ЛАТРЭАМО́Н
[Lautréamont; сапр. Дзюкас (Ducasse) Ізідор Люсьен; 4.4.1846, Мантэвідэо — 24.11.1870],
французскі паэт, адзін з заснавальнікаў сімвалізму. У зб. вершаў у прозе «Песні Мальдарора» (1868—69) увасоблены абсурдна-фантасмагарычныя сітуацыі ў выглядзе своеасаблівых парадыйных імітацый, якія сімвалізуюць сусв. злую волю і нясуць у сабе філасофію багаборніцтва. Паэтыцы ўласціва спалучэнне гратэску і алагізму з лірызмам, рамант. тэндэнцый з сімвалізмам. У кн. «Вершы. Прадмова да будучай кнігі» (1870) — пародыі на афарызмы філосафаў і паэтаў Б.Паскаля, Ф.Ларошфуко, В.Гюго і інш.
Тв.:
Рус. пер. — у кн.: Поэзия французского символизма: Лотреамон. Песни Мальдорора. М., 1993.
Літ.:
Обломиевский Д.Д. Французский символизм. М., 1973.
Е.А.Лявонава.
т. 9, с. 154
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЧЫ́НСКІ (Gałczyński) Канстанцін Ільдэфанс
(23.1.1905, Варшава — 6.12.1953),
польскі паэт. Вучыўся ў Варшаўскім ун-це (1923—26). Друкаваўся з 1923. У яго ранняй творчасці пераважаюць скептыка-анархічныя адносіны да свету (паэт. карыкатуры). Аўтар сатыр. аповесці «Вослік Парфірыён, або Клуб святататцаў» (1929) і паэмы «Канец свету» (1930). Рэаліст. замалёўкі нар. гуляння перамяжоўваюцца з фантаст. ўстаўкамі ў паэме «Народная забава» (1934). Першы зб. вершаў «Паэтычныя творы» (1937). У 1939—45 вязень фаш. канцлагераў. У 1946—50 апублікаваў цыкл мініяцюр «Зялёная гусь», прасякнутых абсурдна-гратэскавым гумарам, паэт. і сатыр. фельетоны (цыкл «Пісьмы з фіялкай», 1948). Выдаў зб-кі вершаў «Зачараваная пралётка» (1948), «Заручальныя пярсцёнкі» (1949), «Лірычныя вершы» (1952), паэмы «Ніабея» (1951), «Віт Ствош» (1952; пра сярэдневяковага скульптара), «Падарожжа Хрызастома Бульвецыя ў Цемнаград» (1953). Лірычны цыкл вершаў «Песні» (1953) напоўнены філас. роздумам пра жыццё і прызначэнне мастацтва. Галчынскі стварыў арыгінальную маст. сістэму, у якой спалучаны элементы лірыкі, сатыры, гратэску, зямнога і фантастычнага. На бел. мову яго вершы перакладалі Н.Гілевіч, С.Дзяргай, М.Лужанін і інш.
Тв.:
Dzieła. Т. 1—5.Warszawa, 1957—60;
Рус. пер. — Стихи. М., 1967.
В.В.Саладоўнікаў.
т. 4, с. 474
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)