Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АБА́ЦТВА,
вялікі каталіцкі манастыр з маёмасцю і зямельнымі ўладаннямі, якім кіруе абат ці абатыса. Падпарадкоўваецца епіскапу, часам непасрэдна рымскаму папу. Паявіліся абацтвы ў 5—6 ст., уплывалі на рэліг., эканам. і паліт. жыццё Зах. Еўропы. У перыяд Рэфармацыі і асабліва ў ходзе бурж. рэвалюцый 18 ст. страцілі сваё значэнне. Часткова захаваліся ў Іспаніі, Францыі, Італіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́НТЭРБЕРЫ (Canterbury),
горад на ПдУ Вялікабрытаніі, на У ад Лондана, у графстве Кент. Узнік у 1 ст.н.э. на месцы кельцкага паселішча, якое змяніў рым. лагер. У 6—8 ст. сталіца англа-саксонскага каралеўства Кент. 131 тыс.ж. (1991). Чыг. станцыя, вузел аўтадарог. Невялікія прадпрыемствы гарбарнай, харч., электратэхн., паліграф. прам-сці. Ун-т. У К. самая стараж. ў краіне епіскапская кафедра і абацтва (засн. ў 597). Архіепіскап Кентэрберыйскі — кіраўнік англіканскай царквы. У К. Каралеўскі музей (маст. галерэя, старажытнасці Кента). Кентэрберыйскі сабор (1070—1503), абацтвасв. Аўгусціна і царква св. Марціна занесены ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБА́Т [лац. abbas (abbatis) ад грэч. abba бацька],
настаяцель каталіцкага манастыра — абацтва (настаяцельніца — абатыса). Першапачаткова паводле статута выбіраўся манахамі і зацвярджаўся епіскапам, фактычна назначаўся свецкімі магнатамі. У больш агульным значэнні — свяшчэннаслужыцель у каталіцкай царкве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ДУКІНД (Widukind, Witikind, Wittekind) Корвейскі (каля 925 — пасля 973), нямецкі сярэдневяковы гісторык, саксонскі бенедыкцінскі манах абацтва Корвей у Вестфаліі. Аўтар «Гісторыі саксаў» (у 3 кн., даведзена Відукіндам да 967; прадоўжана невяд. аўтарам да 973), у якой апісаны падзеі паліт. і ваен. жыцця саксаў (войны з венграмі і славянамі) і дзейнасць першых двух герм. каралёў Саксонскай дынастыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНІВА́Р (Bonnivard, Bonivard) Франсуа дэ (лют. 1493, Савоя — канец 1570), швейцарскі паліт. дзеяч, гуманіст. З 1514 прыёр абацтва Сен-Віктор каля Жэневы. У 1528 удзельнічаў у барацьбе за незалежнасць Жэневы ад герцага савойскага Карла III, за што ў 1530 зняволены ў падзямелле Шыльёнскага замка (Банівар — прататып «Шыльёнскага вязня» Дж.Байрана). У 1536 вызвалены бернцамі, якія паўсталі. Пакінуў жэнеўскія хронікі (выд. Ў 1831).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЎР (Le Havre),
горад на Пн Францыі, марскі аванпорт Парыжа, у вусці р. Сена. Засн. ў 1517. 197 тыс.ж., з прыгарадамі каля 300 тыс.ж. (1994). Адзін з найб. партоў краіны (грузаабарот больш за 50 млн.т, з іх 60% нафта). Прам-сць: суднабудаванне і інш. галіны машынабудавання, нафтаперапр., хім., цэм., баваўняная, харч., каляровая металургія. Акіянаграфічны ін-т. Арх. помнікі 17—18 ст. Каля Гаўра ў царкве абацтва Гравіль-Сент-Анарын (11—14 ст.) — музей сярэдневяковай скульптуры і археалогіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛО́МБ ((Colombe) Мішэль) (каля 1431, Брэтань, Францыя — пасля 1512),
французскі скульптар. Працаваў у Туры і Нанце. Спалучаў традыцыі готыкі і элементы італьян. рэнесансавай пластыкі (пераважна ў арнаменце), што паклала пачатак скульптуры франц. Адраджэння. Аўтар медаля ў гонар уезду Людовіка XII у Тур (каля 1500), надмагілля герцага Францыска II Брэтонскага і Маргарыты дэ Фуа з іх партрэтнымі скульптурамі і 4 статуямі дабрачыннасцей (1502—07, сабор у Нанце), рэльефу «Св. Георгій перамагае дракона» з пейзажным фонам (1508—09). Яму прыпісваюць групу «Палажэнне ў труну» (1496, абацтваг. Салем).
М.Каломб. Святы Георгій перамагае дракона. 1508—09.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРМІЁН ((Marmion) Сімон) (каля 1420—25, г. Ам’ен, Францыя — 24.12. 1489),
французскі жывапісец і мініяцюрыст. Зазнаў уплыў паўд.-нідэрл. жывапісу 15 ст. Яго мініяцюры, стылістычна блізкія да станковага жывапісу, вызначаліся вытанчанасцю стылю, гарманічным каларытам, дэталізаванай кампазіцыяй, жыццёвай канкрэтнасцю і элегантнасцю партрэтных характарыстык, тонкасцю пейзажных фонаў: мініяцюры, якія захоўваюцца ў Каралеўскай б-цы ў Бруселі, «Вялікай хронікі Сен-Дэні», «Вялікіх французскіх хронік» (каля 1454—58). М. прыпісваюць аўтарства жывапісных рэліг. кампазіцый для алтара з абацтвасв. Бертэна ў Сент-Амеры: 2 пано «Сцэны з жыцця св. Бертэна» і 2 пано «Анёлы» (завершаны ў 1459).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЎРЫ́СТЫ (Mauristes),
кангрэгацыя св. Маўра, французская манаская кангрэгацыя ордэна бенедыкцінцаў у 1618—1790 (цэнтр — парыжскае абацтва Сен-Жэрмен-дэ-Прэ). Дзейнічалі ў агульным рэчышчы контррэфармацыі. Каб абараніць каталіцкую царкву ад крытыкі пратэстантаў, сабралі, вывучылі і апублікавалі вялізны сярэдневяковы рукапісны матэрыял, выдалі гісторыю бенедыкцінцаў, шматтомныя гісторыі асобных франц. правінцый (Лангедока, Брэтані і інш.), гісторыю франц. л-ры (больш за 40 тамоў). Выпрацавалі правілы вызначэння сапраўднасці месца і часу складання дакумента, паклалі пачатак палеаграфіі, дыпламатыцы і інш. дапаможным гіст. дысцыплінам. Найб. значныя прадстаўнікі — Ж.Мабільён, Б.Манфакон. Кангрэгацыя скасавана ў 1790 у час Франц. рэвалюцыі 1789—99.