Аграномія 1/79—80; 10/581

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АГРАНО́МІЯ (ад агра... + грэч. nomos закон),

комплекс навук. і практычных прыёмаў па вырошчванні с.-г. культур. Асн. раздзелы сучаснай аграноміі: земляробства, раслінаводства, насенняводства, аграхімія, селекцыя, фітапаталогія і інш.

Ад зараджэння земляробства развівалася як галіна практычнай дзейнасці і вопыту чалавека. Навук. асновы ў Еўропе закладзены ў 17—18 ст., на Беларусі — у 1840-я г. ў Горы-Горацкай земляробчай школе. У сярэдзіне 19 ст. аграномія становіцца комплекснай навукай, з яе вылучаюцца аграхімія і с.-г. мікрабіялогія, пазней — глебазнаўства. Развіццё аграноміі ў многім абавязана франц. вучонаму Ж.​Бусенго — заснавальніку першай у Зах. Еўропе доследнай станцыі ў Эльзасе (1857). Значная роля ў станаўленні і развіцці аграноміі належыць А.​Ц.​Болатаву, І.​М.​Комаву, А.​Тэеру, Ю.​Лібіху, В.​В.​Дакучаеву, В.​Р.​Вільямсу, К.​А.​Ціміразеву, Дз.​М.​Пранішнікаву, І.​У.​Мічурыну, М.​І.​Вавілаву, бел. вучоным А.​В.​Саветаву (упершыню ў сусв. практыцы звязаў развіццё сістэм земляробства з сац.-эканам. ўмовамі, даў класіфікацыю сістэм земляробства і іх гісторыю), І.​А.​Сцебуту, М.​В.​Рытаву, В.​С.​Ластоўскаму. Істотны ўклад у развіццё агранамічных ведаў зрабілі працы амер. селекцыянера Л.​Бёрбанка па стварэнні новых формаў пладовых, дэкар. і інш. с.-г. раслін. У Зах. Еўропе і ЗША паспяхова развівалася ў 20 ст. хімізацыя земляробства, селекцыя і насенняводства с.-г. культур.

Шырокія агранамічныя даследаванні на Беларусі пачаліся, калі былі створаны с.-г. н.-д. ін-ты і доследныя станцыі (1920-я г.). Праблемы аграноміі распрацоўваюцца ў НДІ (земляробства і кармоў, глебазнаўства і аграхіміі, аховы раслін, бульбаводства, пладаводства, агародніцтва, меліярацыі і лугаводства), Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі АН Беларусі, Акадэміі агр. навук, Бел. аграрным тэхнічным ун-це, а таксама ў с.-г. ВНУ, на абл. і галіновых с.-г. доследных станцыях. Дастасавальна да ўмоў рэспублікі бел. вучонымі (Я.​К.​Аляксееў, А.​К.​Кедраў-Зіхман, І.​С.​Лупіновіч, Ц.​М.​Годнеў, В.​І.​Шэмпель, В.​Ф.​Купрэвіч, П.​П.​Рагавой, М.​А.​Дарожкін, С.​Г.​Скарапанаў, П.​І.​Альсмік, М.​Дз.​Мухін, Т.​Н.​Кулакоўская і інш.) рэкамендаваны мерапрыемствы па павышэнні ўраджайнасці с.-г. культур, навукова абгрунтаваныя севазвароты, спосабы рацыянальнага выкарыстання ўгнаенняў і апрацоўкі глебы. Складзены глебавыя карты гаспадарак, картаграмы кіслотнасці і забяспечанасці глебаў фосфарам і каліем. Прызнанне за межамі рэспублікі атрымалі многія высокаўраджайныя, устойлівыя да хвароб сарты с.-г. раслін бел. селекцыі. Пасля Чарнобыльскай катастрофы актуальнасць набыло вывучэнне наяўнасці і міграцыі радыенуклідаў у глебах, тэхналогій і спосабаў вядзення с.-г. вытворчасці на забруджаных радыенуклідамі глебах.

Літ.:

Повышение плодородия почв и производительной способности земель в интенсивных системах земледелия. Мн., 1981. С. 3—11;

Антонов Е.А. Становление и современное состояние научно-аграномического знания. Харьков, 1992.

т. 1, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАР’ІНАГО́РСКІ СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧЫ ТЭ́ХНІКУМ.

