Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІНКРУ́СТ (ад лац. linum лён, палатно + crusta кара, абліцоўка),
рулонны аддзелачны матэрыял з гладкай або ўзорыстай рэльефнай паверхняй. Гэта папера або тканіна, пакрытая тонкім (0,5—1 мм) слоем пластмасы, атрыманай на аснове алкідных смол. Выкарыстоўваецца для ўнутр. аддзелкі грамадскіх будынкаў і трансп. сродкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДАЎСТО́ЙЛІВАСЦЬматэрыялаў,
здольнасць матэрыялаў захоўваць свае фізіка-мех. ўласцівасці пры працяглым уздзеянні вады. Вызначаецца адносінамі велічынь трываласці пры расцяжэнні (сцісканні) матэрыялу, насычанага вадой і ў сухім стане (каэф. разумацавання). Да водаўстойлівых адносяць матэрыялы з каэф. разумацавання, большым за 0,8 (напр., многія металы, спечаную кераміку, шкло, фтарапласты, поліалефіны). Водаўстойлівасць — важны паказчык для матэрыялаў, якія ўвесь час эксплуатуюцца ў вадзе (апоры мастоў, плаціны, абліцоўка рэактараў і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЛІЦО́ВАЧНЫЯ РАБО́ТЫ,
аддзелка вонкавых і ўнутр. паверхняў збудаванняў ліставымі і плітачнымі матэрыяламі, разнавіднасць аддзелачных работ. Павышаюць даўгавечнасць і паляпшаюць архітэктурна-маст. выразнасць будынкаў. Асн. аперацыі: сартаванне і падрыхтоўка абліцовачных матэрыялаў, прыгатаванне буд. раствораў, клеяў і масцік, падрыхтоўка і разметка паверхні, уласна абліцоўка. Вонкавыя абліцовачныя работы выконваюць адначасова з муроўкай сцен ці пасля іх узвядзення, унутраныя праводзяць па заканчэнні агульных буд. работ. Адзін з відаў абліцовачных работ — мазаічнае пакрыццё (гл. ў арт.Мазаіка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУР-ЭМІ́Р, Гуры-Эмір,
маўзалей у Самаркандзе, магільны склеп Цімура і Цімурыдаў. Выдатны помнік сярэдневяковай архітэктуры Сярэдняй Азіі. Пабудаваны ў 1403—04 паводле загаду Цімура на тэр.арх. комплексу Мухамед-Султана (канец 14 ст., захаваўся часткова).
Васьмігранны аб’ём маўзалея ўвянчаны велічным сфераканічным рабрыстым купалам на высокім барабане. Абліцоўка будынка паліхромная. Уваход са двара аформлены порцікам з керамічнымі мазаікамі. У 1420-я г. да маўзалея дабудаваны скляпеніста-купальныя памяшканні. У інтэр’еры панэль з оніксу, паліхромная размалёўка, надмагіллі з мармуру і чорна-зялёнага нефрыту. Рэстаўрыраваны ў 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУМУЛЯТЫЎНЫ ЭФЕ́КТ, кумуляцыя (ад лац. cumulatio збіранне),
канцэнтрацыя дзеяння выбуху ў адным пэўным напрамку. Дасягаецца стварэннем у зарадах выбуховых рэчываў канічнай, сферычнай або інш. кумулятыўнай выемкі, накіраванай у бок аб’екта паражэння.
К.э. значна павялічваецца пры пакрыцці (абліцоўцы) выемкі метал. абалонкай. Пры ініцыіраванні выбуху паток прадуктаў дэтанацыі ўтварае высокаскарасны (да 10—15 км/с) кумулятыўны струмень, у якім ціск, шчыльнасць рэчыва і энергія значна вышэйшыя, чым у звычайных зарадаў. Гэта забяспечвае накіраванасць выбуху і высокую прабіўную сілу кумулятыўнага струменя. Выкарыстоўваецца ў выбуховай справе (у дэтанатарах, прасаваных аманітах, адкрытых зарадах) і ваен. справе — у кумулятыўных боепрыпасах (артыл. снарадах, мінах, авіяц. бомбах, баявых частках ракет і інш.), прызначаных пераважна для паражэння браніраваных цэлей і абарончых збудаванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЎРЫТА́НСКІ СТЫЛЬ, маўрытанскае мастацтва,
1) умоўная назва сярэдневяковага мастацтва краін Паўн. Афрыкі і Паўд. Іспаніі 11—15 ст. Узнік ад зліцця маст. традыцый Араб. халіфата, бербераў і вестготаў. Дамінаваў у архітэктуры: мячэці з унутр. дваром і адкрытай у яго шматнефавай малітоўнай шматстоўпнай залай, квадратныя ў плане мінарэты-вежы, палацы. У пабудовах выкарыстоўваліся шматлопасцевыя, стральчата-падковападобныя і фестончатыя аркі, сталактытавыя купалы, столі артэсанада, фрызы, карнізы, у аздабленні — насценная разьба па стука і дрэве, абліцоўка калон кафляй, керамічная і шкляная мазаіка, вітражы, каляровы мармур. Стыль развіваўся ад яснай тэктанічнасці форм са стрыманым дэкорам (Вялікая мячэць у Алжыры) да іх зрокавага растварэння ў дэкар. аздабленні (палац-крэпасць Альгамбра ў Гранадзе, сярэдзіна 13 — канец 14 ст.). Дэкор пабудоў і прадметаў прыкладнога мастацтва вызначаўся павышана-дэкар. арнаментам з расл., геам. і эпіграфічнымі матывамі (размаляваная люстрам фаянсавая «Ваза Фартуні» з Альгамбры).
