АРЭ́ХАЎНА,

возера ў Беларусі, у Полацкім раёне Віцебскай вобласці, у басейне ракі Нача, за 26 км на Паўднёвы Захад ад Полацка. Плошча 0,47 км², даўжыня 1,1 км, найбольшая шырыня 0,66 км, найбольшая глыбіня 0,8 м, даўжыня берагавой лініі 3,16 км. Плошча вадазбору 179 км².

Пойма забалочаная, парослая хмызняком, схілы катлавіны вышынёй 5—10 м, разараныя, на Поўдні абразійны ўступ вышынёй 3—4 м. Берагі сплавінныя, нізкія. Востраў плошчай 0,5 га. Уздоўж берагоў і вострава дно пясчанае, глыбей — сапрапелістае. Зарастае. Выцякае рака Нача. Злучана пратокай з возерам Забеліна.

т. 2, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБЫ́НА,

возера ў Беларусі, у Полацкім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Нача, за 15 км на ПдЗ ад Полацка. Пл. 0,49 км², даўж. 1,33 км, найб. шыр. 0,56 км, найб. глыб. 32,3 м, даўж. берагавой лініі 3,6 км. Пл. вадазбору 6,3 км².

Схілы катлавіны выш. да 40 м, пад пашай або лесам. Ніжняя частка схілаў амаль ўсюды ўтварае стромкі абразійны ўступ выш. да 9 м. Берагі нізкія, пясчаныя і гліністыя. Мелкаводдзе вузкае. Дно пясчанае, глыбей за 8—10 м глеістае. Злучана пратокай з воз. Бабынічы.

т. 2, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ДЗСКАЕ ВО́ЗЕРА ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дрысвята, за 34 км на ПдЗ ад г. Браслаў. Пл. 0,97 км², даўж. 4,07 км, найб. шыр. 540 км, найб. глыб. 20,5 м, даўж. берагавой лініі 10,2 км. Пл. вадазбору 4,5 км². Схілы катлавіны выш. больш за 20 м, у паўд. ч. стромкі абразійны схіл. Катлавіна складаецца з 3 плёсаў: мелкаводнага ўсходняга, карытападобнай формы з шырокай літараллю (да 30 м) заходняга і найбольш складанай будовы цэнтральнага з востравам (пл. 0,4 га) і меллю. Большасць берагоў зліваецца са схіламі, у асобных месцах пойма шыр. да 10 м. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей — глеі. Злучана пратокай з воз. Сэклы.

т. 4, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРКО́ЎШЧЫНА, Малая Даўгоўшчына,

возера ў Беларусі, ва Ушацкім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Ушача, за 8 км на Пд ад г.п. Ушачы. Пл. 0,16 км², даўж. 760 м, найб. шыр. 300 м, найб. глыб. 21,8 м, даўж. берагавой лініі 2,3 км. Пл. вадазбору 11,4 км².

Схілы катлавіны выш. 20—30 м, на Пд і Пн не выражаны, на З абразійны ўступ выш. 2—3,5 м. Берагі нізкія, на ПнЗ і З сплавіна шыр. 5—10 м, усх. бераг пясчаны, паўд. забалочаны. Мелкаводдзе вузкае, пясчанае, глыбакаводдзе выслана глеем. Надводная расліннасць утварае паласу шыр. ад 10 да 250 м. Злучана ручаём з воз. Доўжына. Уваходзіць у курортную зону Ушачы.

т. 2, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РАГ,

паласа ўзаемадзеяння паміж сушай і вадаёмам (мора, возера, вадасховішча і інш.) ці вадацёкамі (рака, канал і інш.). Мае надводную частку і падводны берагавы схіл, падзеленыя берагавой лініяй. Фарміруецца пад уздзеяннем гідралагічных (ветравыя хвалі, прылівы, адлівы, цячэнні, рачныя плыні і інш.), геал. (тэктанічныя рухі, састаў горных парод), геамарфал. (вышыня і формы рэльефу), антрапагенных (гідрабудаўніцтва, водакарыстанне) і інш. фактараў. Паводле вядучых фактараў у марскіх, рачных і азёрных берагах адрозніваюць абразійныя і эразійныя (гл. Абразія, Эрозія), акумулятыўныя і складаныя. Вывучае берагі геамарфалогія.

Бераг марскі з боку сушы абмежаваны лініяй, якой дасягае прыбой у час найб. прыліваў і штормаў, з боку мора — глыбінёй, дзе затухаюць рухі хваляў. У развіцці марскіх берагоў гал. роля належыць хвалям і прыбою. Яны разбураюць сушу і ўтвараюць абразійныя, часта з кліфам (уступам), берагі або перамяшчаюць і адкладаюць наносы, утвараючы акумулятыўныя берагі. Фарміруюцца яны таксама ў выніку дзейнасці рэк у вусці (дэльтавыя берагі) і пад уплывам занальных фактараў: у Арктыцы і Антарктыцы ад дзеяння вады на мёрзлы грунт і лёд узнікаюць тэрмаабразійныя, у трапічных морах жывыя арганізмы ствараюць біягенныя, пераважна каралавыя берагі (гл. Каралавыя пабудовы). Сучасныя берагі пачалі фарміравацца каля 6 тыс. гадоў назад, пасля позналедавіковай трансгрэсіі, калі ўзровень акіяна павысіўся на 90—100 м і заняў цяперашняе становішча. У выніку затаплення нізінных ускраін мацерыкоў утварыліся інгрэсійныя марскія берагі. Яны падзяляюцца на ледавіковыя (фіёрдавы, шхерны), эразійныя (рыясавы і ліманны), эолавыя (аральскі), структурна-дэнудацыйныя (далмацінскі), ватавыя і інш. (гл. таксама Інгрэсія, Фіёрд, Шхеры, Ліман, Ваты). Берагі рачныя развіваюцца пад уздзеяннем рэчышчавай плыні, якая выклікае бакавую і лінейную эрозію і ўтварэнне карэннага (тэрасавага) незатапляльнага берага або акумуляцыю наносаў і ўтварэнне акумулятыўнага (поймавага) затапляльнага берага. Рэкі Паўн. паўшар’я, якія цякуць на Пн, маюць правы стромкі, абразійны, левы нізкі, акумулятыўны бераг (пад уплывам Карыяліса сілы). У фарміраванні берагоў рэк вял. значэнне маюць апоўзні, абвалы, асыпкі і ўтварэнне яроў. Берагавыя працэсы на рэках паскараюцца пры змене базісу эрозіі.

На Беларусі берагі вадаёмаў і вадацёкаў пераважна акумулятыўныя, на іх развіты берагавыя валы і пляжы. Абразійныя берагі найб. уласцівы вадасховішчам (на некаторых да 50% даўжыні берагавой лініі) і рэкам. На многіх азёрах берагі амаль не перапрацоўваюцца, параслі лесам, хмызняком і травой. Балотная расліннасць стварае на іх сплавінныя берагі.

Літ.:

Берега. М., 1991.

Л.У.Мар’іна.

т. 3, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)