Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АБ’ЕКТЫ́Ў,
аптычная сістэма або яе частка, якая стварае сапраўдны адваротны відарыс аб’екта. Створаны аб’ектывам відарыс разглядаецца праз акуляр (звычайна пасля абарачальнай сістэмы) ці фіксуецца на экране, фатагр. плёнцы, фотакатодзе перадавальнай тэлевізійнай трубкі і інш. Бываюць лінзавыя, люстраныя і люстрана-лінзавыя.
Асн. аптычныя характарыстыкі: фокусная адлегласць f; дыяметр уваходнай зрэнкі d; святласіла d/f; вугал (поле) зроку; раздзяляльная здольнасць. Аб’ектывы тэлескапічных сістэм маюць фокусную адлегласць да некалькіх метраў і дыяметр уваходнай зрэнкі ад некалькіх сантыметраў (у геад., вымяральных і падзорных трубах) да некалькіх метраў (у тэлескопах-рэфрактарах), аб’ектывы мікраскопаў — фокусную адлегласць 1,5—40 мм, малафарматных фотаапаратаў — 6—2000 мм (для аматарскай практыкі 28—200 мм). Фатагр. аб’ектывы бываюць нармальныя (вугал зроку 40—50°), шырокавугольныя (больш за 70°), звышшырокавугольныя (больш за 83°, аб’ектывы тыпу «рыбіна вока» больш за 180°), даўгафокусныя (менш за 39°) і звышдаўгафокусныя (менш за 9°). Канструкцыя складаных аб’ектываў дазваляе выправіць храматычную і геам.аберацыі аптычных сістэм. Большасць аб’ектываў — анастыгматы. Аб’ектывы з пераменнай фокуснай адлегласцю (панкратычныя), у якіх плоскасць відарыса і святласіла нязменныя, выкарыстоўваюцца ў кіна- і тэлекамерах, спец. прамянёвастойкія — у лазерных сістэмах. Для павелічэння фіз. святласілы аб’ектывы прасвятляюць (гл.Прасвятленне оптыкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«Геліяс» (аб’ектыў) 1/19 (іл.)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЗО́РНАЯ ТРУБА́,
аптычная прылада для назірання далёкіх прадметаў адным вокам. Вядома з канца 16 — пач. 17 ст. У 1609 П.т. 32-кратнага павелічэння пабудаваў і выкарыстаў для астр. даследаванняў Г.Галілей. Іншы тып П.т. прапанаваў у 1610—11 І.Кеплер (пабудавана каля 1630).
Асн. элементы П.т. — аб’ектыў і акуляр. Аб’ектыў — збіральная сістэма; дае сапраўдны, паменшаны і перавернуты відарыс аддаленага прадмета паблізу факальнай плоскасці. У схеме Галілея акуляр — рассейвальная лінза, размешчаная паміж аб’ектывам і яго факальнай плоскасцю, дае прамы відарыс. У схеме Кеплера акуляр — збіральная лінза, у якую відарыс, атрыманы пасля аб’ектыва, разглядаецца, як у лупу (відарыс застаецца перавернутым); для атрымання прамога відарыса паміж аб’ектывам і акулярам змяшчаюць абарачальную сістэму. Сучасныя П.т. маюць поле зроку 90—100° і павелічэнне ў дзесяткі разоў.
Я.У.Чайкоўскі.
Падзорная труба: а — схема Галілея, б — схема Кеплера, в — труба Кеплера з абарачальнай лінзай; 1 — аб’ектыў, 2 — акуляр, 3 — абарачальная лінза.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЫСКО́П (ад грэч. periskopeo гляджу вакол),
1) аптычная прылада для назірання за мясцовасцю з укрыццяў, траншэй, рубак, браніраваных машын (танкаў), падводных лодак і інш. З дапамогай П. вымяраюць гарыз. і верт. вуглы на мясцовасці і вызначаюць адлегласць да аб’ектаў, за якімі назіраюць.
