Тэорыя абстрактных граматык 8/597

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРСАНІФІКА́ЦЫЯ (ад лац. persona асоба + facere рабіць),

надзяленне жывёл, рэчаў, з’яў прыроды ці абстрактных паняццяў чалавечымі ўласцівасцямі, увасабленне ў вобразе чалавека.

т. 12, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЛАНЭ́ ((Delaunay) Рабер) (12.4.1885, Парыж — 25.10.1941),

французскі жывапісец і графік. Вучыўся ў Школе тэатр.-дэкарацыйнага мастацтва ў Бельвіле. Зазнаў уплывы неаімпрэсіянізму, П.Сезана, кубізму. Заснавальнік (з С.​Тэрк-Дэланэ) плыні арфізм. Дынаміку руху і рытмаў перадаваў з дапамогай вылучаных ім заканамернасцей узаемапранікнення асн. колераў спектра і ўзаемаперасячэння крывалінейных паверхняў. Аўтар абстрактных карцін («Дыск», «Круглыя формы», 1912—13, «Даніна павагі Блерыо», 1914, «Радасць жыцця», 1930—31, «Рытмы», 1930—37), пейзажаў («Чырвоная Эйфелева вежа», 1910), лаканічных нацюрмортаў («Кафейнік, партугальскі нацюрморт», 1915—16), партрэтаў («Ф.​Супо», 1922) і інш. Іл. глядзі ў артыкуле Жывапіс.

т. 6, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХАРЫ́НСКІ (Вячаслаў Адамавіч) (н. 14.10.1950, г.п. Глуск Магілёўскай вобл.),

бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1971). Афіц. прадстаўнік Еўрап. АМ у Варшаве (з 1993). Раннім творам уласцівы лірызм і паэтычнасць («Любімая зямля», 1978, «Жураўліная журба», 1983, і інш.). У 1986—96 працаваў за мяжой (Польшча, Германія, Італія). Для твораў гэтага перыяду характэрна складанае спалучэнне рэаліст. і фармальна-абстрактных форм, канцэптуальнасць — цыклы: «XX стагоддзе», «Аварыя» (абодва 1988), «Пацукі» (1988—89), «Фарысеі» (1989), «Грэшнікі» (1989—90), «Святыя» (1990), «Мой сябра Феліні» (1992—93), «Лэдзі», «Ню» (абодва 1990—95), «Архідэі» (1995).

В.Захарынскі. Ефрасіння Полацкая. З цыкла «Святыя». 1990.

т. 7, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАУ́МЕН (ад грэч. noumenon),

тэрмін, які ў процілегласць феномену, абазначае сутнасць, што можа быць спасцігнута толькі розумам (розумаспасцігальную). Упершыню тэрмін «Н.» выкарыстаў Платон (у дыялогу «Тымей»), які разумеў пад Н. рэальнасць як яна існуе сама па сабе і прадмет абстрактных ведаў. І.​Кант (у «Крытыцы чыстага розуму») разглядаў Н. як адмоўнае праблематычнае паняцце. Н. — гэта прадмет розуму, інтэлектуальнай інтуіцыі. У «Крытыцы практычнага розуму» Кант указваў на магчымасць станоўчага спасціжэння Н. як прадмета непачуццёвага сузірання. У гэтым сэнсе Н. недаступны чалавеку, паколькі яго сузіранні, паводле Канта, могуць быць толькі пачуццёвымі. Абодва гэтыя значэнні Н. адпавядаюць у яго філасофіі розным функцыям «рэчы ў сабе».

т. 11, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРЫ́ЛІН (Пётр Аляксеевіч) (н. 12.7.1954, г. Віцебск),

бел. графік. Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1981). Працуе пераважна ў тэхніцы малюнка, акварэлі, змешаных тэхніках. Творы вызначаюцца семіятычнасцю вобразных канструкцый, спалучэннем у дэталёва распрацаваных кампазіцыях абстрактных геам. форм і фігуратыўных выяў, складанасцю рытмічных пабудоў, экспрэсіўнасцю і дэкаратыўнасцю каларыту. Аўтар цыклаў «Поліс» (1983), «Вечнасць» (1984), «Аблокі» (1995), «Антысветы» (1997), кампазіцый «Погляд» (1983), «Дзяўчынка-кветка» (1984), «Рыба» (1986), «Спытай шчасця са мной» (1987), «Memento mori», «Люцыфер», «Алея», «Ззянне доўгай раніцы» (усе 1990), «Карусель», «Дзікі лес», «Фаварыт неба», «Кола часу» (усе 1996), «Адаліска», «Адысея бяздоннага мора», «Маленькі лорд», «Вежа адзінокіх птушак», «Востраў кахання», «Інтуіцыя міфа», «Восеньскі праменад» (усе 1998) і інш.