2) Адзін з гіст. стыляў 2-й пал. 19 ст., заснаваны на выкарыстанні матываў дэкору маўрытанскай архітэктуры 11—15 ст. (будынкі сінагог у Берліне, Будапешце, Ужгарадзе, асабняк Марозавых у Маскве, 1894, арх. В.Мазырын, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ЗА́МКАВАЯ ЦАРКВА́.
Будаўніцтва вялося ў пач. 12 ст. (паводле меркавання Э.М.Загарульскага, паміж 1069 і 1073) на правым беразе р. Свіслач у раёне сучаснай пл. 8 Сакавіка ў Мінску (тэр.Мінскага замка); па невядомых прычынах не было скончана. Помнік даследавалі В.Р.Тарасенка (1949—51), Г.В.Штыхаў (1976). Мураваны храм пачалі будаваць з бутавага каменю пасля моцнага пажару, які знішчыў забудову дзядзінца горада і, верагодна, драўляную царкву, якая тут была раней. На яе месцы былі зроблены падмуркі, ніжнія ч. апсід, паўд. і зах. сцен. Паводле плана падмуркаў меркавалася паставіць кампактны 4-слуповы крыжова-купальны храм, амаль квадратны ў плане, з 3 паўавальнымі апсідамі. На ўнутр. сценах храма захавалася абліцоўка з добра апрацаваных плітак, вырабленых з наздраватага даламіту. На ПнУ ад царквы выяўлены яма для прыгатавання вапны (пл. 25 м²) і пляцоўка майстэрні, дзе абчэсвалі пліткі. Царква не мае аналагаў у стараж.-рус.манум. буд-ве. Амаль праз стагоддзе пасля спынення буд-ва царквы на яе месцы ўзнік хрысц. могільнік знатных гараджан. Выяўлена 21 пахаванне 13 ст. ў дамавінах скрынкавага тыпу з вял. хваёвых дошак на шыпах без цвікоў. Некат. векі дамавін абкладзены бяростай. У 1967 за 30 м ад падмуркаў М.з.ц. пабудаваны яе муляж. Самі падмуркі знаходзяцца ў некранутым выглядзе на глыбіні 0,5—2,1 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУХАРА́,
горад ва Узбекістане, цэнтр Бухарскай вобл., у даліне р. Зераўшан. 224 тыс.ж. (1994). Чыг. станцыя. Лёгкая (каракулевая, бавоўнаачышчальная, швейная, трыкат., шоўкаматальная), харчасмакавая (маслаэкстракцыйная, малочная, кандытарская і інш.), мэблевая прам-сць. Старадаўнія маст. промыслы (залаташвейны, шаўкаткацкі, чаканка па медзі і інш.). Пед.ін-т. Тэатр.
Засн. каля 1 ст.н. э. У 709 заваявана арабамі, значны гандлёва-рамесны і культ. цэнтр Сярэдняй Азіі. У 9—10 ст. сталіца Саманідаў дзяржавы, у канцы 10 ст. захоплена качэўнікамі, у 1220 Чынгісханам, у 1370 Цімурам, на пач. 16 ст. качэўнікамі-узбекамі, увайшла ў склад Шайбанідаў дзяржавы і стала яе сталіцай. З сярэдзіны 16 ст. сталіца Бухарскага ханства. З 1868 у складзе Расіі. У 1920—24 сталіца Бухарскай народнай савецкай рэспублікі, з 1925 ва Узбекістане, цэнтр Зераўшанскай акр., з 1938 Бухарскай вобл.
