыцыне і інш.

Да арт. Аўтарадыяграфія: аўтарадыяграма (адбітак), якая паказвае размеркаванне фосфару-32 у лісце памідора.

т. 2, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕАГРА́ФІЯ (ад лац. oleum алей + ...графія),

спосаб рэпрадуктавання твораў алейнага жывапісу, пашыраны ў 2-й пал. 19 ст. З’яўлялася рамесніцкай каляровай літаграфіяй на камянях (да 20 ст., у залежнасці ад колькасці фарбаў). Каб атрымаць больш поўнае падабенства, на гатовы адбітак наносяць лак і робяць на ім цісненне, якое імітуе фактуру палатна.

т. 1, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАТЫ́ПІЯ (ад гідра... + грэч. typos адбітак),

выраб фатаграфічных каляровых выяў (пазітываў) з выкарыстаннем водарастваральных фарбавальнікаў. Заключаецца ў паслядоўным перанясенні трох часткова афарбаваных выяў (чырвонай, зялёнай і сіняй) у выглядзе жэлацінавых рэльефаў (матрыц), пакрытых фарбавальнікамі, на фотапаперу або кінаплёнку. Добра перадае колеры выяў, забяспечвае іх устойлівасць супраць выцвітання. Асабліва прыдатная пры масавым друкаванні каляровых кінафільмаў.

т. 5, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭКТУ́РА (ад лац. correctura выпраўленне),

праверка і выпраўленне друкарскага набору, з дапамогай якіх у паліграфіі ўзнаўляюць тэкст і графічныя выявы. Таксама пробны адбітак з друкарскай формы, які звераны ці які трэба зверыць з арыгіналам. У К. неабходна выявіць памылкі і недакладнасці набору і паказаць сістэмай карэктарскіх знакаў, як іх паправіць ў друкарскіх формах.

т. 8, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОНТРАТЫПАВА́ННЕ (ад контра... + грэч. typos адбітак),

выраб копіі (кантратыпу) з негатыва фільма. Тыражыраванне кінафільмаў робяць з кантратыпу, што забяспечвае захаванасць арыгінала (негатыва) фільма.

З каляровага кінанегатыва кантратып атрымліваюць непасрэдным друкаваннем на абарачальную трохслойную кінаплёнку, з чорна-белага спачатку робяць прамежкавы пазітыў, з якога потым друкуюць кантратып. Кантратып фанаграмы робяць асобна (з кантратыпам відарысу сумяшчаецца ў кінакапіравальным апараце).

т. 8, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАТЫ́ПІЯ,

від друкаванай графікі, у якім алейныя фарбы ад рукі наносяцца на ідэальна гладкую паверхню метал. друкарскай формы. Друкаванне робіцца па ўвільготненай паперы, атрыманы адбітак адзін (унікальны). Творам уласцівы прыгожая фактура, багацце колеравых спалучэнняў. Існуе таксама аднаколеравая М., пераважна чорная. Тэхніка М. вядома з 17 ст., пашырана з канца 19 ст.

Да арт. Манатыпія. Р.​Кудрэвіч. Волагда. Сафія. 1960.

т. 10, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)