БЕРАСЦЯ́НКА,
1) лёгкі адна- або двухвёславы човен. Аснова — драўляны каркас, абцягнуты спец. апрацаванай бяростай. Здаўна бытавалі на Палессі, а таксама ў народаў Амурскага басейна (нанайцаў, ульчаў, эвенкаў).
2) Невялікая бочачка з вечкам для захоўвання мёду, круп, прыпраў і інш. прадуктаў у беларусаў. Рабілі з берасцянага скрутка, канцы якога замацоўвалі фігурным злучэннем у «замок». Сценкі берасцянкі аздаблялі ціснёным узорам у выглядзе сеткі ці хваёвых лапак; трубачкай ці цвіком наносілі ланцужкі ўзораў з кружочкаў і кропак. У наш час выйшлі з ужытку.
т. 3, с. 108
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́БЕН,
бел. нар. інструмент класа мембранафонаў. Лакальная назва ручны барабан. Драўляны (часам металічны) абруч («бячайка», «рэшата»); абцягнуты з аднаго боку скурай (сабакі, цяляці, казляняці); у падоўжныя проразі абруча ўстаўлены штыфты з парамі рухомых круглых бляшак («талерачак», «ляскотак»); пад скурай накрыж падвязаны бразготкі (званочкі, шархуны). Гук узнікае пры патрэсванні бубна, ударах па мембране пальцамі, далонню, кулаком або драўлянай калатушкай, вібрыруючым трэнні вял. пальцам па скуры. Гучанне бубна вызначаецца разнастайнасцю гукавых, тэмбравых і дынамічных адценняў.
Назва «бубен» сустракаецца ў гіст. дакументах 11 ст. ў сувязі з ваен. падзеямі ці выступленнямі скамарохаў, але дакладна невядома, які менавіта інструмент (уласна бубен, барабан або літаўры) яна абазначала. Сведчаннем таго, што бубен быў вядомы на Беларусі ў 15 ст., даследчыкі лічаць выяву скамароха з бубнам на фрэсцы касцёла св. Тройцы ў Любліне работы «рускіх майстроў» (майстроў з Вял. кн. Літоўскага). У сучасным сял. побыце выкарыстоўваецца як ансамблевы рытмічна-каларыстычны інструмент пры выкананні танцаў і вясельных маршаў. Пашыраны на ўсёй тэр. Беларусі.
І.Дз.Назіна.
т. 3, с. 303
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)