АДАМАНТА́Н,

трыцыкладэкан, хімічнае злучэнне, насычаны цыклічны вуглевадарод C10H16, мал. м. 136,23. Бясколерныя лятучыя крышталі з пахам камфоры, tпл=269 °C, шчыльн. 1,071·10​3кг/м. Устойлівы да 660 °C, яго атамы вугляроду ўтвараюць структуру алмазу. Адамантам і яго гамолагі ёсць у нафце.

Атрыманы ізамерызацыяй з тэтрагідрапентадыену. Вытворныя адамантану выкарыстоўваюцца як лек. сродкі (рэмантадзін), сінт. змазкі, мадыфікатары для атрымання злучэнняў з высокай тэрмічнай і хім. трываласцю.

т. 1, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАФТЭ́НЫ,

насычаныя аліцыклічныя вуглевадароды, што змяшчаюцца ў нафце. Найважнейшыя — цыклагексан, метылцыклагексан і метылцыклапентан. У нафце ёсць таксама і больш складаныя вуглевадароды, што маюць ад 2 да 5 цыклаў у малекуле — бі- і поліцыклічныя Н.: біцыклаактан, біцыклананан, β-каратан (насычаны β-карацін), адамантан і іх вытворныя, насычаныя вуглевадароды стэроіднага і тэрпеноіднага тыпаў. У прам-сці з бензінавай фракцыі нафты вылучаюць цыклагексан і метылцыклагексан. Гл. таксама Аліцыклічныя злучэнні.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 11, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭ́ЛАГ ((Prelog) Уладзімір) (23.7.1906, г. Сараева, Боснія і Герцагавіна — 7.1.1998),

швейцарскі хімік-арганік. Замежны чл. Рас. АН (1966). Скончыў Пражскі тэхнал. ін-т (1928). У 1935—41 у Заграбскім ун-це. З 1942 у Вышэйшай тэхн. школе ў Цюрыху ў лабараторыі арган. сінтэзу (з 1950 праф., з 1957 заг. лабараторыі). Навук. працы па стэрэахіміі і сінтэзе складаных арган. злучэнняў, у т. л. антыбіётыкаў. Сінтэзаваў адамантан (1941), шэраг макрацыклічных кетонаў з 7—18 атамамі вугляроду ў цыкле (1947—50). Сфармуляваў правіла аб пераважнай канфармацыі аптычна актыўных рэчываў у хім. рэакцыях (правіла П.; 1953). Адзін з аўтараў сучаснай стэрэахім. наменклатуры. Нобелеўская прэмія 1975.

У.Прэлаг.

т. 13, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)