Засн. ў 1876 як с.-г. школа. З 1921 с.-г. тэхнікум, з 1970 саўгас-тэхнікум, з 1998 сучасная назва. Спецыяльнасці (1998/99 навуч. г.): аграномія, ветэрынарыя, механізацыя, электрыфікацыя і аўтаматызацыя сельскай гаспадаркі. Мае навуч.-вытв. гаспадарку, плодагадавальнік, аўтатрактарадром, спарт. комплекс. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае, завочнае па спецыяльнасці аграномія.

т. 10, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ГРА... (ад грэч. agros поле),

першая састаўная частка складаных слоў, якая па значэнні адпавядае слову «агранамічны», напр., аграбіяцэноз, аграномія.

т. 1, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯ́ХАВІЦКІ СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧЫ ТЭ́ХНІКУМ.

Засн. ў 1957 у г. Ляхавічы Брэсцкай вобл. як вет. тэхнікум, з 1969 саўгас-тэхнікум, з 1996 сучасная назва. Спецыяльнасці (1998/99 навуч. г.): аграномія, плодаагародніцтва, заатэхнія, ветэрынарыя. Мае вучэбную гаспадарку. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае.

т. 9, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАГРУ́ДСКІ СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧЫ ТЭ́ХНІКУМ.

Засн. ў 1953 у г. Гродна. З 1956 у Навагрудку. У 1967—95 саўгас-тэхнікум. Рыхтуе аграномаў, землеўпарадкавальнікаў, камерсантаў. Спецыяльнасці (1999/2000 навуч. г.): аграномія, землеўпарадкаванне, Камерцыйная дзейнасць у аграпрамысл. комплексе. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.

т. 11, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕ́СКІ СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧЫ ТЭ́ХНІКУМ Засн. ў 1973 у г. Калінкавічы Гомельскай вобл. як саўгас-тэхнікум. З 1996 сучасная назва. Рыхтуе аграномаў, заатэхнікаў, механікаў с.-г. вытв-сці. Спецыяльнасці (1999/2000 навуч. г.): аграномія, заатэхнія, механізацыя сельскай гаспадаркі. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае.

т. 11, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫ́ЛІЦКІ САЎГА́С-ТЭ́ХНІКУМ Засн. ў 1948 у в. Жылічы (Кіраўскі р-н). Спецыяльнасць (1997/98 навуч. г.): аграномія; плодаагародніцтва; вытв-сць, захоўванне і перапрацоўка прадукцыі раслінаводства. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Паводле бесперапыннай інтэграванай сістэмы прафес. адукацыі прымаюцца таксама выпускнікі прафес.-тэхн. навуч. устаноў. Навучанне дзённае і завочнае.

т. 6, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУЖА́НСКІ АГРА́РНА-ТЭХНІ́ЧНЫ КАЛЕ́ДЖ Засн. ў 1953 як тэхнікум механізацыі сельскай і лясной гаспадаркі, з 1965 саўгас-тэхнікум, з 1996 с.-г. тэхнікум, з 2001 аграрна-тэхн. каледж.

Рыхтуе аграномаў, тэхнікаў-механікаў, тэхнікаў-электрыкаў. Спецыяльнасці (2000/01 навуч. г.): аграномія; механізацыя сельскай гаспадаркі; электрыфікацыя і аўтаматызацыя сельскай гаспадаркі. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.

т. 13, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУЖАСНЯ́НСКІ СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧЫ ТЭ́ХНІКУМ імя Ф.А.Сурганава. Засн. ў 1909 у в. Лужасна Віцебскага р-на як ніжэйшае с.-г. вучылішча. З 1920 с.-г. школа 2-й ступені, з 1928 с.-г. школа тэхнічных культур, з 1929 тэхнікум па тэхн. культурах, з 1930 дзярж. с.-г. ільно-пяньковы тэхнікум, з 1965 с.-г. тэхнікум. У 1977 прысвоена імя Сурганава. У 1993—96 саўгас-тэхнікум. З 1.6.1996 сучасная назва. Спецыяльнасці (1998/99 навуч. г.): аграномія, заатэхнія, ветэрынарыя. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае. Працуе школа павышэння кваліфікацыі спецыялістаў сярэдняга звяна. Мае дэндрапарк, музей тэхнікума, спортбазу.

т. 9, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)