М.​Л.​Цыбульскі.

П.Кірылін. О, аблокі. 1995.

т. 8, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГІ́ЧНЫ ПАЗІТЫВІ́ЗМ,

кірунак неапазітывізму, які сфарміраваўся ў 1920-я г. на базе Венскага гуртка. Яго тэарэт. вытокі ў вучэнні Э.​Маха і Р.​Авенарыуса аб «непасрэдна дадзеным» у вопыце суб’екта, логіка-гнасеалагічнай мадэлі ведаў Б.​Расела і Л.​Вітгенштэйна і інш. Адна з асн. задач Л.п. — матэматызацыя і фармалізацыя ведаў. Метад фармалізацыі прадстаўнікі Л.п. пашырылі і на філасофію, спрабуючы ачысціць яе ад метафізікі (г. зн. абстрактных, лагічна не абгрунтаваных палажэнняў) і зрабіць навуковай. Для гэтага выкарыстоўваўся т. зв. прынцып верыфікацыі (вызначэння сапраўднасці навук. сцвярджэнняў), які трактаваўся ў духу суб’ектывізму і канвенцыяналізму. У 2-й пал. 1930-х г. пасля пераезду ў ЗША асн. прадстаўнікоў Л.п. іх вучэнне часткова перагледжана, але захавала сваю суб’ектыўна-ідэалістычную сутнасць і стала больш вядома як лагічны эмпірызм. З 1960-х г. Л.п. перастаў існаваць як самастойны філас. кірунак.

Т.​І.​Адула.

т. 9, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗАМАРФІ́ЗМ у мовазнаўстве,

падабенства ў арганізацыі плана выражэння і плана зместу мовы або паралелізм у кампанентнай будове знешняй гукавой формы мовы і семантыкі. Найперш гэтае падабенства праяўляецца ў суадносных структурах, якімі аб’ядноўваюцца адзінкі плана выражэння (гукі — у склады) і адзінкі плана зместу (словы — у словазлучэнні і сказы). Паралелізм назіраецца і ў вылучэнні гал. і залежных кампанентаў у вызначаных спалучэннях. Напр., у складзе гал. з’яўляюцца галосныя (па іх колькасці вызначаецца колькасць складоў у слове), а залежнымі — зычныя гукі. У словазлучэннях гал. тыя лексемы, якія граматычна падпарадкоўваюць інш.; у сказе гал. кампанентам з’яўляецца выказнік, або структурнае ядро сказа. І. адзначаецца і ў суадноснасці абстрактных адзінак плана выражэння і плана зместу. Паслядоўнасць адцягненых адзінак плана выражэння (дыферэнцыяльная прыкмета, фанема, склад, фаналагічнае слова) адпавядае паслядоўнасці адзінак плана зместу (сема, семема, значэнне слова, сказ). Вывучэнню І. прысвечаны працы дацкага лінгвіста Л.​Ельмслева, польск. мовазнаўца Е.​Курыловіча і інш.

Літ.:

Курилович Е. Понятие изоморфизма...: Пер. с пол. // Общее языкознание. 2 изд. Мн., 1987.

