Грамадскі абвінаваўца 3/596
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМА́ДСКІ АБВІНАВА́ЎЦА,
асоба, якая па даручэнні грамадскай арганізацыі або працоўнага калектыву прымае ўдзел у судовым разглядзе справы і выконвае функцыі грамадскага абвінавачання. Грамадскі абвінаваўца самастойны ўдзельнік судовага працэсу і не звязаны з пазіцыяй па справе дзярж. абвінаваўцы — пракурора. Ён мае права адмовіцца ад абвінавачання, калі даныя судовага следства даюць для гэтага падставу. Працэсуальнае становішча грамадскага абвінаваўцы ў Рэспубліцы Беларусь рэгламентавана крымінальна-працэсуальным заканадаўствам.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 5, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ АБВІНАВА́ЎЦА,
службовая асоба, якая падтрымлівае перад судом абвінавачанне па крымінальнай справе. У Рэспубліцы Беларусь, некаторых інш. краінах функцыі Дз.а. выконвае пракурор. Удзел Дз.а. ў суд. разборы спраў — адна з формаў пракурорскага нагляду за выкананнем законнасці. Парадак удзелу Дз.а. ў суд. разборы рэгламентуецца працэсуальным заканадаўствам.
т. 6, с. 146
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПРЭ́ЧКІ СУДО́ВЫЯ,
частка судовага разбору, што наступае пасля заканчэння судовага следства. У іх бяруць удзел суб’екты крымін. працэсу для падвядзення вынікаў разгляду справы. У сваіх прамовах яны аналізуюць даследаваныя ў пасяджэнні доказы і выказваюць суду свае меркаванні адносна акалічнасцей справы, віны абвінавачанага, юрыд. кваліфікацыі яго дзеянняў і якой меры пакарання, на думку ўдзельніка С.с., заслугоўвае абвінавачаны, калі суд знойдзе падставы для яго асуджэння. У С.с. удзельнічаюць: дзярж. і прыватныя абвінаваўцы, пацярпелыя, грамадзянскія істцы і адказчыкі або іх прадстаўнікі, абаронца. Першым выступае абвінаваўца. Паслядоўнасць выступленняў інш. удзельнікаў С.с. устанаўлівае суд. Парадак С.с. рэгламентуецца працэсуальным заканадаўствам.
т. 15, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫШЫ́НСКІ Андрэй Януаравіч (10.12.1883, г. Адэса, Украіна — 22.11.1954),
савецкі дзярж. дзеяч, дыпламат, юрыст. Акад. АН СССР (1939). Скончыў Кіеўскі ун-т (1913). З 1915 на юрыд. і адм. рабоце. З 1931 у органах пракуратуры РСФСР. У 1935—39 ген. пракурор СССР. У 1937—41 дырэктар Ін-та права АН СССР, у 1939—44 нам. старшыні СНК СССР, у 1940—49 нам. міністра. У 1949—53 міністр замежных спраў СССР. У 1953—54 пастаянны прадстаўнік СССР у ААН. Дзярж. абвінаваўца на многіх фальсіфікаваных працэсах 1930-х г. у СССР. Дэп. Вярх. Савета СССР з 1937. Тэарэт. палажэнні, выкладзеныя ў яго работах (прызнанне абвінавачанага як гал. доказ віны), былі накіраваны на абгрунтаванне грубых парушэнняў законнасці, масавых рэпрэсій.
Літ.:
Инквизитор: Сталинский прокурор Вышинский. М., 1992.
т. 4, с. 330
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЛЕ́НКА Мікалай Васілевіч (14.5.1885, в. Бяхцееўка Сычоўскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 29.7.1938),
савецкі дзярж. дзеяч, юрыст. Д-р дзярж. і прававых н. (1934). Скончыў Пецярбургскі (1909) і Харкаўскі (1914) ун-ты. Чл. Камуніст. партыі (з 1904), яе ЦКК (1927—34). Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. У 1914—15 у эміграцыі. З крас. 1916 у арміі на Паўд.-Зах. фронце, дзе ўдзельнічаў у рэв. руху. Удзельнік Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917, ліквідацыі Стаўкі Вярх. галоўнакамандуючага ў Магілёве. Чл. 1-га Сав. ўрада: чл. к-та па ваен. і марскіх справах; нарком па ваен. справах і вярх. галоўнакамандуючы рас. арміяй (ліст. 1917 — сак. 1918). З сак. 1918 у органах сав. юстыцыі; да 1931 дзярж. абвінаваўца на буйных паліт. працэсах. У 1922—31 старшыня Вярх. трыбунала пры ВЦВК, нам. наркома юстыцыі, пам. пракурора, пракурор РСФСР. З 1931 нарком юстыцыі РСФСР, з 1936 — юстыцыі СССР. Працы па суд. ладзе і крымін. праве. Рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна.
т. 8, с. 507
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)