Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АБЛЫСЕ́ННЕ, пляшывасць,
алапецыя, парадзенне, поўнае або частковае выпадзенне (адсутнасць) валасоў. Лакалізуецца пераважна на галаве; можа быць часовым і стойкім. Пашыраная з’ява ў старэчым узросце, у перыяд старэчай інвалюцыі. Спрыяюць аблысенню нервова-псіхічныя і эндакрынныя захворванні, хваробы і пашкоджанні скуры, радыеактыўнае апрамяненне, інтаксікацыі. Прыроджанае аблысенне — у асноўным спадчынная хвароба, трапляецца рэдка; набытае аблысенне назіраецца пераважна ў мужчын, у жанчын у асноўным праяўляецца толькі парадзеннем валасоў. Адрозніваюць таксама гнездавое аблысенне — выпадзенне валасоў на адным або некалькіх абмежаваных участках скуры, татальнае — на ўсёй галаве і на інш. участках цела, рубцаватае — на змененых участках скуры (напр., пры фурункулёзе, траўмах, грыбковых хваробах і г.д.). Аблысенне бывае і ў дзяцей. На лячэнне выкарыстоўваюць сасударасшыральныя прэпараты, глюкакартыкоідныя гармоны, агульнаўмацавальныя сродкі, полівітаміны, некаторыя амінакіслоты, фізія- і іголкарэфлексатэрапію.
Г.Г.Шанько.
т. 1, с. 27
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕРВІТАМІНО́ЗЫ
[ад гіпер... + вітаміны + ...оз(ы)],
атручэнні ад лішку ў арганізме вітамінаў A (рэцінолу) і D (кальцыферолу). Лішак вітаміну A бывае ад празмернага ўжывання яго ці прадуктаў з гэтым вітамінам. Прыкметы гіпервітамінозаў A: агульная слабасць, аблысенне; лушчыцца скура, на ёй з’яўляюцца струпы. Лішак вітаміну D бывае найчасцей ад няправільнага ўжывання вітаміну D для прафілактыкі рахіту. Прыкметы: рэзкае пахудзенне, дыспепсія, парушэнне дзейнасці нерв. сістэмы, адкладанне солей кальцыю ў нырках, калясустаўных сумках, мышцы сэрца і інш. Лячэнне: спыненне прыёму вітамінаў.
т. 5, с. 256
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАСО́Ў ХВАРО́БЫ , агульныя або мясцовыя парушэнні росту і развіцця валасоў, выкліканыя паталагічным уздзеяннем вонкавых ці ўнутр. фактараў. Выяўляюцца заўчасным выпадзеннем (гл. Аблысенне) або празмерным развіццём валасянога покрыва (гл. Гіпертрыхоз), зменамі структуры і ўласцівасцяў валасоў (ломкасць, сухасць, расшчапляльнасць і інш.). Узнікаюць ад парушэння абмену рэчываў, функцый нерв. і эндакрыннай сістэм, уздзеяння фіз. фактараў (мех., тэмпературных, хім.), інфекц. і грыбковых скурных хвароб (мікраспарыя, себарэя, трыхафітыя, фавус і інш.), няправільнага догляду і інш.
Да анамалій росту і развіцця валасоў адносяцца абмежаваная сіметрычная алатрыхія валасяной ч. галавы (ачагі стончаных, бясколерных, спіральна закручаных валасоў пасярод нармальных), прыроджаная алапецыя (поўная адсутнасць валасоў у дзяцінстве), урослыя, кольчатыя, перакручаныя, плоскія, раздвоеныя, пучкаватыя валасы, манілетрыкс (спадчынная дыстрафія валасоў), трыхіяз (анамалія росту вейкаў — яны загінаюцца да рагавіцы вока і траўміруюць яе) і інш. Сярод інш. валасоў хвароб нярэдкія алапецыі заўчасная, ачаговая і сімптаматычная з характэрнымі для кожнай варыянтамі выпадзення валасоў, заўчаснае пасівенне (парушаны абмен пігментаў валасоў), розныя віды трыхаклазіі (дыстрафічныя змены валасоў, якія выяўляюцца іх павышанай ломкасцю) і інш. Дыягназ валасоў хвароб ставяць на падставе клінічных прыкмет і мікраскапіі пашкоджаных валасоў. Лячэнне залежыць ад прычыны захворвання, спалучаецца з пэўнай схемай гігіенічнага догляду валасоў.
М.З.Ягоўдзік.
т. 3, с. 473
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)