т. 7, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ПКА (Kupka) Францішак [франц. псеўд. Рэньяр Поль

(Paul Regnard); 23.9.1871, Опачна, Чэхія — 21.6.1957], чэшскі жывапісец; адзін з заснавальнікаў абстрактнага мастацтва. Праф. АМ у Празе (з 1919). Вучыўся ў АМ у Празе (1888—91) і Вене (1891—95). З 1895 у Парыжы, з 1906 у Пюто (Францыя). Чл. аб’яднання «Абстракцыя — творчасць» (з 1931). У ранні перыяд пісаў карціны ў духу імпрэсіянізму («Бібліяфіл»),

сімвалізму («Недавер, або Чорны ідал», 1903), экспрэсіянізму («Архаічная», 1910). Пазней звярнуўся да абстрактных кампазіцый і т.зв. арфізму (тэрмін уведзены Г.Апалінэрам для абазначэння жывапісу, які перадае дынаміку рухаў і муз. рытмаў праз спалучэнні чыстых моцных тонаў і перасячэнне крывалінейных паверхняў). Сярод твораў: «Клавішы раяля — возера», «Першы крок» (абодва 1909), «Жонка мастака сярод вертыкаляў» (1910—11), «Чырвоныя і сінія дыскі» (1911), «Аморфа, двухколерная фуга» і «Дыскі Ньютана. Эцюд да двухкаляровай фугі (абодва 1911—12), «Вертыкальныя чырвоныя і сінія планы», «Філасофская архітэктура» (абодва 1913), «Тры сінія, тры чырвоныя» (1913—57), «Механізм» (1920), «Абстрактны жывапіс» (1931), «Аўтаномны белы» (1951—52) і інш. Аўтар ілюстрацый да «Чалавека і зямлі» Э.​Рэклю (1904—06), «Гімна гімнаў» і «Эрынеяў» Л. дэ Ліля (1905—09), «Лісістраты» Арыстафана (1906), «Праметэя» Эсхіла (1911), шэрагу малюнкаў, тэарэт. працы «Творчасць у пластычных мастацтвах» (1923).

Я.​Ф.​Шунейка.

Ф.Купка. Дыскі Ньютана. Эцюд да двухкаляровай фугі. 1911—12.

т. 9, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭГРА́ЛЬНАЕ ЎРАЎНЕ́ННЕ,

ураўненне, якое звязвае шуканую функцыю і інтэграл ад яе. Да І.ў. зводзяцца шматлікія задачы фізікі, краявыя задачы, задачы на адшуканне ўласных значэнняў дыферэнцыяльных ураўненняў і інш.

Тэорыя І.ў. зарадзілася ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў нетрах тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў і матэм. фізікі пасля прац матэматыкаў італьян. В.​Вальтэра (1896), швед. Э.​Фрэдгальма (1903), ням. Д.​Гільберта (1912) і Э.​Шміта (1907). Яна стымулявала развіццё функцыянальнага аналізу і тэорыі аператараў у абстрактных прасторах. Адрозніваюць І.ў. рэгулярныя (з інтэграламі Рымана ці Лебега) і сінгулярныя (з няўласнымі інтэграламі розных тыпаў), лінейныя і нелінейныя. Найб. вывучаны лінейныя І.ў., напр., ураўненні Фрэдгальма a(t) u(t) + Ω k(t,s) u(s) ds = 𝑓(t) , дзе u(t) — шуканая, a(t), k(t,s) (ядро) і f(t) — зададзеныя функцыі, Ω — вобласць эўклідавай прасторы аднаго або многіх вымярэнняў; калі a(t) = 0, дадзенае ўраўненне наз. ўраўненнем 1-га роду, калі a(t) = 1—2-га, у астатніх выпадках — 3-га. Пры замене інтэграла на інтэгральную суму (гл. Вызначаны інтэграл) атрымліваецца сістэма алг. ураўненняў, для якой вядомыя ўмовы вырашальнасці. Важнымі класамі нелінейных І.ў. з’яўляюцца ўраўненні Ляпунова—Шміта, Урысона і інш Разглядаюцца таксама сістэмы І.ў., а таксама І.ў. з вектар-функцыямі розных тыпаў, выпадковымі працэсамі і інш. Рашэнні ўраўненняў часта знаходзяць лікавымі метадамі.

На Беларусі даследаванні па тэорыі І.ў. пачаты ў 1961 пад кіраўніцтвам Ф.​Дз.Гахава (сінгулярныя ўраўненні) і праводзяцца ў БДУ, Ін-це матэматыкі Нац. АН і інш.

П.​П.​Забрэйка.

т. 7, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)