Бухара горад-музей, у якім захавалася каля 140 помнікаў архітэктуры. Найб. значныя: маўзалей Ісмаіла Самані (9—10 ст.), медрэсэ Улугбека (1417), ансамбль медрэсэ Міры-Араб (1535—36) і саборнай мячэці Калян (1514) з мінарэтам (1127), медрэсэ Абдулазіз-хана (1651—52). У 18—19 ст.маст. традыцыі захоўвала нар. дойлідства. Горад значна захаваў арх.-планіровачную структуру абкружанага сцяной Старога горада з магутнай цытадэллю (18—19 ст.) і традыц. жылымі дамамі з разьбой і размалёўкай у інтэр’ерах. Сучаснае буд-ва не закранае ансамбль Старога горада. Сярод помнікаў у наваколлі Бухары: мячэць-намазга (1119—20), ханакі Файзабад (1598—99) і Бехаўдзіна (1544—45), мемарыяльны ансамбль Чар-Бакр (мячэць, ханака і медрэсэ, 1560—63), палац эміраў Сітараі-махі-хаса (канец 19 ст. — 1918).
Да арт.Бухара. Медрэсэ Улугбека. 1417.Да арт.Бухара. Керамічная абліцоўка медрэсэ Кукельташ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРНА́МЕНТ (ад лац. ornamentum упрыгожанне),
узор з рытмічна ўпарадкаваных элементаў для аздаблення твораў выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва, прадметаў побыту, арх. збудаванняў і інш. У залежнасці ад твора, яго формы, матэрыялаў, спосабу выканання можа быць маляваны, разьбяны, вышываны, тканы, плецены, інкруставаны, набіваны, гравіраваны і інш. Паводле характару бывае геаметрычны, раслінны (пальмета, акант), тэраталагічны (стылізаваныя малюнкі звяроў, птушак), камбінацыі геам. і раслінных матываў (арабескі). У якасці матываў арнаменту выкарыстоўваюць розныя знакі і эмблемы (гербы). Вядомы ўсім народам свету, вобразна адлюстроўвае іх нац. асаблівасці, характар пануючага маст. стылю. На Беларусі арнамент вядомы з часоў палеаліту, асабліва разнастайны ў эпоху неаліту. Тагачаснаму арнаменту на вырабах з косці, дрэва, гліны надавалася сэнсавае і магічнае значэнне. Спецыфічныя рысы набыў у працэсе фарміравання бел. народнасці ў 13—16 ст., развіваўся ва ўзаемадзеянні з культурай інш. народаў. Адметнасцю вызначаюцца разьбяныя па ляўкасе арнаментальныя фоны бел. абразоў 16—18 ст. Шырокую вядомасць набыла беларуская рэзь, арнамент на слуцкіх паясах, кафлі, вырабах урэцка-налібоцкага шкла і інш.Нац. рысы арнаменту найб. ярка ўвасобіліся ў нар.дэкар.-прыкладным мастацтве. У вышыўцы і ткацтве пераважае геам. (пераважна рамбічны) чырвона-чорны арнамент на белым фоне палатна; у разьбяным дэкоры на прадметах побыту — зубчыкі, крыжыкі, шматпраменныя разеткі; у аздабленні нар. жылля — геам. салярны, стылізаваны раслінны і зааморфны. У цяперашні час арнамент. страціў сваё сімвалічнае значэнне і выконвае чыста дэкар. ролю. Лепшыя ўзоры бел. арнаменту, узбагачаныя сучаснай рэчаіснасцю, выкарыстоўваюцца ў лёгкай і маст. прам-сці, архітэктуры, дэкар.-прыкладным мастацтве, маст. творчасці.
Літ.:
Соколова Т. Орнамент — почерк эпохи: [Альбом]. Л., (1972);
Беларускі народны арнамент: [Альбом]. Мн., 1955;
Peesch R. Ornamentik der Volkskunst in Europa. Leipzig, 1981.
Я.М.Сахута.
Ручнік з арнаментам. Мінская фабрыка мастацкіх вырабаў «Мастра». 1990-я г.Да арт.Арнамент. 1. Вязанне. 1920. Магілёўская вобл. 2. Вышыўка. 18 ст. 3. Тканіна. 1920. Гродзенская вобл. 4, Тканіна. 1950. Гомельская вобл. 5. Тканіна. Канец 19 ст. Мінская вобл. 6. Посцілка. 1900. Піншчына. 7. Фрагмент ручніка. 1934. Талачынскі р-н, Віцебская вобл. 8. Вышыўка. 1920. Брэсцкая вобл.Да арт.Арнамент. Франтыспіс Карана Аргун-шаха. Егіпет. 1368—88.Да арт.Арнамент. Ворсавы дыван «Мараза». Шырванская група. Пач. 19 ст.Да арт.Арнамент. Маёлікавая абліцоўка сцен у палацы Таш-Хаўлі ў Хіве. 1830-я г.