АВІ́ЗМ (ад лац. ovum яйцо),

кірунак у біялогіі 17—18 ст., прадстаўнікі якога (авісты; італьян. вучоныя М.​Мальпігі і А.​Валіснеры, швейцарскія Ш.​Банэ і А.​Галер і інш.) лічылі, што ў жан. палавой клетцы (яйцы) ёсць дарослы арганізм у мікраскапічным выглядзе, развіццё яго зводзіцца толькі да павелічэння ў памерах. Быў больш пашыраны, чым анімалькулізм, і з’яўляўся адным з цячэнняў у вучэнні аб прэфармацыі (гл. Прэфармізм).

т. 1, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

аві́зм

(ад лац. ovum = яйцо)

кірунак у біялогіі 17 — 18 ст., прадстаўнікі якога лічылі, што ў жаночай палавой клетцы змяшчаецца ў мініяцюры сфарміраваны арганізм, а яго развіццё зводзіцца толькі да павелічэння ў памерах (параўн. анімалькулізм).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АНІМАЛЬКУЛІ́ЗМ (ад лац. animalculum звярок, мікраскапічная жывёла),

сістэма поглядаў біёлагаў 17—18 ст. (А.​Левенгук і інш.), якія лічылі, што ў муж. палавых клетках у мікраскапічным выглядзе знаходзіцца цалкам сфарміраваны дарослы арганізм, а яго развіццё зводзіцца толькі да павелічэння ў памерах. Паслядоўнікі анімалькулізму ў адрозненне ад авістаў (гл. Авізм) лічылі яйцо крыніцай пажыўных рэчываў для сперматазоідаў. Анімалькулізм — адно з цячэнняў у вучэнні аб прэфармацыі (гл. Прэфармізм).

т. 1, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

анімалькулі́зм

(ад лац. animalculum = звярок)

сістэма поглядаў біёлагаў 17—18 ст., якія лічылі, што ў сперматазоідзе змяшчаецца ў мініяцюры сфарміраваны арганізм, а яго развіццё зводзіцца толькі да павелічэння ў памерах (параўн. авізм).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПРЭФАРМІ́ЗМ (ад лац. praeformo загадзя ўтвараю),

вучэнне пра наяўнасць у палавых клетках арганізмаў матэрыяльных структур, якія прадвызначаюць развіццё зародка і прыкметы арганізма, што з яго ўтвараецца. Мікраскапісты 17 ст. (А.Левенгук, М.Мальпігі і інш.) лічылі, што зародак знаходзіцца ў яйцы (авізм) або семені (анімалькулізм) у сфарміраваным стане, а ў працэсе развіцця адбываецца толькі павелічэнне ў памерах празрыстых, раней нябачных тканак (вучэнне аб прэфармацыі). У 2-й пал. 18 ст. пад уплывам даных аб парушэннях развіцця, аб спадчыннасці бацькоўскіх індывід. прыкмет, здольнасці арганізма да рэгенерацыі пачало пераважаць вучэнне аб развіцці арганізмаў як шэрагу паслядоўных новаўтварэнняў (эпігенез). У канцы 19 ст. паявілася гіпатэтычная тэорыя спадчыннасці на аснове ведаў аб індывідуальнасці храмасом і іх ролі ў працэсах апладнення і спадчыннасці, якая яшчэ мела прэфармісцкі характар. З узнікненнем генетыкі гіпотэза набыла навуковае абгрунтаванне. У сярэдзіне 20 ст. выяўленне хім. прыроды генаў, механізмаў захавання і перадачы спадчыннай інфармацыі спыніла існаванне прэфармісцкіх уяўленняў у біялогіі. Сучасная матэрыяліст. тэорыя арган. развіцця ўлічвае ролю прэфарміраваных структур (генома) і надае важнае значэнне фактарам навакольнага асяроддзя, якія спрыяюць рэалізацыі генет. інфармацыі.

Літ.:

История биологии с древнейших времен до начала XX в. М., 1972. Воронцов Н.Н. Развитие эволюционных идей в биологии. М., 1999.

А.​С.​Леанцюк.

т. 13, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)