АВІ́ЗМ
(ад лац. ovum яйцо),
кірунак у біялогіі 17—18 ст., прадстаўнікі якога (авісты; італьян. вучоныя М.Мальпігі і А.Валіснеры, швейцарскія Ш.Банэ і А.Галер і інш.) лічылі, што ў жан. палавой клетцы (яйцы) ёсць дарослы арганізм у мікраскапічным выглядзе, развіццё яго зводзіцца толькі да павелічэння ў памерах. Быў больш пашыраны, чым анімалькулізм, і з’яўляўся адным з цячэнняў у вучэнні аб прэфармацыі (гл. Прэфармізм).
т. 1, с. 63
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНІМАЛЬКУЛІ́ЗМ
(ад лац. animalculum звярок, мікраскапічная жывёла),
сістэма поглядаў біёлагаў 17—18 ст. (А.Левенгук і інш.), якія лічылі, што ў муж. палавых клетках у мікраскапічным выглядзе знаходзіцца цалкам сфарміраваны дарослы арганізм, а яго развіццё зводзіцца толькі да павелічэння ў памерах. Паслядоўнікі анімалькулізму ў адрозненне ад авістаў (гл. Авізм) лічылі яйцо крыніцай пажыўных рэчываў для сперматазоідаў. Анімалькулізм — адно з цячэнняў у вучэнні аб прэфармацыі (гл. Прэфармізм).
т. 1, с. 370
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)