АБКЛА́ДКА падземнага збудавання,

канструкцыя для замацавання падземных вырабатак і ўтварэння ўнутранай паверхні падземных збудаванняў. Форма і памеры абкладкі залежаць ад прызначэння збудавання: для метрапалітэна, вадавода, тунэля, падземнай ГЭС і інш. Бывае апорная (разлічана на ўздзеянне нагрузкі) і абліцовачная (для аховы горных парод ад разбурэння); з маналітнага бетону або жалезабетону, зборнага жалезабетону, металу, таксама і камбінаваная, з абліцоўкай дэкар. матэрыяламі.

Уніфікаваная зборная жалезабетонная абкладка тунэляў метрапалітэна: а — з блокаў кругавога абрысу; б — з прамавугольных блокаў.

т. 1, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ХВА,

1) абкладка розных органаў у жывёл і раслін (напр., П. нервовага валакна, П. ліста — ніжняя ч., расшыраная ў выглядзе жалабка або трубкі). Наяўнасць (або адсутнасць) і форма П. — пастаянная прыкмета ў сістэматыцы раслін.

2) Уцінанне скурных покрываў у жывёл, якое служыць умяшчальняй некат. органаў (напр., П. языка ў змей).

3) Канечны аддзел палавых праток самак млекакормячых (акрамя аднапраходных), што злучае шыйку маткі і мочапалавы сінус, які ўтварае пераддзвер’е П. У жанчын — мышачная расцяжная трубка ў малым тазе паміж мачавым пузыром і мочаспускальным каналам спераду і прамой кішкай ззаду.

т. 12, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДЭНСА́ТАР ЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ,

прылада для назапашвання электрычных зарадаў. Мае 2 ці больш электродаў (абкладкі), раздзеленых дыэлектрыкам, таўшчыня якога значна меншая за памеры абкладак. Асн. характарыстыкі — электраёмістасць і тангенс вугла страт (гл. Дыэлектрычныя страты). Адрозніваюць К.э. папяровыя, керамічныя, паўправадніковыя, слюдзяныя, электралітычныя (дыэлектрык — вокіс алюмінію ці танталу), з вадкім ці газападобным дыэлектрыкам і інш.; пастаяннай, паўпераменнай (настроечныя — трымеры) і пераменнай ёмістасці. К.э. і іх батарэі выкарыстоўваюць у электра- і радыётэхніцы, тэлебачанні, электроніцы, выліч. тэхніцы і інш. Гл. таксама Варыкап, Варыконд.

Будова кандэнсатараў электрычных: а — папяровых; б — слюдзяных; в — паветраных; 1 — абкладка (фольга); 2 — дыэлектрык; 3 — ротарныя пласціны; 4 — статарныя пласціны.

т. 7, с. 582

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)