АРАШО́НКАВА Ганна Уладзіміраўна (н. 21.11.1928, б. маёнтак Альба, Нясвіжскі р-н Мінскай вобл.),
бел. мовазнавец. Канд. філал. н. (1959). Скончыла БДУ (1953). З 1956 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі. Даследуе сучасную бел. мову і культуру мовы, лексікаграфію, дыялекталогію. Сааўтар прац «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (1963) і «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак» (кн. 1—2, 1968—69; Дзярж. прэмія СССР 1971), «Агульнаславянскі лінгвістычны атлас» (вып. 1, 1988); «Беларуская граматыка» (ч. 1, 1985); «Слоўнік беларускай мовы» (1987), «Слоўнік цяжкасцей беларускай мовы» (1987) і «Кароткі слоўнік беларускай мовы» (1994, абодва з В.П.Лемцюговай); «Руска-беларускі слоўнік сельскагаспадарчай тэрміналогіі» (1994) і інш.
т. 1, с. 456
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯЛЕКТАЛАГІ́ЧНЫ А́ТЛАС лінгвістычны атлас, сістэматызаваны зборнік дыялекталагічных карт пэўнай тэрыторыі, якія паказваюць пашырэнне асобных дыялектных асаблівасцей адной мовы ці комплексу моў. Падзяляюцца на некалькі тыпаў. Д.а. адной мовы, або нацыянальныя: «Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі» П.А.Бузука (1928), «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы», «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» у 5 тамах (т. 1—4, 1993—97). Д.а. рэгіянальныя, якія ахопліваюць частку тэрыторыі, адной або некалькіх моў: «Атлас усходнеславянскіх гаворак Беласточчыны» (т. 1—5, 1980—95; выд. працягваецца), «Параўнальнае вывучэнне геаграфіі слоў (Палессе—Мазоўша)» І.Тарнацкага (1939), «Лінгвістычны атлас Ніжняй Прыпяці» Т.В.Назаравай (1985) і інш. Д.а. групы роднасных моў: Агульнаславянскі лінгвістычны атлас (АЛА; выходзіць у серыях — лексікасловаўтваральнай і фанетыка-граматычнай; вып. 1—2, 1988—90; выд. працягваецца). Д.а. тэрыторый, на якіх бытуюць гаворкі як роднасных, так і рознасістэмных моў: Лінгвістычны атлас Еўропы (ЛАЕ, вып. 1—6, 1983—97; выд. працягваецца).
Ф.Д.Клімчук.
т. 6, с. 310
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСЕСЛАВЯ́НСКІ КАМІТЭ́Т Усеславянскі антыфашысцкі камітэт,
цэнтр міжнар. грамадска-паліт. і культ.-асв. слав. руху, які дзейнічаў на тэр. СССР у 1941—47. Утвораны 5.10.1941 паводле рашэння 1-га Усеслав. мітынгу (Масква, 8—11.8.1941). Мэты: устанаўленне сувязі з антыфаш. нац.-вызв. рухам Супраціўлення ў слав. краінах, з замежнымі прагрэс. (на погляд кіраўніцтва СССР) слав. арг-цыямі; збор і распаўсюджанне матэрыялаў і дакументаў пра барацьбу слав. народаў супраць фашызму і пра злачынствы ням.-фаш. акупантаў; садзейнічанне падрыхтоўцы і арганізацыі чэш., польскіх і інш. вайск. часцей, што фарміраваліся на тэр. СССР. Старшыня к-та — сав. ген.-лейт. А.С.Гундараў. Паводле Палажэння аб У.к. ад 6.4.1942, ён складаўся з Прэзідыума (у яго складзе Я.Купала) і 6 нац. секцый: рус. (кіраўнік А.М.Талстой), укр. (А.Е.Карняйчук), бел. (Я.Колас), польскай (В.Л.Васілеўская), чэш. (З.Неедлы), паўднёваслав. (Б.Масларыч); бюро абслугоўвання слав. прэсы за мяжой; арганізац.-масавага аддзела. Дзейнасць У.к. падтрымлівалася кіраўніцтвам СССР, камуніст. і рабочымі партыямі слав. краін. З 1942 выдаваўся час. У.к. «Славяне» (1942—58). Формы работы к-та: агітацыя і прапаганда, арганізацыя Усеслав. антыфаш. мітынгаў у Маскве (4—5.4.1942, 9 і 16.5.1943, 14.3 і 6.4.1944) і радыёмітынгаў (больш за 70 у 1943—44), распаўсюджванне праз друк, у т. л. замежны, адозваў, зваротаў і інш. дакументаў, арганізацыя штотыднёвых радыёперадач на ўсе слав. краіны на ўкр., бел., польскай, чэш., славацкай, сербскай, харвацкай, славенскай і балг. мовах; наладжванне вечарын слав. культуры, лекцый, выставак, сустрэч з партызанамі і воінамі. К-т падтрымліваў сувязі са слав. арг-цыямі ў ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, краінах Лац. Амерыкі. У 1944—45 у вызваленых ад фашызму слав. краінах узніклі нац. слав. к-ты. Да канца 1945 У.к. устанавіў сувязі са 130 замежнымі слав. арг-цыямі. У снеж. 1946 у Бялградзе створаны новы міжнар. слав. цэнтр — Агульнаславянскі к-т, а У.к. у 1947 пераўтвораны ў Славянскі к-т СССР (скасаваны ў 1962, функцыі перададзены Сав. к-ту абароны міру).
т. 16, с. 266
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)