Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАВАРО́ТАЎ ДВАРЦО́ВЫХ ЭПО́ХА,
назва перыяду рас. гісторыі з 1725 да 1762, калі змена манархаў і правячых эліт адбывалася звычайна шляхам дварцовых пераваротаў, якія ажыццяўлялі дваранскія групоўкі, што змагаліся за ўладу. Асн. падзеі: у лют. 1725 пасля смерці Пятра I яго ўдава Кацярына I узведзена на прастол гвардз. палкамі на чале з А.Д.Меншыкавым у абыход унука Пятра I Пятра Аляксеевіча (імператар Пётр II у 1727—30); у вер. 1727 групоўка старой маскоўскай знаці адхіліла ад рэгенцтва пры малалетнім Пятру II Меншыкава; у ліст. 1740 групоўка ген.-фельдмаршала Б.К.Мініха адхіліла ад рэгенцтва пры імператару-дзіцяці Іване VI Э.І.Бірона і зрабіла рэгенткай маці імператара Ганну Леапольдаўну; у снеж. 1741 Лізавета Пятроўна [1741—62] пры падтрымцы гвардыі скінула Івана VI; 9.7.1762 Кацярына II [1762—96] з дапамогай гвардз. палкоў скінула мужа Пятра III, які 18.7 1762 быў забіты яе прыхільнікамі, і заняла прастол у абыход сына Паўла I.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКА АБАРО́НА 1941,
абарончыя баі сав. войск супраць ням.-фаш. захопнікаў 27 чэрв. — 15 ліп. ў Вял.Айч. вайну. Вялася 6 дывізіямі 22-й арміі (ген.-лейт. Ф.А.Ершакоў) Зах. фронту. Лінія абароны праходзіла на рубяжы Дзісна—Ула з уключэннем дотаў Полацкага ўмацаванага раёна, які абараняла 174-я стралк. дывізія (камбрыг А.І.Зыгін, з 29 чэрв.нач. Полацкага баявога ўчастка). У паласе 260 км гітлераўцы сканцэнтравалі 16 дывізій. Насельніцтвам Полацка былі падрыхтаваны траншэі і абарончыя ўмацаванні, створаны ахоўны батальён, пярэдні край абароны быў умацаваны процітанк. збудаваннямі. З 29 чэрв. пачаліся масіраваныя атакі на горад, з 3 ліп. — бамбардзіроўкі. З боку Даўгаўпілса і Маладзечна былі затрыманы гал. калоны ворага, 6 ліп. адкінуты на паўд. бераг Зах. Дзвіны з вял. стратамі тэхнікі часці 3-й танк. групы Гота. 7—9 ліп. ў абыход умацаванага раёна абарона месцамі была прарвана, стварылася пагроза акружэння полацкага гарнізона. У ноч на 16 ліп. Зыгін пачаў выводзіць дывізію з акружэння і 20 ліп. прарваў яго, збярогшы людзей і тэхніку. П.а. затрымала прасоўванне захопнікаў на У больш як на 2 тыдні, што паспрыяла зрыву гітлераўскага плана «маланкавай вайны».