2) Фатаграфічны аб’ектыў, які складаецца з дзвюх выпукла-ўвагнутых лінзаў, сіметрычна размешчаных адносна плоскасці дыяфрагмы, пастаўленай паміж імі. Выкарыстоўваюць у простых фотаапаратах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАТАГРАФІ́ЧНЫ ПАВЕЛІЧА́ЛЬНІК, фотапавелічальнік,
аптычная прылада для атрымання павялічаных| фотаадбіткаў з негатыва на фотапаперы. Асн. вузлы: праекцыйная галоўка з асвятляльнікам, негатыватрымальнікам і вузлом перамяшчэння праекцыйнага аб’ектыва; аб’ектыў; верт. стойка (штанга) з кранштэйнам і экран (стол). Найб. пашыраны верт. Ф.п. з 8—15-кратным павелічэннем. Ф.п. аснашчаны прыстасаваннем для аўтам. факусіроўкі аб’ектыва пры змене маштабу павелічэння, маюць латак для карэкціруючых святлафільтраў (для фотадруку каляровых відарысаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАТАГРАФІ́ЧНЫ АПАРА́Т, фотаапарат, фотакамера,
оптыкамеханічная прылада для атрымання на фатаграфічным матэрыяле скрытай выявы пэўнага аб’екта. Пасля хіміка-фатагр. апрацоўкі атрымліваюць бачную негатыўную (негатыў) ці пазітыўную (пазітыў) выяву.
Асн. часткі Ф.а.: святлонепранікальная камера, здымальны аб’ектыў, фатагр.затвор, відашукальнік, касета з фотаплёнкай. Асобныя маюць адаптэр, бленду, экспанометр, лямпу-ўспышку і інш. Адрозніваюць Ф.а. агульнага прызначэння (для аматараў і прафесіяналаў) і спец. (рэпрадукцыйныя, для аэрафотаздымкі, фотатэадаліты і інш.). Гл. таксама Лічбавая фатаграфія.
На Беларусі Ф.а. вырабляюцца на Мінскім мех. з-дзе імя Вавілава, з-дзе «Зеніт» у Вілейцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАХРАМА́Т [ад апа... + грэч. chrōma
(chrōmatos) колер),
складаны аб’ектыў са значна зменшанай храматычнай аберацыяй аптычнай сістэмы. Складаецца са спец. падабраных лінзаў і люстэркаў. Выкарыстоўваецца ў каляровай фатаграфіі, кінематаграфіі, паліграфіі і тэлебачанні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОНАХРАМА́ТАР [ад мона... + грэч. chroma (chrōmatos) колер] у оптыцы, прылада для вылучэння вузкіх інтэрвалаў даўжынь хваль (ці частот) аптычнага (бачнага, інфрачырвонага, ультрафіялетавага) выпрамянення; адна са спектральных прылад.
Святло праходзіць праз уваходную шчыліну М., люстраны або лінзавы аб’ектыў-каліматар, які фарміруе пучок паралельных прамянёў і накіроўвае яго на дыспергавальны элемент (прызму аптычную ці дыфракцыйную рашотку), пасля чаго прамяні з рознай даўжынёй хвалі распаўсюджваюцца пад рознымі вугламі. Выхадны аб’ектыў утварае ў факальнай плоскасці спектр — сукупнасць прасторава разнесеных відарысаў уваходнай шчыліны ў прамянях з рознай даўжынёй хвалі Выхадная шчыліна аддзяляе пэўны невял. ўчастак спектра, выбар якога вызначаецца паваротам дыспергавальнага элемента. Выкарыстоўваецца як састаўная частка крыніц монахраматычнага выпрамянення і спектрафатометраў, з дапамогай якіх вымяраюць энергію, выпрамененую даследаванымі аб’ектамі ў розных абласцях спектра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАСТЫГМА́Т (ад ан... + астыгматызм),
складаны аб’ектыў, які практычна пазбаўлены ўсіх аберацый (гл.Аберацыі аптычных сістэм). Пры вял. святласіле выразны відарыс па ўсім полі. Складаецца са спец. падабраных лінзаў. Выкарыстоўваецца ў тэхн. і маст. фатаграфіі і кінематаграфіі.