АБРАСТА́ННІ, перыфітон,

сукупнасць водных арганізмаў, якія пасяляюцца на штучных (днішчы суднаў, буі, збудаванні на па́лях, трубаправоды, прычалы) і прыродных (камяні, карчы, вышэйшыя водныя расліны і інш.) цвёрдых субстратах. Складаюцца з бактэрый, грыбоў, прасцейшых, водарасцяў, чарвей, імшанак, малюскаў, губак. З’яўляюцца прыродным біяфільтрам, індыкатарам якасці вады, прадуцэнтам арган. рэчываў, кармавой базай і сховішчам для водных жывёл. Прыносяць вял. страты засмечваннем водазабіральных адтулін, трубаправодаў, памяншаюць скорасць руху суднаў і г.д.

т. 1, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯПАШКО́ДЖАННЕ,

непажаданае змяненне ўласцівасцяў і якасцяў прамысл. матэрыялаў, вырабаў, збудаванняў, кармавых і харч. прадуктаў і г.д. пад уздзеяннем жывых арганізмаў. Напр., парушэнне драўніны грыбкамі і насякомымі, плесненне прадуктаў, тканіны, паперы, парушэнне цаглянай або бетоннай муроўкі каранямі раслін, падводных частак караблёў, збудаванняў пры іх абрастанні і г.д. Часам у паняцце «біяпашкоджанне» ўключаюцца праявы парушэнняў структуры біягеацэнозаў пад уздзеяннем біягенных фактараў.

т. 3, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАГМАТЫ́ЗМ

[ад грэч. dogma (dogmatos) думка, вучэнне],

некрытычны, аднабаковы тып мыслення, пры якім у ацэнцы і разуменні рэалій не ўлічваюцца спецыфічныя ўмовы месца, часу, дзеяння або ён абапіраецца на адвольныя, бяздоказныя, прадузятыя пабудовы і канструкцыі. Усе ісціны трактуе як абсалюты. Тэрмін «дагматызм» уведзены стараж.-грэч. філосафамі-скептыкамі Піронам і Зянонам. І.Кант лічыў дагматызмам усякае пазнанне, якое не заснавана на папярэднім даследаванні яго магчымасцей і перадумоў. У філасофіі Г.Гегеля дагматызм — метафізічнае абстрактнае мысленне, якое не выкарыстоўвае дыялектычны розум як творчы патэнцыял інтэлекту чалавека. Дагматычнае мысленне ўласціва моцна псіхалагізаваным сістэмам уздзеяння на чалавека (рэлігія, паліт. ідэалогія, мараль, і інш.). У навук. і філас. мысленні дагматызм выяўляецца ў прыхільнасці да выкарыстання адназначна інтэрпрэтаваных фактаў і эмпірычных законаў: у захапленні абстракцыямі, схематызмам і фармалізмам, у ігнараванні ўзаемасувязей паміж формамі ведаў і культуры. Дагматычнае выкарыстанне сістэм ведаў праяўляецца ў іх абсалютызацыі, абрастанні культамі ў духу дактрынёрства і аўтарытарызму, у адмаўленні іншадумства, непрымірымасці да інш. поглядаў. Дагматызм у пачуццях, пазнанні і дзеяннях абумоўлены таксама псіхічнай патрэбай у адэкватнай апоры, у ачалавечванні свету, што суправаджаецца стварэннем культаў, куміраў і ідалаў, падпарадкаваннем моцнай уладзе, надзейнаму, прывычнаму і блізкаму для чалавека парадку. У процілегласць дагматызму творчы падыход патрабуе свядомых, мэтанакіраваных адносін чалавека да аб’ектыўнай рэальнасці, свабоднага крытычнага аналізу зыходных мэт і праграм дзейнасці людзей, дзяржавы і інш. суб’ектаў грамадскіх адносін.

А.В.Ягораў.

т. 5, с. 574

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)