выхад карэнных горных парод на зямную паверхню. Бывае натуральнага паходжання (па берагах рэк, схілах яроў, хрыбтоў) і штучнага (у кар’ерах, шахтах, шурфах, канавах). Маюць навуковае (у геалогіі) і практычнае (пры пошуках карысных выкапняў) значэнне. На Беларусі некаторыя агаленні абвешчаны геалагічнымі помнікамі прыроды, на асобных з іх наладжана вытв-сцьбуд. матэрыялаў (напр., Мікашэвіцкае, Глушкавіцкае радовішчы буд. каменю).
Да арт.Агаленне горных парод. Роскае геалагічнае агаленне мелу ў Ваўкавыскім раёне Гродзенскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́БРУШСКАЕ ГЕАЛАГІ́ЧНАЕ АГАЛЕ́ННЕ,
каля г. Добруш Гомельскай вобл.: помнік прыроды рэсп. значэння (1963). Пл. 6 тыс.м², ахоўная зона вакол 10 тыс.м². Прымеркавана да ўступу карэннага берага р. Іпуць, дзе агаляюцца слаі кварцава-глаўканітавых пяскоў харкаўскай світы палеагену, што намножыліся 65—30 млн.г. назад у стараж. моры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́СКАЕ ГЕАЛАГІ́ЧНАЕ АГАЛЕ́ННЕ,
геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963). За 500 м на У ад чыг. ст. Рось Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. У агаленні, прымеркаваным да сценкі закінутага кар’ера, выступаюць у парушаным заляганні мелавыя пароды верхнемелавога ўзросту з рэшткамі марской фауны і жаўлакамі крэменю. Слаі пад вуглом да 70° нахілены на Пн. Бачная магутнасць выхаду каля 4—5 м. Парушанае заляганне мелу абумоўлена ўздзеяннем сожскага ледавіка. Р.г.а. дазваляе рэканструяваць асаблівасці будовы і фарміравання парушэнняў, выкліканых ледавіком.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЕЎСКАЕ ГЕАЛАГІ́ЧНАЕ АГАЛЕ́ННЕ,
помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963). У парку г.п. Лоеў Гомельскай вобл., на правым беразе р. Дняпро, за 300 м ніжэй ад вусця р. Сож. Уключае адклады муравінскага міжледавікоўя і папярэдняга позналедавікоўя — лоеўскага міжстадыяла. Магутнасць азёрна-старычных адкладаў (торф, суглінкі, супескі) да 5,3 м, залягаюць яны ў паніжэнні паверхні дняпроўскай марэны і перакрываюцца супескамі і суглінкамі паазерскага часу. Па пылку, спорах, пладах, насенні, насякомых вызначана 111 відаў дрэў, хмызнякоў, травяністых раслін (бяроза, елка сібірская, ляшчына, бразенія, альдраванда, кальдэзія, чарот і інш.), 6 відаў жукоў, якія далі магчымасць высветліць паслядоўнасць змен клімату і расліннасці міжледавікоўя. Л.г.а. з’яўляецца апорным разрэзам антрапагенных адкладаў на Беларусі (на іх вывучаны лоеўскі міжстадыял у позналедавіковых адкладах дняпроўскага зледзянення) і эталонам у стратыграфіі антрапагенных адкладаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́СКАЎСКАЕ АГАЛЕ́ННЕ РАЧНЫ́Х АДКЛА́ДАЎ,
геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). За 250 м на Пн ад в. Пескі Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл., на правым беразе р. Зальвянка. Ва ўступе поймы (выш. да 5 м) ускрываюцца рэчышчавыя, поймавыя і старычныя рачныя адклады (пяскі з праслоямі торфу), якія ўтварыліся ў галацэне 8—2,7 тыс.г. назад. У іх выяўлены рэшткі раслін і жывёл. Адно з найб. дэталёва даследаваных агаленняў адкладаў галацэну.
геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1995). Размешчана за 150 м на ПнУ ад в. Пашына Аршанскага р-на Віцебскай вобл., на левым беразе р. Дняпро. Уключае адклады позналедавікоўя паазерскага зледзянення (пяскі, жвір, галька); з’яўляецца апорным разрэзам. Ва ўступе І надпоймавай тэрасы ўскрываюцца адклады, багатыя выкапнёвымі рэшткамі жывёл — косці і зубы млекакормячых (15 відаў), ракавіны малюскаў (больш за 30 відаў), якія існавалі каля 15—10 тыс. гадоў назад, калі кліматычныя ўмовы дасягнулі найб. суровасці і пашырылася тундравая зона.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРАШЭ́ВІЧЫ,
геалагічнае агаленне паміж вёскамі Дарашэвічы і Кабакі Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл.; помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963). Пл. 3 тыс.м². ахоўная зона вакол 12 тыс.м². Размешчана на схіле 2-й надпоймавай тэрасы левага берага р. Прыпяць. У абрыве ракі агаляюцца магутныя адклады (больш за 2 м) торфу, якія ўтварыліся ў муравінскае міжледавікоўе 130—70 тыс.г. назад у вял.стараж. возеры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭ́РЫКАЎ,
геалагічнае агаленне, палеанталагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963). Размешчана на левым схіле рова ў г. Чэрыкаў Магілёўскай вобл., на правабярэжжы р. Сож. На пл. 200 м² агаляюцца азёрна-балотныя адклады (гумусаваныя супескі і суглінкі, гітыя, торф) магутнасцю каля 4 м. Даследуецца з 1934. Выяўлена 85 відаў дрэў (граб, бук, ліпа, ясень, клён) і травяністых раслін (рагульнік, снітка, кальдэзія, сальвінія, бразенія, рдзест, плюшчай, шышняк і інш.), якія існавалі каля 100—70 тыс.г. назад. Геал.агаленне — апорны разрэз муравінскіх міжледавіковых і раннепаазерскіх адкладаў, мае вял. значэнне для вырашэння стратыграфічных і палеагеагр. пытанняў геал. мінулага Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́РАВА,
геалагічнае агаленне на правым беразе р. Бярэзіна (за 30 км ніжэй г. Барысаў, паміж вёскамі Мурава Бярэзінскага і Пабярэжжа Барысаўскага р-наў Мінскай вобл.); помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963). Лінзы адкладаў муравінскага міжледавікоўя ўскрываюцца ў 2 ярах і на ўскраіне в. Мурава. Найб. тыповыя — у вяршыні невял. яра Чортаў Куст (Мурава 2) за 20 м ад вады. Магутнасць азёрна-старычных адкладаў (ліставатыя тарфы, гумусаваныя супескі) 4,7 м, даўж. каля 15 м. Па пылку, спорах, насенні, пладах, шышках і хвоі, ствалах дрэў вызначана каля 100 відаў дрэвавых, кустовых і травяністых раслін (граб звычайны, клён раўнінны, ліпа буйналістая, альдраванда пухіраватая, вадзяны арэх і інш.). З’яўляецца стрататыпам муравінскага міжледавікоўя на тэр. Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТУДЗЯНЕ́Ц,
помнік прыроды рэсп. значэння (з 1968), геалагічнае агаленне старажытных азёрных адкладаў. Размешчана за 1,7 км на ПнЗ ад в. Занарач Мядзельскага р-на Мінскай вобл., ва ўрочышчы Студзянец. Прымеркавана да ўступа азёрнай тэрасы паўд.-зах. берага воз. Нарач. Праслоі намыўнога торфу ў выглядзе лінз і невял. слаёў, якія належаць да паазерскіх (аляродскіх і познадрыясавых) азёрных утварэнняў, залягаюць у тоўшчы (да 6 м) пяскоў. У адкладах торфу вылучана эталонная аляродская флора ляснога тыпу (хвоя, елка, ляшчына, вярба і інш.). С. — першае датаванае агаленне аляроду і дрыясу на тэр.СССР (абсалютны ўзрост хвоі каля 10810 гадоў). Побач выяўлены крамянёвыя пласціны, скрэблы, вастрыё і інш. прылады працы стараж. чалавека ў верхнім палеаліце і раннім мезаліце.