Літ.:
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне. 1941—1945: Энцыкл.Мн., 1990. С. 500.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ЕЎСКАЯ НАСТУПА́ЛЬНАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,
баявыя дзеянні сав. войск 1-га Укр. фронту (камандуючы ген. арміі М.Ф.Ватуцін) супраць асн. сіл ням.-фаш. групы армій «Поўдзень» (ген.-фельдмаршал Э.Манштэйн) у Вял.Айч. вайну; частка бітвы за Дняпро 1943. Праведзена 3—13.11.1943 з мэтай разгрому кіеўскай групоўкі праціўніка і вызвалення сталіцы Украіны. Аперацыі папярэднічалі 2 няўдалыя наступленні войск 1-га Укр. фронту на Кіеў (12—15 і 21—23 кастр.) з Букрынскага (на Пд ад Кіева) і Люцежскага (на Пн ад Кіева) плацдармаў. У адпаведнасці з загадам Стаўкі Вярх. галоўнакамандавання асн. ўдар фронту быў перанесены на Пн ад Кіева (38, 60 і 13-я арміі), а войскі перагрупаваны (3-я гв.танк. армія, 23-і стралк. корпус, 7-ы артыл. корпус прарыву і інш. перадыслацыраваны з Букрынскага плацдарма на Люцежскі, дзе створана перавага над праціўнікам па пяхоце ў 3 разы, па артылерыі ў 4,5 раза, па танках у 9 разоў). Каб увесці праціўніка ў зман адносна напрамку гал. ўдару, 1 ліст. наступленне пачалі войскі Букрынскага плацдарма. 3 ліст., у абыход Кіева з З, пачалі паспяхова наступаць сав. войскі з Люцежскага плацдарма. 6 ліст. яны вызвалілі Кіеў, 13 ліст. — г. Жытомір, стварыўшы на правым беразе Дняпра моцны стратэг. плацдарм. Працягам К.н.а. была Кіеўская абарончая аперацыя 13.11—22.12.1943, у ходзе якой сав. войскі 20 ліст. пакінулі Жытомір, а на правым флангу фронту працягвалі наступленне да канца ліст. і вызвалілі шмат населеных пунктаў, у т. л.г. Оўруч (18 ліст.), бел. райцэнтры Брагін, Хойнікі (абодва 23 ліст.) і Нароўля (30 ліст.), пасля чаго таксама перайшлі да абароны.
Літ.:
Кузнецов Б.И. На Киевском направлении: (К 40-летию освобождения Киева). М., 1983;
В битве за Киев: Воспоминания, очерки. Киев, 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́БЛІН-БРЭ́СЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,
наступальная аперацыя войск 1-га Бел. фронту (Маршал Сав. Саюза К.К.Ракасоўскі) 18 ліп. — 2 жн. ў Вял.Айч. вайну; састаўная частка стратэг.Беларускай аперацыі 1944. Удзельнічалі арміі 8-я гвардз., 28, 47, 48, 61, 65, 69, 70, 1-я Войска Польскага, 6-я і 16-я паветр., 2-я танкавая і некалькі карпусоў. Мэта аперацыі: ударамі левага крыла фронту ў абыход Брэсцкага ўмацаванага раёна з Пд і Пн разграміць люблінскую і брэсцкую групоўкі праціўніка і выйсці шырокім фронтам да р. Вісла. Сав. войскам процістаялі асн. сілы ням. 2-й палявой, частка сіл 4-й танк. армій, 9-я палявая армія. У выніку перагрупоўкі войск на напрамку гал. ўдару была дасягнута перавага сав. сіл над праціўнікам: па асабовым складзе ў 3 разы, па артылерыі і танках у 5 разоў, было больш самалётаў. Ужо ў першы дзень аперацыі вызвалена Жабінка, 20 ліп. — Кобрын і Маларыта, 22 ліп. — Камянец, 23 ліп. — Дамачава, 24 ліп. — Люблін, 28 ліп. — Брэст і Высокае. Поспеху Л.-Б.а. садзейнічала наступальная Львоўска-Сандамірская аперацыя 1944 1-га Укр. фронту, якая пачалася 13 ліп., а таксама ўдзел у баях партыз. падраздзяленняў, у т. л. брыгады імя Леніна. 31 ліп.сав. танкі выйшлі да Прагі — прадмесця Варшавы на правым беразе Віслы. З 28 ліп. да 2 жн. 8-я гвардз. і 69-я сав. арміі фарсіравалі на Пд ад Варшавы Віслу і захапілі плацдармы на яе зах. беразе ў раёнах Мангушава і Пулавы. У выніку аперацыі войскі 1-га Бел. фронту завяршылі вызваленне Беларусі ад акупантаў, выйшлі на тэр. Польшчы і стварылі ўмовы для наступлення на варшаўска-берлінскім напрамку. 47 вайск. злучэнням і часцям прысвоены ганаровыя найменні «Брэсцкіх», 12 — «Кобрынскіх», 16 — «Люблінскіх», 9 — «Ковельскіх». У гонар войск 1-га Бел. фронту ў Брэсце пастаўлены помнік.