АСКЛЕ́ПІЙ,

у грэчаскай міфалогіі бог лячэння, сын Апалона і німфы Караніды. Уменню лячыць навучыўся ў кентаўра Хірона. Калі Асклепій наважыўся ўваскрашаць памерлых, Зеўс забіў яго маланкай. Асклепія ўяўлялі ў вобразе барадатага мужчыны ў доўгім плашчы, які абапіраўся на абвіты змяёй кій. Асклепій быў асабліва папулярны ў г. Эпідаўр; найб. вядомыя свяцілішчы Асклепія на в-ве Кос, у г. Пергам, пры іх існавалі мед. школы. Яму прысвячалі рэльефы на свяцілішчах, яго выявы былі на гемах і манетах. У рым. міфалогіі Асклепію адпавядае Эскулап.

Асклепій. Рымская копія з грэчаскага арыгінала. 4 ст. да н.э.

т. 2, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНУМЕ́НТ ПЕРАМО́ГІ ў Мінску,

помнік у гонар перамогі сав. народа над фаш. Германіяй і на ўшанаванне памяці воінаў Сав. Арміі і партызан, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Устаноўлены ў 1954 на Перамогі плошчы (арх. Г.​Заборскі, У.​Кароль) Мае форму абеліска (выш. каля 40 м), абліцаванага шэрым гранітам і завершанага выявай ордэна Перамогі; яго грані рытмічна расчлянёны палосамі, стылізаванымі пад бел. арнамент. На 4 гранях пастамента размешчаны бронз. гарэльефы: «9 мая 1945 г.» (скульпт. А.​Бембель), «Савецкая Армія ў гады Вялікай Айчыннай вайны» (скульпт. С.​Селіханаў), «Слава загінуўшым героям» (скульпт. З.​Азгур), «Партызаны Беларусі» (скульпт. А.​Глебаў). Як сімвал перамогі на базе абеліска ляжыць абвіты лаўровай галінкай меч (скульпт. С.​Салтыкоў). Ступеньчаты стылабат з 4 бакоў фланкіраваны вянкамі (скульпт. С.​Адашкевіч). У 1961 каля падножжа манумента запалены Вечны агонь. У 1984 пляцоўка перад манументам атрымала новае маст.-арх. афармленне.

М.​М.​Яніцкая.

Манумент Перамогі.

т. 10, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРБ ДЗЯРЖА́ЎНЫ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

сімвал дзярж. суверэнітэту Рэспублікі Беларусь. Быў устаноўлены Законам Рэспублікі Беларусь ад 19.9.1991. Эталон герба і Палажэнне аб ім зацверджаны Пастановай Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь ад 10.12.1991. Уяўляў сабой узбр. конніка ў руху, які трымае ў правай руцэ гарызантальна падняты меч, у левай — шчыт з шасціканцовым залатым крыжам (гл. таксама «Пагоня»), Аўтары эталона герба У.​Крукоўскі і Я.​Кулік. Па выніках праведзенага 14.5.1995 рэсп. рэферэндуму, адным з пытанняў якога было ўстанаўленне новых Герба дзяржаўнага і Сцяга дзяржаўнага Рэспублікі Беларусь, Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7.6.1995 зацверджаны новы эталон герба і Палажэнне аб ім. Уяўляе сабой геагр. контур Рэспублікі Беларусь у прамянях сонца над зямным шарам. Зверху пяціканцовая чырв. зорка. Выяву абрамляе вянок з каласоў, пераплеценых справа кветкамі канюшыны, злева — лёну. Каласы абвіты чырвона-зялёнай стружкай, на якой надпіс золатам: «Рэспубліка Беларусь».

Літ.:

Заканадаўчыя акты аб дзяржаўнай сімволіцы Рэспублікі Беларусь. 2 выд. Мн., 1994;

Дзяржаўны герб і Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь. Мн., 1997;

Герб и флаг Белорусской державы. Мн., 1997.

т. 5, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІТА́РА (ісп. guitarra ад грэч. kithara кіфара, цытра),

струнны шчыпковы муз. інструмент тыпу лютні. Сучасная гітара складаецца з драўлянага корпуса з глыбокімі выемкамі па баках і плоскімі дэкамі (на верхняй — круглая рэзанатарная адтуліна), шыйкі з грыфам (на грыфе 19—24 метал. лады), галоўкі з калкамі. Струны (6) металічныя ці нейлонавыя (адпаведна 4 ці 3 ніжнія абвіты метал. каніцеллю), часам двайныя рады струн (2 верхнія настройваюцца ва унісон, 4 ніжняя — у актаву). Звычайная настройка: E(D)-A-d-g-h-e​1 (натуецца на актаву вышэй). З пач. 19 ст. вядома 7-струнная, т.зв. руская гітара квартава-тэрцавай настройкі: D-G-н-d-g-h-d​1. Гукарад храматычны. Прыёмы гуказдабывання: шчыпок вял. пальцам ніжніх струн, указальным, сярэднім і безыменным — верхніх, бразганне па ўсіх струнах, зашчыпванне плектрам. Гучанне гітары мяккае, тэмбрава разнастайнае, добра спалучаецца з чалавечым голасам і некат. муз. інструментамі. Выкарыстоўваецца як сольны інструмент і для акампанементу.

Інструменты тыпу гітары былі вядомы ў Іспаніі з 13 ст. У інш. краінах Еўропы гітара пашырана з сярэдзіны 18 ст. Да таго часу адносяцца і найб. раннія сведчанні пра яе на Беларусі (выява на фрэсках Слонімскай сінагогі). Спачатку бытавала сярод магнатаў і шляхты, у 19 ст.інш. слаёў насельніцтва. З 1920—30-х г. у бел. нар. муз. практыцы разам з мандалінай, балалайкай, скрыпкай і басэтляй уключалася ў склад т.зв. струннай музыкі. У апошні час у эстраднай музыцы і джазе выкарыстоўваюць электрагітары з некалькімі гуказдымальнікамі і т.зв. тэмбраблокам. Сярод вядомых прафес. гітарыстаў А.Сеговія, А.Сіхра, А.Іваноў-Крамской, з бел. — Я.​Грыдзюшка, У.Захараў, В.​Жывалеўскі.

І.​Дз.​Назіна.

т. 5, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)