Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРЫ́ЛІЮ АКСІ́Д,
хімічнае злучэнне берылію з кіслародам, BeO. Бясколерныя крышталі, tпл 2580 °C; не раствараецца ў вадзе, раствараецца ў кіслотах і шчолачах. У прыродзе мінерал брамеліт. Выкарыстоўваецца як запавольнік і адбівальнік нейтронаў, матэрыял для абалонак цвэлаў і паліўных каналаў у ядз. рэактарах, гарачатрывалы і хімічна ўстойлівы матэрыял для спец. керамікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТЫ́ЎНАЯ ЗО́НАядзернага рэактара,
прастора ядзернага рэактара, дзе ў выніку ланцуговай ядзернай рэакцыі выдзяляецца энергія (пераважна ў выглядзе цяпла). Актыўная зона мае: рэчыва, якое дзеліцца (часцей за ўсё ў выглядзе блокаў ці стрыжняў); запавольнік, калі рэакцыя ідзе на павольных нейтронах; цепланосьбіт для адводу цяпла; прылады і прыстасаванні сістэм кіравання, кантролю і аховы рэактара. Як запавольнік выкарыстоўваюцца вада, цяжкая вада, графіт, берылій і інш., як цепланосьбіт — вада, вадзяная пара, цяжкая вада, арган. вадкасці, гелій, вуглякіслы газ, вадкія металы (пераважна натрый). Для памяншэння ўцечкі нейтронаў актыўная зона акружаецца адбівальнікам нейтронаў (з тых жа рэчываў, што і запавольнік). Форма актыўнай зоны цыліндрычная.
Літ.:
Петросьянц А.М. Ядерная энергетика. 2 изд. М., 1981;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙТРО́ННЫЯ БОЕПРЫПА́СЫ,
разнавіднасць ядз. боепрыпасаў з павышаным выхадам нейтроннага выпрамянення; зброя масавага знішчэння. Асн. частка энергіі Н.б. вылучаецца за кошт рэакцыі сінтэзу ядзер дэйтэрыю і трытыю; колькасць энергіі, што атрымліваецца ў выніку дзялення цяжкіх ядраў у дэтанатары, дастатковая для пачатку рэакцыі сінтэзу. Кампаненты (дэйтэрый і трытый) уваходзяць у састаў зарада ў выглядзе цвёрдага рэчыва (гідрыду металу) або знаходзяцца ў сціснутым газападобным стане. Пры выбуху Н.б. на ўтварэнне пранікальнай радыяцыі траціцца да 70% энергіі за кошт змяншэння затрат на інш. паражальныя фактары (ударная хваля, светлавое выпрамяненне і інш.). На аднолькавай адлегласці ад эпіцэнтра выбуху доза пранікальнай радыяцыі ў Н.б. у 5—10 разоў большая, чым у ядз. боепрыпасаў той жа магутнасці. Выкарыстоўваюцца ў артыл. снарадах, бомбах, баявых частках ракет і інш.Вытв-сць Н.б. пачалася ў ЗША і некаторых інш. краінах у пач. 1980-х г.
П.В.Сычоў, І.У.Мацвееў.
Да арт.Нейтронныя боепрыпасы. Схема нейтроннага снарада «пушачнага» тыпу: 1 — корпус з сістэмай утрымання плазмы ў зоне рэакцыі; 2 — сумесь дэйтэрыю і трытыю; 3 — адбівальнік нейтронаў; 4 — зарад плутонію 239; 5 — зарад выбуховага рэчыва; 6 — дэтанатар; 7 — крыніца нейтронаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́СЯЦАВЫ САМАХО́ДНЫ АПАРА́Т,
месяцаход, транспартная прылада, якая можа кіравацца аўтаматычна ці касманаўтамі, для перамяшчэння па паверхні Месяца і правядзення навук. даследаванняў.
Першыя аўтам. М.с.а., кіравальныя з Зямлі, «Месяцаход-1» і «Месяцаход-2» створаны ў СССР і дастаўлены на паверхню Месяца 17.11.1970 аўтам. міжпланетнай станцыяй (АМС) «Месяц-17» і 16.1.1973 — АМС «Месяц-21» адпаведна. Месяцаходы складаліся з 2 асн. частак: герметычнага прыборна-агрэгатнага адсека і колавага шасі. У адсеку размяшчаліся сістэмы тэрмарэгулявання, электрасілкавання, радыёкомплексу, дыстанцыйнага кіравання і інш. Звонку знаходзіліся ТВ-камеры, антэны, навук. апаратура і інш. Электрасілкаванне забяспечвалася хім. і сонечнымі батарэямі і ізатопнымі крыніцамі. Шасі (8 вядучых колаў) забяспечвала перамяшчэнне па паверхні Месяца, рэжым руху выбіраўся на аснове ТВ-інфармацыі і тэлеметрычных звестак. Працягласць актыўнага функцыянавання «Месяцахода-1» — 301,3 сут, пройдзена 10,54 км, даследавана 80 тыс.м² месяцавай паверхні, атрымана больш за 200 панарам і больш за 20 тыс. здымкаў паверхні Месяца. «Месяцаход-2» ва ўмовах складанага рэльефу за 123 сут пераадолеў 37 км. Першы кіравальны месяцаход — амер. апарат «Ровер» (1971). У 1971—72 на Месяц дастаўлены касм. караблямі «Апалон-15, -16, -17» 3 месяцаходы «Ровер» для перамяшчэння астранаўтаў. Макс. маса (з 2 астранаўтамі і грузам) 725 кг, макс. пройдзеная адлегласць 36 км.
Літ.:
Передвижная лаборатория на Луне — Луноход-1. Т. 1—2. М., 1971—78.
У.С.Ларыёнаў.
Да арт.Месяцавы самаходны апарат. Кампаноўка і габарытныя памеры (мм) «Месяцахода-1»: 1 — герметычны прыладны адсек; 2 — тэлекамеры; 3 — вугалковы адбівальнік; 4 — востранакіраваная і маланакіраваная антэны; 5 — радыятар-ахаладжальнік; 6 — сонечная батарэя; 7 — штыравая антэна; 8 — прылада для вызначэння фізіка-механічных уласцівасцей грунту; 9 — тэлефотакамеры; 10 — блок колаў шасі.