Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АВЕ́Н (лац. Aries, старабел. Овенъ баран),
адно з 13 сузор’яў задыяка ў паўн. паўшар’і неба. Астр. знак ϒ (выкарыстоўваецца для абазначэння пункта веснавога раўнадзенства). Найб. яркія зоркі 2 і 2,2 візуальнай зорнай велічыні. На тэр. Беларусі відаць з сярэдзіны лета, увосень і зімой. Гл.Зорнае неба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАДЫЯ́К, пояс задыяка (грэч. zodiakos ад zōon жывёла),
сукупнасць сузор’яў, размешчаных уздоўж бачнага гадавога шляху Сонца (экліптыкі). Складаецца з 13 сузор’яў, але старажытныя астраномы падзялілі яго на 12 роўных частак (аб’ядноўвалі сузор’і Скарпіён і Змеяносец у адзінае пад агульнай назвай Скарпіён): Рыбы, Авен, Цялец, Блізняты, Рак, Леў, Дзева, Шалі, Скарпіён, Стралец, Казярог, Вадаліў.
Большасць гэтых сузор’яў мае назву жывёл, таму ў старажытнасці іх называлі «З.» («круг жывёл»), а сузор’і — задыякальнымі. Кожнае з іх абазначаецца адпаведным знакам (гл.Знакі астранамічныя і астралагічныя). У задыякальным сузор’і Сонца знаходзіцца прыблізна адзін месяц. Вясною, напр., яно паслядоўна праходзіць па сузор’ях Рыб, Авена, Цяльца. Гэтыя сузор’і не відаць ноччу, бо знаходзяцца разам з Сонцам пад гарызонтам. Процілеглыя сузор’і Дзевы, Шаляў, Скарпіёна відаць усю ноч. Рух Сонца па З. — з’ява ўяўная, гэта вынік сапраўднага і процілегла накіраванага руху Зямлі вакол Сонца. Існуе адпаведнасць знакаў З. каляндарным датам, у якія Сонца праходзіла межы сузор’яў у старажытнасці (каля 2 тыс. гадоў назад). У выніку прэцэсіі зямной восі гэтыя даты змяніліся (гл.табл.). Рух планет і іх размяшчэнне ў сузор’ях З. выкарыстоўваюць астролагі для складання гараскопаў, пры гэтым яны карыстаюцца стараж. датамі праходжання Сонцам сузор’яў З.
Літ.:
Бялко А.В. Наша планета — Земля. М., 1983.
Н.А.Ушакова.
Табліца. Старажытныя і сучасныя даты знаходжання Сонца ў сузор’ях Задыяка
Сузор’е
Старажытныя даты
Сучасныя даты
Авен
21.3—19.4
22.4—21.5
Цялец
20.4—20.5
22.5—21.6
Блізняты
21.5—21.6
22.6—22.7
Рак
22.6—22.7
23.7—23.8
Леў
23.7—22.8
24.8—23.9
Дзева
23.8—22.9
24.9—24.10
Шалі
23.9—22.10
25.10—23.11
Скарпіён
23.10—21.11
24.11—23.12
Стралец
22.11—21.12
24.12—22.1
Казярог
22.12—19.1
23.1—20.2
Вадаліў
20.1—18.2
21.2—18.3
Рыбы
19.2—20.3
19.3—21.4
Да арт.Задыяк. Бачны гадавы рух Сонца па задыяку і сапраўдны рух Зямлі вакол Сонца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНА́КІ АСТРАНАМІ́ЧНЫЯ І АСТРАЛАГІ́ЧНЫЯ,
умоўныя абазначэнні Сонца, Месяца, планет і інш. нябесных цел, а таксама задыякальных сузор’яў, планетных канфігурацый, фаз Месяца і да т.п. Карыстаюцца ў астр. і астралагічнай літаратуры, календарах (гл.табл.). Некаторыя знакі служаць для абазначэння месяцаў і дзён тыдня. Большасць з іх узнікла ў глыбокай старажытнасці.
Знакі астранамічныя і астралагічныя
Знакі свяціл і дзён тыдня
— Сонца (нядзеля)
— Уран
— Месяц (панядзелак)
— Нептун
— Марс (аўторак)
— Плутон
— Меркурый (серада)
⚷ — Хірон
— Юпітэр (чацвер)
— Зямля
— Венера (пятніца)
— камета
— Сатурн (субота)
— зорка
Знакі задыяка і месяцаў
♈︎ — Авен (сакавік), пункт вясенняга раўнадзенства
♎︎ — Шалі (верасень), пункт асенняга раўнадзенства
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́РКІ,
нябесныя целы, якія самі свецяцца; складаюцца з распаленых газаў (плазмы). Найб. распаўсюджаныя аб’екты ў Сусвеце — змяшчаюць больш за 98% масы ўсяго касм. рэчыва. Знаходзяцца ў стане цеплавой і гідрастатычнай раўнавагі, што забяспечваецца балансам паміж сілай гравітацыі і ціскам гарачага рэчыва і выпрамянення. Усе З., акрамя Сонца, відаць з Зямлі як святлівыя пункты. Яркасць З. характарызуюць зорнай велічынёй. Бачнае становішча на небасхіле вызначаюць дзвюма вуглавымі пераменнымі — схіленнем і прамым узыходжаннем (гл.Нябесныя каардынаты).
З. існуюць дзесяткі мільярдаў гадоў. У іх ядрах увесь час адбываюцца тэрмаядзерныя рэакцыі — асн. крыніца энергіі і выпрамянення. Фіз. характарыстыкі і працягласць існавання З. вызначаюцца масай і хім. складам, якія З. мела ў момант утварэння. Адрозніваюць З.: гіганты, звышгіганты, карлікі, новыя зоркі, звышновыя зоркі, пераменныя зоркі, падвойныя зоркі. Хім. склад большасці З.: 75% вадароду, 23% гелію, 2% інш. элементаў. Дыяпазон магчымых мас — 10−2—102 масы Сонца. Радыусы самых вял. З. — чырвоных звышгігантаў — у 102—103 разоў большыя, а самых малых — белых карлікаў і нейтронных З. — у 102—104 разоў меншыя за радыус Сонца. Сярэдняя шчыльнасць чырвоных звышгігантаў 10‘3кг/м³, нейтронных З. больш за 1017кг/мЗ. Свяцільнасць блакітных гігантаў і чырвоных звышгігантаў складае 8∙105, а чырвоных карлікаў 10−4 свяцільнасці Сонца. З. ўтвараюць у прасторы вял. зорныя сістэмы — галактыкі. Вывучэнне будовы нашай Галактыкі паказвае, што многія З. групуюцца ў зорныя скопішчы, зорныя асацыяцыі і інш. З. вывучаюцца зорнай астраноміяй і астрафізікай.
Літ.:
Агекян Т.А. Звезды, галактики, Метагалактика. 3 изд. М., 1981;
Звезды и звездные системы. М., 1981;
Шкловский И.С. Звезды: их рождение, жизнь и смерть. 3 изд. М., 1984.