АГРАНО́МІЯ
(ад агра... + грэч. nomos закон),
комплекс навук. і практычных прыёмаў па вырошчванні с.-г. культур. Асн. раздзелы сучаснай аграноміі: земляробства, раслінаводства, насенняводства, аграхімія, селекцыя, фітапаталогія і інш.
Ад зараджэння земляробства развівалася як галіна практычнай дзейнасці і вопыту чалавека. Навук. асновы ў Еўропе закладзены ў 17—18 ст., на Беларусі — у 1840-я г. ў Горы-Горацкай земляробчай школе. У сярэдзіне 19 ст. аграномія становіцца комплекснай навукай, з яе вылучаюцца аграхімія і с.-г. мікрабіялогія, пазней — глебазнаўства. Развіццё аграноміі ў многім абавязана франц. вучонаму Ж.Бусенго — заснавальніку першай у Зах. Еўропе доследнай станцыі ў Эльзасе (1857). Значная роля ў станаўленні і развіцці аграноміі належыць А.Ц.Болатаву, І.М.Комаву, А.Тэеру, Ю.Лібіху, В.В.Дакучаеву, В.Р.Вільямсу, К.А.Ціміразеву, Дз.М.Пранішнікаву, І.У.Мічурыну, М.І.Вавілаву, бел. вучоным А.В.Саветаву (упершыню ў сусв. практыцы звязаў развіццё сістэм земляробства з сац.-эканам. ўмовамі, даў класіфікацыю сістэм земляробства і іх гісторыю), І.А.Сцебуту, М.В.Рытаву, В.С.Ластоўскаму. Істотны ўклад у развіццё агранамічных ведаў зрабілі працы амер. селекцыянера Л.Бёрбанка па стварэнні новых формаў пладовых, дэкар. і інш. с.-г. раслін. У Зах. Еўропе і ЗША паспяхова развівалася ў 20 ст. хімізацыя земляробства, селекцыя і насенняводства с.-г. культур.
Шырокія агранамічныя даследаванні на Беларусі пачаліся, калі былі створаны с.-г. н.-д. ін-ты і доследныя станцыі (1920-я г.). Праблемы аграноміі распрацоўваюцца ў НДІ (земляробства і кармоў, глебазнаўства і аграхіміі, аховы раслін, бульбаводства, пладаводства, агародніцтва, меліярацыі і лугаводства), Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі АН Беларусі, Акадэміі агр. навук, Бел. аграрным тэхнічным ун-це, а таксама ў с.-г. ВНУ, на абл. і галіновых с.-г. доследных станцыях. Дастасавальна да ўмоў рэспублікі бел. вучонымі (Я.К.Аляксееў, А.К.Кедраў-Зіхман, І.С.Лупіновіч, Ц.М.Годнеў, В.І.Шэмпель, В.Ф.Купрэвіч, П.П.Рагавой, М.А.Дарожкін, С.Г.Скарапанаў, П.І.Альсмік, М.Дз.Мухін, Т.Н.Кулакоўская і інш.) рэкамендаваны мерапрыемствы па павышэнні ўраджайнасці с.-г. культур, навукова абгрунтаваныя севазвароты, спосабы рацыянальнага выкарыстання ўгнаенняў і апрацоўкі глебы. Складзены глебавыя карты гаспадарак, картаграмы кіслотнасці і забяспечанасці глебаў фосфарам і каліем. Прызнанне за межамі рэспублікі атрымалі многія высокаўраджайныя, устойлівыя да хвароб сарты с.-г. раслін бел. селекцыі. Пасля Чарнобыльскай катастрофы актуальнасць набыло вывучэнне наяўнасці і міграцыі радыенуклідаў у глебах, тэхналогій і спосабаў вядзення с.-г. вытворчасці на забруджаных радыенуклідамі глебах.
Літ.:
Повышение плодородия почв и производительной способности земель в интенсивных системах земледелия. Мн., 1981. С. 3—11;
Антонов Е.А. Становление и современное состояние научно-аграномического знания. Харьков, 1992.
т. 1, с. 81