Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АДАПТАЦЫ́ЙНЫ СІНДРО́М,
стрэс, сукупнасць рэакцый жывога арганізма на дзеянне надзвычайных раздражняльнікаў (стрэсараў). Адрозніваюць 3 стадыі: трывогі (мабілізацыя ахоўных сіл арганізма), рэзістэнтнасці або супраціўлення (прыстасаванне да цяжкай сітуацыі), знясілення (пры моцным і доўгім уздзеянні стрэсараў можа скончыцца смерцю). У развіцці адаптацыйнага сіндрому гал. роля належыць пярэдняй долі гіпофіза і кары наднырачнікаў. Змены ў арганізме на стадыі рэзістэнтнасці небяспечныя (напр., павелічэнне артэрыяльнага ціску ў чалавека) і могуць прывесці да інсульту або інфаркту. Канцэпцыя адаптацыйнага сіндрому прапанавана канадскім патолагам Г.Селье (1936).
Схема асноўных рэакцый і вынікаў адаптацыйнага сіндрому.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАПТА́ЦЫЯ (ад лац. adaptatio прыстасаванне) сацыяльная, працэс узаемадзеяння індывіда (групы, суполкі) з сац. асяроддзем. Характарызуецца прыстасаваннем да новых умоў жыцця, выпрацоўкай і актуалізацыяй такіх якасцяў, што забяспечваюць выжыванне, зменай фактараў асяроддзя для найб. поўнага авалодання імі, пераглядам уласных дамаганняў і самаацэнак да рэальных умоў і суб’ектыўных магчымасцяў, пераадоленнем існуючых стэрэатыпаў, звычак, інерцыі мыслення. Чалавек здольны не толькі прыстасоўвацца, але і актыўна ўздзейнічаць на новыя ўмовы і абставіны, кантраляваць і рэгуляваць іх. Працэс адаптацыі можа быць татальны пры поўнай змене навакольнага асяроддзя і мэтавы (напр., змена месца работы і інш.). У псіхал. і сац. адносінах важна ўлічваць асаблівасці адаптацыі чалавека да працяглага ўздзеяння неспрыяльных фактараў (стрэсараў; гл. таксама Адаптацыйны сіндром). Адаптацыя цесна звязана з асваеннем і прыняццем (інтэрыярызацыяй) індывідам нормаў і каштоўнасцяў таго грамадства, да якога ён належыць, у працэсе сацыялізацыі.
Літ.:
Лебедев В.И. Личность в экстремальных условиях. М., 1989;
Свиридов Н.А. Социальная адаптация личности в коллективе // Социол. Исслед. 1980. № 3.