Абруч 2/122, 123

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́БЕН,

бел. нар. інструмент класа мембранафонаў. Лакальная назва ручны барабан. Драўляны (часам металічны) абруч («бячайка», «рэшата»); абцягнуты з аднаго боку скурай (сабакі, цяляці, казляняці); у падоўжныя проразі абруча ўстаўлены штыфты з парамі рухомых круглых бляшак («талерачак», «ляскотак»); пад скурай накрыж падвязаны бразготкі (званочкі, шархуны). Гук узнікае пры патрэсванні бубна, ударах па мембране пальцамі, далонню, кулаком або драўлянай калатушкай, вібрыруючым трэнні вял. пальцам па скуры. Гучанне бубна вызначаецца разнастайнасцю гукавых, тэмбравых і дынамічных адценняў.

Назва «бубен» сустракаецца ў гіст. дакументах 11 ст. ў сувязі з ваен. падзеямі ці выступленнямі скамарохаў, але дакладна невядома, які менавіта інструмент (уласна бубен, барабан або літаўры) яна абазначала. Сведчаннем таго, што бубен быў вядомы на Беларусі ў 15 ст., даследчыкі лічаць выяву скамароха з бубнам на фрэсцы касцёла св. Тройцы ў Любліне работы «рускіх майстроў» (майстроў з Вял. кн. Літоўскага). У сучасным сял. побыце выкарыстоўваецца як ансамблевы рытмічна-каларыстычны інструмент пры выкананні танцаў і вясельных маршаў. Пашыраны на ўсёй тэр. Беларусі.

І.Дз.Назіна.

т. 3, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІМНА́СТЫКА (грэч. gymnastikē ад gymnazō трэнірую, практыкую),

сістэма фізічных практыкаванняў для ўмацавання здароўя і ўсебаковага фізічнага развіцця асобы. Гімнастычныя практыкаванні былі вядомыя за 3 тыс. гадоў да н.э. ў Кітаі і Індыі; у Стараж. Грэцыі пад гімнастыкай разумелі сістэму практыкаванняў. Вылучаюць віды гімнастыкі: асноўная, спартыўная і дапаможная. Асн. гімнастыка спрыяе агульнаму фіз. развіццю і ўмацаванню здароўя, развівае спрыт, сілу і інш. Гэта пераважна вучэбная гімнастыка. Уведзена ў дашкольных і школьных установах, арміі. Яе разнавіднасць — гігіенічная гімнастыка больш вядомая як зарадка. Спарт. гімнастыка апрача спецыяльна падабраных (вольных) практыкаванняў уключае практыкаванні на спарт. снарадах (брусы, перакладзіна, бервяно, «конь», батут і інш.), з рознымі прадметамі (скакалка, мяч, абруч і інш.); некаторыя практыкаванні ідуць з муз. суправаджэннем. Спарт. гімнастыка мае на мэце дасягненне вышэйшага спарт. майстэрства (гл. Акрабатыка, Мастацкая гімнастыка, Спартыўная гімнастыка). Дапаможная (прыкладная) гімнастыка спрыяе высокім дасягненням у розных відах спорту (спарт.-прыкладная гімнастыка), павышэнню прадукцыйнасці працы (вытворчая, прафесійна-прыкладная гімнастыка), узнаўленню страчаных функцый, умацаванню здароўя (лячэбна-аздараўленчая гімнастыка, гл. таксама Лячэбная фізкультура).

т. 5, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЫ́СІК (Яўген Мікітавіч) (17.9.1930, с. Шныроў Бродаўскага р-на Львоўскай вобл., Украіна — 4.5.1991),

украінскі мастак тэатра. Засл. дз. маст. Украіны (1967). Нар. мастак Украіны (1975). Скончыў Львоўскі ін-т прыкладнога і дэкар. мастацтва (1961). З 1961 мастак, з 1967 гал. мастак Львоўскага т-ра оперы і балета, дзе аформіў спектаклі «Спартак» А.Хачатурана (1965 і 1986), «Залаты абруч» Б.Ляташынскага (1971), «Раймонда» А.Глазунова (1974), «Вайна і мір» С.Пракоф’ева і «Вій» В.Губарэнкі (абодва 1985). З 1974 супрацоўнічаў з Дзярж. т-рам оперы і балета Беларусі, у 1979—81 яго гал. мастак. Аформіў балеты «Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ — Р.Шчадрына (1974), «Стварэнне свету» А.Пятрова (1976), «Тыль Уленшпігель» Я.Глебава (1978), «Спартак» (1980), «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага (1982), оперу «Джардана Бруна» С.Картэса (1977). Гал. рысы яго творчасці — тэатральнасць і глыбокая філасафічнасць мыслення, шматзначнасць, уменне ўкласці ў адзін выяўленчы рад некалькі сэнсаў у спалучэнні з выразнай маст. канцэпцыяй, арганічная знітаванасць сцэнаграфіі з музыкай і пластыкай. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1971.

Літ.:

Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 171—181.

Л.А.Сівалобчык.

Я.М.Лысік.
Я.Лысік. Эскіз дэкарацый да балета «Стварэнне свету» А.Пятрова.

т. 9, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯТАШЫ́НСКІ (Барыс Мікалаевіч) (3.1.1895, г. Жытомір, Украіна — 15.4.1968),

украінскі кампазітар, педагог, муз. дзеяч. Нар. арт. Украіны (1968). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1919, клас Р.Гліэра). Выкладаў у Кіеўскай (з 1919, з 1935 праф.) і Маскоўскай (1935—44, з перапынкам) кансерваторыях. У 1939—41 старшыня праўлення Саюза кампазітараў Украіны. Найб. творчыя дасягненні — 3-я, 4-я, 5-я сімфоніі, адметныя філас. глыбінёй і сілай маст. абагульнення. Выступаў як дырыжор з выкананнем уласных твораў. Рэдагаваў і аркестраваў творы інш. кампазітараў. Сярод твораў: оперы «Залаты абруч» паводле І.Франко (паст. 1933), «Шчорс» (паст. 1938); 2 кантаты, у т.л. «Запавет» (1939); для аркестра — 5 сімфоній (1918—66), сімф. паэмы «Уз’яднанне» (1949), «Гражына» (1955), «На берагах Віслы» (1958); сюіты (1961, 1966), уверцюры (1926, 1961); «Славянскі канцэрт» для фп. з арк. (1953); камерна-інстр. ансамблі; інстр. творы; хары, у т.л. a cappella, на словы А.Пушкіна і Т.Шаўчэнкі; рамансы, апрацоўкі укр. нар. песень; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Сярод вучняў І.Бэлза. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1952. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1971.

Літ.:

Самохвалов В.Я. Черты симфонизма Б.Лятошинского. 2 изд. Киев, 1977;

Б.Лятошинский: Воспоминания. Письма. Материалы. Кн. 1—2. Киев, 1985—86.

т. 9, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)